У Магілёве ўпершыню за многія гады паказалі беларускамоўную опэру паводле аповесьці Караткевіча

Пастаноўка скончаная. Актораў не адпускаюць са сцэны

Спэктакаль «Сівая легенда» паводле аднайменнай аповесьці Ўладзімера Караткевіча ў абласны цэнтар прывёз Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі.

Маштабную пастаноўку, у асобных фрагмэнтах якой удзельнічалі да сотні артыстаў, магілёўцы віталі авацыямі. Рэжысэр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ расказаў Свабодзе пра адметнасьці опэры ды пра сваё стаўленьне да творчасьці Ўладзімера Караткевіча, а магілёўскія гледачы падзяліліся сваімі ўражаньнямі ад пастаноўкі.

Міхаіл Панджавідзэ

На сцэне глядзельнай залі магілёўскага Палаца вобласьці — мітусьня перад рэпэтыцыяй спэктакля. Да паказу некалькі гадзінаў. Акторы, кожны па-свойму, рыхтуюцца да прагону опэры. Ня ўсе дэкарацыі пасьпелі выставіць. З тых, што на месцы, кідаюцца ў вочы вялікі панскі ложак, камін ды рыцарскі рыштунак. Рэжысэр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ дае апошнія ўказаньні акторам і тэхнічнай абслузе.

Праграмкі «Сівой легендаы»

На гутарку з журналістам ён адводзіць пяць хвілін. Заўважае: буду старацца гаварыць па-беларуску, але давядзецца зьбівацца і на расейскую мову. Не бяз гонару адзначае, што новая рэдакцыя «Сівой легенды» — ягоная прапанова:

«Я калі быў прэтэндэнтам яшчэ на гэтую пасаду, прапанаваў зрабіць гэтую опэру зноў, бо яна ўжо ішла. Гэта новая рэдакцыя. Для мяне яна дужа цікавая. Гэта мая любоў, маё дзіця. І я рады, што яе пакажуць упершыню ў Магілёве, а потым у Гомелі...»

— Вы сказалі, што яна вам цікавая. А чым яна цікавая?

— Ідэя ў ёй дужа прыгожая. Усе спрабуюць трактаваць Караткевіча ў палітычных і нацыянальных аспэктах, але гэты твор быў напісаны больш цікавым і гуманістычным. Гэта гісторыя пра любоў. Беларусь, як і ўвесь сьвет, такія моманты перажывала. І рэцэпт ад Караткевіча — гэта любоў, якая дазволіць перажыць усё. Трэба не забываць, што тутэйшая зямля называлася ў розныя часы па-рознаму. Тут былі розныя дзяржавы, а вось сама зямля была адна і тая ж. На ёй у поце і крыві расьцілі дзяцей сваіх і хлеб людзі. Дык вось трэба любіць і бараніць сваю зямлю.

Фрагмэнты опэры «Сівая легенда».

— Караткевіч — знакавы для беларусаў пісьменьнік і творца. Ці адчувалі вы гэтую знакавасьць, калі працавалі над опэрай? Многія беларусы, прачытаўшы Караткевіча, вярталіся дамоў — пачыналі гаварыць па-беларуску, цікавіцца гісторыяй Беларусі.

Вы ж бачыце, я крыху гавару па-беларуску. І пасьля Караткевіча. Гэта таксама, відаць, было і ёсьць. Я пазнаёміўся зь беларускай літаратурай адразу з Караткевіча, таму я адразу не адчуў ягоную адметнасьць. Я спачатку думаў, што ў вас уся літаратура такая.

Фрагмэнты опэры «Сівая легенда».

— Якая — такая?

— Ды цікавая, крутая. Караткевіч для мяне наагул поўны сэнсаў, поўны алюзіяў. Цікавы перадусім літаратурна. Вось я зараз скажу, і за гэта на мяне ўся лібэральная Беларусь ашчэрыцца: вось калі даваць Нобэлеўскую прэмію, дык гэта Караткевічу. Вось прабачце мяне. Але гэта сапраўдная літаратура.

