Адпраўляючыся ў замежныя падарожжы, беларусы звычайна аддаюць перавагу гатовым турам — маўляў, мясцовыя лепш ведаюць, што паказваць. На жаль, за прыгажосьцю чужых гарадоў часам застаецца незаўважаным іх беларускі складнік. Пры гэтым няпроста знайсьці такую краіну, дзе славутыя беларусы не пакінулі б сьлядоў.
Вільня
Ад часу зьяўленьня гораду ў статусе сталіцы Вялікага Княства Літоўскага і па сёньня тут стваралася гісторыя Беларусі. Гедымінава Замкавая гара, друкарня Скарыны, апетая не адным пакаленьнем беларусаў Вострая Брама, «філямацкі» Віленскі ўнівэрсытэт, мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём Адама Міцкевіча, трагічная для Кастуся Каліноўскага Лукіская плошча, будынак суду, дзе працаваў адвакатам Францішак Багушэвіч, шматлікія памяшканьні рэдакцыяў «Нашай Долі» і «Нашай Нівы», падпольле Максіма Танка, любімыя мясьціны Караткевіча і, безумоўна, могілкі Росы, дзе пахаваныя дзясяткі нашых выбітных суайчыньнікаў — пералічыць усё проста немагчыма.
Тысячы гісторыяў беларускай Вільні пераплятаюцца адна з адной. Той жа Караткевіч некалі прыгадваў, як 10 сакавіка 1964 году, калі спаўнялася роўна сто гадоў з часу забойства Каліноўскага царскімі ўладамі, прайшоў па апошнім шляху беларускага паўстанца: ад Дамініканскіх муроў да Лукіскай плошчы, а пасьля — на месца, дзе хавалі павешаных, побач з гарой Гедыміна, і там сустрэў досьвітак. Дарэчы, у турме побач з Лукішкамі адбываў пакараньне і Максім Танк.
Своеасаблівым сымбалем цяперашніх паездак беларусаў у Літву можна лічыць і жартаўлівую рыфмоўку «па дарозе ў „Бочу“ нікуды ня збочу», якую таксама прыпісваюць Караткевічу — так ён сказаў пра любімы рэстаран Bočių, што быў за савецкім часам у старым горадзе.
Санкт-Пецярбург
Верагодна, больш за ўсё гарадоў зь вялікай «беларускай» мінуўшчынай ці сучаснасьцю — у Расеі. Можна распавядаць пра этнічна беларускія Бранск і Смаленск. Хапае і даволі экзатычных варыянтаў — у далёкай Сыбіры, пад Іркуцкам, існуе вёска Тургенеўка (пра яе некалькі гадоў таму пісала «Свабода»), дзе ўжо больш як сто гадоў жывуць і захоўваюць сваю культуру нашчадкі беларусаў з Гарадзенскай губэрні.
Але, відаць, наймацнейшы ўплыў на лёс нашай краіны зрабіў Санкт-Пецярбург. На думку дасьледчыка Міколы Нікалаева, які ў 2009 годзе выдаў кнігу пад назвай «Беларускі Пецярбург», у XIX стагодзьдзі гэты горад быў на першым месцы ў сьвеце па колькасьці жыхароў-беларусаў — каля 100 тысяч чалавек.
Вызначальным для гісторыі цэлага шэрагу народаў стаў візыт у Пецярбург у 1755 годзе маладога ўраджэнца беларускага Воўчына — сакратара ангельскага пасла Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Там ён пазнаёміўся з маладой жонкай расейскага насьледніка — Кацярынай, адносіны зь якой наўрад ці былі проста сяброўскія. У 1762 годзе ў выніку перавароту яна стала расейскай імпэратрыцай, а праз два гады, пры ейнай падтрымцы, на трон Рэчы Паспалітай узышоў сам Панятоўскі. Цікава, што пасьля адрачэньня ад кароны ён пераехаў жыць усё ў той жа Пецярбург, дзе і памёр. Нямала часу ў горадзе правёў Міхаіл Клеафас Агінскі, які пасьля вяртаньня на радзіму стаў расейскім сэнатарам і прыкладаў багата намаганьняў, каб аднавіць ВКЛ у межах Расейскай імпэрыі (праект адхіліў імпэратар Аляксандар I).
