Статкевіч заклікае прадпрымальнікаў адначасова падаць скаргі ў адміністрацыю Лукашэнкі

Мікола Статкевіч

Палітык прапанаваў не ісьці на Плошчу, а масава адначасова падаваць скаргі ў адміністрацыю Лукашэнкі, калі ўлады не прыслухаюцца да іхніх прапановаў.

На Антыкрызісным форуме, які прадпрымальнікі зладзілі 11 студзеня ў менскім гатэлі «Беларусь», прадстаўнікі ўлады пагадзіліся цягам тыдня разглядзець іхнія прапановы. Прадпрымальнік і актывіст Алесь Макаеў спрабаваў заклікаць народ на Плошчу, а палітык Тацяна Караткевіч — ісьці на парлямэнцкія выбары і далучацца да сваёй каманды. Абое выступалі не са сцэны, а ў кулюарах. Самі прадпрымальнікі іх перакрычалі — не захацелі слухаць. Арганізатары форуму са сцэны выказалі незадаволенасьць тым, што палітыкі ў сваіх мэтах «карыстаюцца чужым мерапрыемствам».

Палітык Мікола Статкевіч прыехаў ужо пад самае заканчэньне форуму і ня стаў зьбіраць вакол сябе кола слухачоў, а прысеў у кавярні пад канфэрэнц-заляй ды пагутарыў з вузкім колам прадпрымальнікаў і журналістаў. Ахова гатэля заклікала Статкевіча «спыніць несанкцыянаваную акцыю», але саступіла, калі той патлумачыў, што проста п’е каву ў кавярні і гутарыць са знаёмымі.

Статкевіч папярэдзіў, што, нягледзячы на абяцаньні, улады могуць не прыслухацца да прапановаў прадпрымальнікаў. На такі выпадак ён прапанаваў плян: у пэўны момант адначасова пайсьці падаваць скаргі ў адміністрацыю Лукашэнкі.

Мікола Статкевіч у кавярні гатэля «Беларусь»

«Я ведаю дзьве мадэлі вырашэньня праблемаў прадпрымальнікаў: даўнейшая і сёньняшняя, — тлумачыў Статкевіч дзясятку-двум слухачоў. — Раней было так. Калі ўлада спрабуе задушыць прадпрымальнікаў, «Пэрспэктыва» друкуе ўлёткі, вядзе працу на рынках, зьбірае акцыю — і ўрэшце прымушае ўлады адступіць.

Але гэты спосаб меў пэўныя недахопы для ўсіх. Па-першае, для прадпрымальнікаў, бо саджалі Шумчанку. Па-другое, для ўлады, бо яна атрымлівала масавую акцыю і вымушаная была саджаць моладзевых актывістаў, студэнтаў. А пасьля таго як праблема вырашалася, прадпрымальнікі ішлі далей зарабляць на рынках, славілі, як яны кажуць, «Бацьку», які вырашыў праблему. Студэнты-актывісты сядзяць, Шумчанка выходзіць на волю і сутыкаецца з тым, што нібыта ўсё вырашыў Лукашэнка.

Таму прыдумалі другі спосаб вырашэньня праблемы: ёсьць праблема — зьбіраецца форум.

Гэта ўлада дазваляе, дае памяшканьне, маніторыць. Калі прыйшло 200 чалавек, значыць, можна «закручваць», калі 1200 — значыць, трэба нешта вырашаць.

Цяпер гэты спосаб працуе пакуль што, дык хай працуе, праблема вырашыцца.

Але ва ўлады таксама ўжо эканамічны рэсурс канчаецца. Калі сёньня прыйшоў намесьнік міністра і паабяцаў нешта, то дзякаваць богу, калі ўсё так будзе. Людзі не пакінуць працу, мільёны будуць купляць танныя рэчы... Але ёсьць сумненьні, што гэтым разам гэта спрацуе, таму што яны шукаюць грошы. Можна крыху пачакаць — але майце на ўвазе, улады спускаюць усё на тармазах, нівэлююць праблему.

Нейкі малады чалавек на Facebook прапанаваў, як націснуць на ўлады, не падставіўшы прадпрымальнікаў. Ёсьць добры спосаб, які прадпрымальнікі ўжывалі па ўсіх рэгіёнах. Яны адначасова пішуць заяву ў гарвыканкам і ў адзін момант прыходзяць натоўпам туды. Гэта не зьяўляецца несанкцыянаванай акцыяй! Людзі прыйшлі, стаіць натоўп, іх няма за што хапаць, бо яны прыйшлі паскардзіцца, з прашэньнем.

Можна было б зрабіць так каля адміністрацыі прэзыдэнта, там прыёмная, куды можна зьвяртацца са скаргамі. Калі б хаця б некалькі соцень прадпрымальнікаў прыйшлі туды ў вызначаны час з заявамі... Гэта ж «сьвятая сьвятых»! Сама мажлівасьць гэтага ўгоніць улады ў паніку.

Тое, што сёньня прыйшоў намесьнік міністра, гэта вынік пастаянных кансультацыяў, у тым ліку ўчора мы з Шумчанкам размаўлялі. Яны ведаюць, што я выказаў зацікаўленасьць гэтай схемай.

Я казаў Анатолю Шумчанку: тое, што мы гаворым, ужо вам дапамагае. Бо раптам умяшаецца Статкевіч! Калі не дапаможа форум, то гэта можна зрабіць!

Я гатовы пасьля кансультацыяў з прадпрымальнікамі назваць час і дзень, куды прыйсьці са сваімі заявамі ў адзін час пад адміністрацыю прэзыдэнта.

Калі вас там зьбярэцца тысяча, праблема будзе вырашаная».