Фрагмэнты опэры «Сівая легенда».

— Што было самае складанае ў працы над гэтай опэрай — перадаць характары, вярнуцца ў той час?

Зразумець праблему, пытаньне: „Што рабіць, калі хочаш застацца беларусам.

Паглядзець беларускамоўны опэрны спэктакль прыйшло нямала магілёўцаў. Заля на тысячу месцаў амаль уся была запоўненая. Некаторыя фрагмэнты пастаноўкі віталіся працяглымі воплескамі — асабліва тыя, у якіх акторы ў сваіх партыях згадвалі адданасьць краю, мужнасьць у яго абароне ды вернасьць каханьню. Завяршылася опэра воклічамі «Брава» і некалькімі нясьмелымі «Жыве Беларусь». Хвілін пятнаццаць гледачы не адпускалі актораў са сцэны.

Паглядзець беларускую опэру прыйшло багата магілёўцаў. Яны віталі актораў воплескамі і воклічамі «Брава».

«Упершыню гляджу менавіта беларускую опэру — яна захоплівае. Ня можаш адарвацца, — дзеліцца ўражаньнямі дзяўчына. — Не твае думкі дамінуюць, а героі кантралююць твае эмоцыі. І дужа музыка цудоўная».

«Яна захоплівае, — далучаецца да гутаркі сябар дзяўчыны. — Музыка Дзьмітрыя Смольскага шыкоўная. Першы акт спэктакля прайшоў на адным дыханьні. Неўзаметку».

«Дужа добра, што опэра на беларускай мове, і дужа добра, што гістарычныя падзеі не забываюцца, — кажа яшчэ адна слухачка. — Твор прысьвечаны Магілёўшчыне і магілёўцам — гэта таксама дужа прыемна. Я перачытала амаль усяго Караткевіча. І „Чорны замак Альшанскі“ і „Каласы пад сярпом тваім“. Чытала разам з унукамі. Караткевіч, безумоўна, наша гордасьць. Самае галоўнае, што ягоныя творы даходзяць да людзей».

«Найбольш уразіла музыка. Яна цудоўная. Шыкоўны быў харавы сьпеў», — адзначае яшчэ адна глядачка опэры. — Караткевіч наагул майстар апяваць гісторыю. Ён рамантычна апісвае гістарычныя падзеі. Гэта дужа прыцягвае чытачоў»​.

«Наагул беларускамоўных пастановак недастаткова, — дадае жанчына. — Тыя, у каго ёсьць магчымасьць на іх зьезьдзіць у Менск, таксама скажуць, што недастаткова. А ў Магілёве мы такую пастаноўку чуем упершыню. Наш тутэйшы тэатар ня мае, наколькі я ведаю, спэктакляў на беларускай мове. Дзякуй менскаму тэатру. Няхай бы часьцей прыяжджалі. Беларускамоўных пастановак нам не хапае».

Аповесьць «Сівая легенда» Ўладзімер Караткевіч напісаў у 1960 годзе. Праз васямнаццаць гадоў стварылі аднайменную опэру. У 2012-м глядач пабачыў новую вэрсію пастаноўкі. Ёй адкрыў 80-ы сэзон Нацыянальны тэатар опэры і балету Беларусі. Музыку напісаў кампазытар Дзьмітры Смольскі.

Падзеі аповесьці і опэры адбываюцца на магілёўскім Падняпроўі ў XVII стагодзьдзі, пасьля Люблінскай і Берасьцейскай уніяў. У сюжэце — жаночая рэўнасьць, мужчынскае самалюбства, інтрыгі і супрацьстаяньне асобаў, якія аказваюцца для герояў фатальнымі. Паказаны пратэст супраць дэспатызму, жорсткасьці ды здрады Радзіме.