Найбольш эпахальныя для нашай краіны падзеі адбываліся тут у канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў. Першай «ластаўкай» будучай незалежнасьці стала газэта «Гоман», якую ў 1884 годзе выдавалі студэнты-народнікі Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Выйшла ўсяго два нумары, але менавіта ў іх, пэўна, упершыню прагучала думка пра магчымае самастойнае існаваньне беларускай дзяржавы. У гэтай жа навучальнай установе атрымліваў юрыдычную адукацыю такі тытан беларускага Адраджэньня, як Іван Луцкевіч. Разам з Алаізай Пашкевіч (Цёткай), Вацлавам Іваноўскім і іншымі яны заснавалі першую беларускую палітычную партыю — Беларускую рэвалюцыйную грамаду (пазьней — Беларускую сацыялістычную грамаду), шэраг зьездаў якой праходзіў у Пецярбургу.
Далей — болей: у 1903 годзе беларускія дзеячы Пецярбургу стварылі культурна-асьветніцкую арганізацыю «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры», удзел у якой бралі Антон Нэканда-Трэпка, Францішак Умястоўскі і іншыя. У 1906-м на хвалі пасьлярэвалюцыйнай дэмакратызацыі ўзьнікае першая легальная беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца», намаганьнямі якой выдадзеныя «Беларускі лемантар», «Першае чытаньне для дзетак-беларусаў», зборнікі вершаў Багушэвіча, пераклад «Пана Тадэвуша», творы Дуніна-Марцінкевіча, першыя кнігі Купалы і шмат чаго яшчэ. Базай для суполкі была кватэра легендарнага Браніслава Эпімах-Шыпілы на Васільеўскім востраве.
У 1912 годзе пецярбурскія студэнты арганізавалі Беларускі навукова-літаратурны гурток, старастам у якім быў стваральнік беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч. Дарэчы, зь Пецярбургам зьвязана і жыцьцё яго настаўніка — мовазнаўцы Яўхіма Карскага.
Кіеў
У гісторыі гэтага ўкраінскага гораду безьліч беларускіх старонак. Менавіта ў Кіеў прывёз гвалтам полацкую князёўну Рагнеду князь Уладзімер. Яе пасялілі каля ракі Лыбідзі, у раёне цяперашніх вуліц Фізкультуры, Вялікай Васількоўскай і Дзімітрава. Мястэчка назвалі Прадславіна. У сучасным горадзе ў гонар беларускай князёўны названа Рагнедзінская вуліца. Прыкладна праз 90 гадоў пасьля Рагнеды кіеўскім валадаром, няхай і на кароткія восем месяцаў, стаў яе праўнук Усяслаў Чарадзей.
Унучка Ўсяслава — Прадслава выбрала для сябе лёс манашкі і стала вядомая як асьветніца Эўфрасіньня Полацкая. Напрыканцы жыцьця яна зрабіла далёкае паломніцтва ў Канстантынопаль і Ерусалім. Пасьля маленьня ля Гроба Гасподняга яна захварэла і праз 23 дні памерла. Эўфрасіньню пахавалі ў Феадосіевым манастыры ў Ерусаліме, але ў хуткім часе горад захапілі мусульмане, і мошчы полацкай ігуменьні перавезьлі ў Феадосіеву пячору Кіева-Пячэрскай лаўры. Тут мошчы Эўфрасіньні перабывалі больш за сем стагодзьдзяў — толькі ў 1910 годзе іх перазахавалі ў родным для яе горадзе. А ў Лаўры дагэтуль застаецца частка парэшткаў нябеснай заступніцы Беларусі.
