У Віцебску пачынаецца закрыты суд над байцом «Азову» Станіславам Ганчаровым па мянушцы «тэрор-машына»

Станіслаў Ганчароў, беларускі баец украінскага батальёну «Азоў».

Падсудным таксама інкрымінуюць рабаваньне, прымус да выкананьня абавязаньняў, прыцягненьне непаўналетняга да злачынстваў, распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці.

Аднаму з шасьці хлопцаў, чые справы будзе разьбіраць Віцебскі абласны суд, абвінавачаньне было прад’яўленае да дасягненьня 16-гадовага ўзросту; двух вінавацяць у тым ліку за захоўваньне з мэтай распаўсюду і распаўсюджаньне прадметаў парнаграфічнага характару праз інтэрнэт. Гэтыя акалічнасьці сталі падставай для таго, што працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Паводле інфармацыі, якую сёлета ў кастрычніку трансьляваў тэлеканал «Беларусь-1», падсудныя ўваходзілі ў нефармальную групоўку, «ідэйным натхняльнікам» якой быў жыхар Віцебску Станіслаў Ганчароў, які «падаваў прыклад і пастаянна заклікаў сваіх аднадумцаў да прыніжэньня і зьбіваньня людзей неславянскай зьнешнасьці».

Імёны іншых удзельнікаў «нефармальнай групоўкі» не паведамляюцца. Што да Станіслава Ганчарова, то Сьледчы камітэт агучыў пра яго наступную інфармацыю:

«У ходзе сьледзтва ўстаноўлена, што ў кастрычніку 2013 году абвінавачваны, знаходзячыся ў горадзе Воршы Віцебскай вобласьці, з хуліганскіх намераў зьдзекаваўся з малалетніх падлеткаў».

Прэсавая служба МУС канкрэтызавала сэнс абвінавачаньня:

«Станіслаў Ганчароў разам з футбольнымі фанатамі пад пагрозай гвалту прымусіў двух 13-гадовых падлеткаў адрачыся ад антыфашысцкага руху і прадэманстраваць нацысцкае вітаньне. Увесь працэс быў зьняты на відэакамэру і выкладзены ў інтэрнэт».

Гэтыя відэаматэрыялы цяпер знаходзяцца на старонцы Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь на Youtube.

Станіслава Ганчарова затрымалі ў Віцебску сёлета ў красавіку, праз колькі дзён пасьля ягонага вяртаньня з Украіны, дзе ён знаходзіўся апошнія паўтара года. У сеціве разьмешчаны відэазапіс, паказаны тады ж па беларускім тэлебачаньні – на ім зафіксаваны першыя сьледчыя дзеяньні ў дачыненьні да Ганчарова. Сьледчыя загадваюць хлопцу зьняць адзеньне, і камэра здымае буйным плянам тату: свастыку, лічбу 88 (кадаванае вітаньне «Хайль Гітлер»), герб дывізіі СС «Дырлевангер» ды іншыя.

Паводле адказаў Станіслава Ганчарова ў інтэрнэт-апытанцы, ён лічыць нямецкага афіцэра войскаў СС Оскара Дырлевангера сваім кумірам «за ягоны лад жыцьця і ваенныя дасягненьні». Дывізія СС «Дырлевангер», якой кіраваў военачальнік, была створаная з адмысловага кантынгенту – асуджаных злачынцаў і правапарушальнікаў. Байцы дывізіі вызначаліся асаблівай жорсткасьцю, яны праводзілі шматлікія карныя апэрацыі на тэрыторыі Беларусі, таксама душылі Варшаўскае паўстаньне 1944 году і паўстаньне ў Славаччыне.

У сацыяльнай сетцы «УКантакце» Станіслаў Ганчароў зарэгістраваны пад псэўданімам Carl Zenner, што сугучна прозьвішчу іншага нацысцкага ваеннага злачынцы, Карла Цэнэра. Карл Цэнэр насіў чын брыгадэнфюрэра СС, быў адным з кіраўнікоў акупацыйнай адміністрацыі ў Беларусі. Пасьля вайны яго засудзілі за ваенныя злачынствы — у тым ліку за расстрэлы менскіх габрэяў.

На старонцы Ганчарова разьмешчана шмат ягоных фотаздымкаў са зброяй, зробленых падчас ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне – віцяблянін быў у складзе палка «Азоў», меў пазыўны «Беларус» і мянушку «тэрор-машына».

Паводле сьведчаньняў знаёмых, яшчэ са школьных гадоў Ганчароў вызначаўся супярэчлівым характарам: вучыўся ня вельмі добра, меў праблемы праз паводзіны, «быў заўсёды паголены нагала і насіў берцы» і «ў ім было вельмі шмат энэргіі і вельмі шмат жаданьня сутыкнуцца зь нейкай рэальнай барацьбой».

Паводле зьвестак МУС, за ўдзел у ваенных дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны ў складзе палка «Азоў» Станіслаў Ганчароў мае два мэдалі — «За доблесную службу» і «За мужнасьць». Як мяркуецца, узнагароды беларус атрымаў за баі пад Ілавайскам і ў пасёлку Шырокіне. Таксама вядома, што віцяблянін ваяваў у якасьці кулямётчыка і быў двойчы паранены. У сілавых структурах сьведчаць, што «ён ішоў пад нумарам адзін у сьпісе на затрыманьне» ў выпадку зьяўленьня на тэрыторыі Беларусі.

Станіслаў Ганчароў прыехаў у Віцебск 14-га красавіка, а 15-га яго арыштавалі. З тае пары ён знаходзіўся ў СІЗА. Паводле ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь хлопцу пагражае арышт, абмежаваньне волі або турэмнае зьняволеньне тэрмінам да 6-ці гадоў. Сутнасьць іншых абвінавачаньняў, выстаўленых супраць Станіслава Ганчарова, пакуль не вядомая. Але супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія ажыцьцяўлялі ягонае затрыманьне, казалі, што будуць настойваць і на ўжываньні артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу. Гэты артыкул прадугледжвае крымінальнае пакараньне за распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці.