Пасьля ўкраінскіх нападаў многія НПЗ у Расеі спынілі ці скарацілі вытворчасьць

Наступствы ўдару па НПЗ у Сызрані

Як піша Reuters, гаворка ідзе пра ўсе буйныя нафтапераробныя заводы ў эўрапейскай частцы Расеі.

Практычна ўсе буйныя нафтаперапрацоўчыя заводы ў цэнтральнай Расеі былі вымушаныя спыніць ці скараціць вытворчасьць пасьля ўдараў украінскіх бесьпілётнікаў у апошнія тыдні, піша Reuters.

Як паведамляе агенцтва са спасылкай на дзьве крыніцы ў галіне, знаёмых з сытуацыяй, пасьля ўкраінскай атакі ўначы 20 траўня нафтаперапрацоўчы завод кампаніі «Лукойл», разьмешчаны ў горадзе Кстова, прыпыніў працу сваёй галоўнай устаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты.

Расейскі НПЗ на Чорным моры зноў гарыць пасьля ўдару. Фота

Спыненьне прывядзе да рэзкага зьніжэньня аб’ёмаў вытворчасьці, што яшчэ больш пагоршыць нявызначанасьць у энэргетычным сэктары Расеі і ў сфэры паставак паліва, адзначае Reuters.

Раней з меркаваньняў бясьпекі працу прыпыніў Маскоўскі НПЗ. Украінскія бесьпілётнікі атакавалі яго ў ноч на 17 траўня, па дадзеных агенцтва, удар нанёс заводу толькі нязначную шкоду.

Пасля ўкраінскай атакі 15 траўня была таксама прыпынена праца Разанскага нафтаперапрацоўчага заводу, на долю якога прыпадае амаль 5% ад агульнага абʼёму перапрацоўкі ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна нанесла новы ўдар па Сызранскім НПЗ. Улады расейскага рэгіёну паведамілі аб двух загінулых

Атакавалі ўжо ўсе НПЗ у эўрапейскай частцы Расеі

Выданьне «Вот так» падлічыла, што з пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня УСУ нанесьлі не менш як 158 удараў па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах. Пры гэтым у 2026 годзе ўкраінскае войска зьдзейсьніла ўжо 32 атакі, што ў тры разы больш, чым за аналягічны пэрыяд 2024 года. Часьцей за ўсё з пачатку вайны пад удары, як адзначаецца, траплялі Разанскі і Саратаўскі НПЗ — па 15 нападаў на кожны, па 12 удараў прыйшлося на Афіпскі, Ільскі і Туапсінскі нафтаперапрацоўчыя заводы ў Краснадарскім краі.

Пасьля нядаўніх удараў па Пермскім НПЗ, зьвяртае ўвагу выданьне, у эўрапейскай частцы Расеі не засталося буйных нафтазаводаў, якія раней не траплялі пад атакі. Па-за зонай удараў сярод такіх прадпрыемстваў застаюцца толькі Омскі і Ангарскі НПЗ за Уралам.

У ноч на 22 траўня ўкраінскія дроны атакавалі Яраслаўль. Па зьвестках выданьня ASTRA, верагоднай цэльлю нападу стаў НПЗ «Славнефть-ЯНОС», які раней ужо падвяргаўся ўдарам, піша Расейская служба Радыё Свабода.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў удары па абʼектах нафтаперапрацоўкі ў Яраслаўлі, за 700 кілямэтраў ад украінскай тэрыторыі.

Чаму гэта важна і для Беларусі

У такой сытуацыі праз дэфіцыт бэнзіну расейскія рэгіёны зьвяртаюць увагу на Беларусь.

18 траўня адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з губэрнатарам Сьвярдлоўскай вобласьці Дзянісам Пасьлерам. Як паведаміў беларускі бок, гаворка ішла ў тым ліку пра пастаўкі нафтапрадуктаў. Свайго НПЗ у Сьвярдлоўскай вобласьці няма, туды пастаўляюцца нафтапрадукты з Пермскага НПЗ, які быў атакаваны Ўкраінай 7 траўня. Пермскі НПЗ — адзін з самых магутных у Расеі. Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, на сустрэчы ён заявіў, што «нафтаперапрацоўка таксама ўваходзіць у лік напрамкаў для актывізацыі супрацоўніцтва».

«Сёньня шаленства хапае з боку нашых праціўнікаў, якія прыводзяць у ненармальны стан нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Мы маем два мадэрнізаваныя заводы — пасол (пасол Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў. — Радыё Свабода) гэта добра ведае — і падстаўляем сваё плячо ў любы час, як гэта трэба. Калі ў гэтым пляне ва патрэбная дапамога, вы скажыце паслу, ён нас паінфармуе. Будзем старацца вам дапамагчы так, як дапамагаем сёньня ўсёй Расеі», — сказаў тады Лукашэнка.

Улады Беларусі з 2022 году падтрымліваюць Расею ў яе вайне супраць Украіны, у тым ліку надавалі расейскаму войску сваю тэрыторыю, памежныя пераходы, тылавую інфраструктуру, а таксама прадукцыю свайго ВПК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія сілы атакавалі пампавальную станцыю ў Яраслаўлі, празь якую нафту транспартуюць у Беларусь

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дроны пацэлілі ў нафтаперапрацоўчы і абаронны заводы ў Расеі. Расея атакавала Палтаву, Харкаў, Запарожжа