«Беларускі» Кіеў мінулага стагодзьдзя, пэўна, больш за ўсё асацыюецца з асобай Уладзімера Караткевіча. Летам 1944 году ён з маці прыехаў сюды да сваякоў. Пазьней гісторыя гэтага візыту адбілася ў аповесьці «Лісьце каштанаў». У 1949 годзе будучы клясык паступіў на філфак Кіеўскага ўнівэрсытэту, пасьля настаўнічаў у адной зь вёсак Кіеўскай вобласьці. У гэтым горадзе ён пачаў зьбіраць матэрыял для раману «Каласы пад сярпом тваім», вывучаў гісторыю паўстаньня 1863–64 гг. Цяпер у Кіеве побач зь беларускім пасольствам паставілі помнік Караткевічу. Непадалёк, за тры хвіліны хады — дом па адрасе Багдана Хмяльніцкага, 52, дзе і жыў будучы пісьменьнік. Паблізу і знакаміты «чырвоны» корпус Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту, дзе пасьля вайны быў філялягічны факультэт.
Сёлета ў Кіеве зьявіўся яшчэ адзін «беларускі» пункт — гэтым разам месца смутку. На будынку па адрасе Беларуская, 22 разьмясьцілі памятны знак аб ураджэнцах Беларусі, якія загінулі за Ўкраіну. Маюцца на ўвазе Міхаіл Жызьнеўскі, Алесь Чаркашын і Віталь Ціліжэнка. Летам дадалося яшчэ адно такое месца — на рагу вуліц Хмяльніцкага і Івана Франка падарвалі аўтамабіль, у якім ехаў беларускі журналіст Павал Шарамет. Цяпер там таксама стыхійны мэмарыял.
Прага
Калі гаварыць пра краіны, якія не мяжуюць зь Беларусьсю, то найбольш блізкім да нас горадам Эўропы варта назваць Прагу. Адлік можна пачынаць ажно з XV стагодзьдзя — менавіта тады на хвалі руху гусітаў узьнялося паўстаньне супраць новага магчымага караля Сыгізмунда Люксэмбурскага. Паўстанцы прапанавалі карону Ягайлу, але той адмовіўся, бо не хацеў канфрантацыі з каталіцкай царквой. Тады аналягічная прапанова паступіла Вітаўту, але вялікалітоўскі гаспадар прапанаваў паслаць чэхам толькі свайго намесьніка. Гусіты пагадзіліся.
У Прагу рушыў пляменьнік Вітаўта, палкаводзец Жыгімонт Карыбутавіч. Ён распачаў у Чэхіі ваенную кампанію і змусіў імпэратара Сьвятой Рымскай Імпэрыі ўцячы. Пазьней ён быў каранаваны як кароль чэскі і займеў рэзыдэнцыю ў Палацы Ёшта, які захаваўся дагэтуль. Папа Рымскі абвясьціў Карыбутавіча ерэтыком, але загубілі Жыгімонта найперш унутраныя канфлікты паміж гусітамі — ужо праз два гады радыкальныя табарыты вывезьлі яго ў Польшчу, бо падазравалі ў здрадзе.
Дарэчы, пазьней чэхі дамагліся свайго — у 1471 годзе чэскім каралём стаў сын вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка Ўладзіслаў. У горадзе ёсьць Людвікаў замак, пабудаваны якраз каралямі з дынастыі Ягелонаў.
Асаблівая нагода наведаць Прагу ў беларусаў зьявіцца налета — 6 жніўня 2017 году споўніцца 500 гадоў з дня, калі Францішак Скарына выдаў у гэтым горадзе свой «Псалтыр» — першую беларускую друкаваную кнігу. Друкарня знаходзілася ў адным з дамоў на Старамесцкай плошчы. Будынак захаваўся, пра яго пісала «Свабода». Апошнім прытулкам у жыцьці першадрукара таксама стала сталіца Чэхіі. Помнік Скарыну стаіць у комплексе пабудоў былой езуіцкай акадэміі.
