Пуцін заявіў пра арышт больш як 300 «замежных шпіёнаў»

Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін паведаміў пра спыненьне дзейнасьці на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі больш як 300 агентаў замежных спэцслужбаў у 2014 годзе.

Пра гэта прэзыдэнт Расеі заявіў на калегіі ФСБ, перадае ТАСС.

«Эфэктыўна і дакладна дзейнічалі ў мінулым годзе органы контравыведкі, у ходзе спэцапэрацыяў спынена дзейнасьць 52 кадравых супрацоўнікаў і 290 агентаў замежных спэцслужбаў, — сказаў Пуцін. — Сёньня асабліва важна ўдасканальваць сыстэму абароны зьвестак, якія ўтрымліваюць дзяржтаямніцу, не дапускаць працёкаў інфармацыі пра разьвіцьцё ваеннай арганізацыі, мабілізацыйныя пляны, прамысловыя і абаронныя тэхналёгіі».