Наступная старонка ў гісторыі «беларускай» Прагі зьвязаная з існаваньнем Рады БНР у выгнаньні. У сталіцы Чэхіі ўрад рэспублікі апынуўся ў 1923 годзе, тут жылі яе галоўныя кіраўнікі: Пётра Крэчэўскі і Васіль Захарка. Тут жа з 1940 году жыў сусьветна вядомы опэрны сьпявак Міхал Забэйда-Суміцкі. Усе яны пахаваныя на праскіх Альшанскіх могілках. Найбольш значнай культурніцкай арганізацыяй беларусаў у Празе ў гэты час было Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Францішка Скарыны, створанае ў 1925 годзе. У яго склад уваходзілі такія легендарныя асобы, як Ігнат Дварчанін, Францішак Грышкевіч, Уладзімер Жылка, Янка Станкевіч і іншыя. Таварыства выдавала свой часопіс лацінкаю — «Iskry Skaryny».
Удзел у працы ўраду БНР на эміграцыі брала і знакамітая паэтка Ларыса Геніюш — у Прагу яна пераехала ў 1937 годзе да свайго мужа Янкі. Геніюш займалася ўпарадкаваньнем архіву БНР, за што пасьля паплацілася — па завяршэньні вайны савецкія ўлады дабіліся яе экстрадыцыі, а адной з галоўных мэтаў перасьледу былі якраз дакумэнты выгнанцаў. У сталіцы Чэхіі паэтка жыла па адрасе Heřmanova 1120/7, будынак таксама захаваўся.
Нельга не ўзгадаць і яшчэ пра адну часьцінку Беларусі ў Празе. У 1995 годзе ў сталіцу Чэхіі на запрашэньне Вацлава Гаўла перабралася рэдакцыя Радыё Свабода, у тым ліку і беларуская служба.
Лёндан
Мы ўжо колькі разоў узгадвалі пра Францішка Скарыну — першага чалавека, які надрукаваў кнігу на беларускай мове. Аднак цалкам імаверна, што адзін наш суайчыньнік працаваў з друкарскім станком прыкладна на сорак гадоў раней, хай сябе наборныя шрыфты ў яго былі з лацінскімі літарамі. У 1480 годзе ў Лёндане побач з царквой Усіх Сьвятых зьявілася друкарня, якой кіраваў загадкавы John Lettou або Ян Ліцьвін, меркавана — выхадзец зь Вялікага Княства Літоўскага. Чым гэта не нагода, каб зазірнуць у славуты лёнданскі Сіці?
Сучасная ж беларуская гісторыя Лёндана пачалася пасьля Другой сусьветнай вайны і была зьвязаная ў першую чаргу зь дзейнасьцю эмігрантаў. Ужо ў 1946 годзе тут было створана Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі. У Лёндане беларусы мелі нават сваю навучальную ўстанову — школу-інтэрнат для хлопцаў імя сьвятога Кірылы Тураўскага.
Адметна, што ў Вялікай Брытаніі і, у прыватнасьці, у Лёндане вялікую цікавасьць да беларускіх эмігрантаў выяўляла карэннае насельніцтва. Ужо ў 1954 годзе зьявілася Англа-беларускае таварыства, у якім удзельнічалі ў тым ліку і брытанцы (пераважна навукоўцы-славісты). Пры іхнай падтрымцы ў 1971 годзе ў раёне Норт Фінчлі зьявілася Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны, якая дагэтуль застаецца найбуйнейшай установай такога кшталту па-за межамі Беларусі. У бібліятэцы захоўваюцца выданьні Скарыны, Статуты ВКЛ, першадрукі Ядвігіна Ш., Купалы, Гарэцкага і многіх іншых клясыкаў беларускай літаратуры.
Дагэтуль побач зь бібліятэкай існуе Беларускі рэлігійны і культурны цэнтар імя сьвятога Кірылы Тураўскага, які яшчэ называюць «Марыян Хаўз». На пачатку гэтага дзесяцігодзьдзя будынак перажыў маштабную рэканструкцыю, а цяпер побач зь ім узводзіцца ўніяцкая царква, якая таксама будзе насіць імя Кірылы Тураўскага. Распрацаваны кітайскім архітэктарам і прыхаджанінам беларускай грэка-каталіцкай царквы Рафаэлем Цзыуай Со праект будынку прадугледжвае спалучэньне элемэнтаў сучаснай і традыцыйнай беларускай архітэктуры. Таму, калі вы раптам будзеце ў Лёндане і засумуеце па Бацькаўшчыне, — шукайце Норт Фінчлі.
Саўт-Рывэр
Сюды, у ваколіцы Нью-Ёрку, беларускія эмігранты пачалі зьяжджацца ў канцы 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Чаму менавіта гэтае месца? Славуты беларускі навуковец, адзін з аўтараў амэрыканскай касьмічнай праграмы Барыс Кіт тлумачыў гэта наступным чынам:
«Я выбраў Саўт-Рывэр, бо тут жылі мае знаёмыя. Але тая частка беларусаў, што прыехала ў Саўт-Рывэр да мяне, не была актыўнай, нацыянальна-арыентаванай. Я ж „выпісаў“ зь Нямеччыны (маюцца на ўвазе лягеры для перамешчаных асобаў. — Аўт.) каля 300 нашых сем’яў, якія і стварылі ў Саўт-Рывэры сапраўдны цэнтар беларускасьці ў ЗША».
Насамрэч, і да вайны ў гэтым месцы сяліліся мігранты з былой Расейскай імпэрыі. Але тыя зь іх, што былі этнічнымі беларусамі, нацыянальнай сьвядомасьці звычайна ня мелі: называлі вуліцы імёнамі расейскіх клясыкаў, бралі ўдзел у мерапрыемствах расейскай дыяспары. Таму менавіта Барыса Кіта можна лічыць паўнапраўным пачынальнікам «беларускага» Саўт-Рывэра.
Хто ж накіраваўся ў Амэрыку ў тыя цяжкія часы? Гэта цэлы шэраг нацыянальных дзеячаў, якім вяртаньне ў Беларусь савецкую не абяцала нічога добрага. Варта назваць хаця б імя Міхася Міцкевіча, малодшага брата Якуба Коласа, які ў часы вайны працаваў школьным інспэктарам. Вялікі ўнёсак у разьвіцьцё беларушчыны зрабілі сям’я Кіпеляў, Янка Запруднік, Янка Станкевіч, Юрка Віцьбіч, Вітаўт Тумаш і многія іншыя.
Толькі просты пералік грамадзкіх арганізацыяў, што стварылі беларусы Саўт-Рывэра, дастатковы, каб зразумець маштабы нацыянальнага руху ў гэтым раёне: Беларуска-амэрыканскі дапамогавы камітэт, Беларуска-амэрыканскае студэнцкае аб’яднаньне, Беларускае жаночае згуртаваньне ў Амэрыцы, Згуртаваньне беларуска-амэрыканскіх вэтэранаў у Амэрыцы... На пачатку 70-х эмігранты пабудавалі ў Саўт-Рывэры беларускую царкву сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Зусім побач зь ёй зьявілася і, верагодна, самая значная для нашых суайчыньнікаў установа, якая існуе дагэтуль, — Беларуска-амэрыканскі цэнтар, у якім ладзіліся самыя розныя імпрэзы. Паміж царквой і цэнтрам беларусы насыпалі курган-помнік у гонар змагароў, якія палеглі за незалежнасьць Беларусі. Вядома, ёсьць у Саўт-Рывэры і могілкі, на якіх шмат пахаваньняў нашых суайчыньнікаў, што скончылі сваё жыцьцё ўдалечыні ад радзімы.
Яраслаў Лыскавец для Радыё Свабода