У Кіеве ўшаноўваюць гадавіну Рэвалюцыі Годнасьці, за якую змагаліся і беларусы ФОТАГАЛЕРЭЯ

21 лістапада 2013 года ва Украіне пачаўся Эўрамайдан. Гэта стала адказам на рашэньне ўладаў прыпыніць падрыхтоўку да падпісаньня Пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ. Акцыі пратэсту ўзмацніліся пасьля разгону студэнцкай акцыі 30 лістапада і працягваліся да другой паловы лютага 2014 году. Сілавікі некалькі разоў спрабавалі разагнаць дэманстрантаў.

Паводле зьвестак пракуратуры, усяго падчас Рэвалюцыі годнасьці пацярпелі 2,5 тысячы чалавек, 104 з іх загінулі – большасьць у лютым 2014 году. Пасьля загінулых пратэстоўцаў сталі называць «Нябеснай сотняй». Сярод іх і беларус Міхал Жызьнеўскі.

Ушанаваць памяць загінулых прыйшлі каля сотні чалавек, у тым ліку сем'і герояў Нябеснай сотні і ўдзельнікаў падзей Рэвалюцыі годнасьці.

На Алеі Герояў Нябеснай Сотні каля храма Арханёла Міхаіла і ўкраінскіх навамучанікаў адбылася сумесная малітва за Ўкраіну.

Пасьля малітвы прасьпявалі гімн Украіны і тройчы ўшанавалі памяць загінуўшых Герояў Нябеснай Сотні воклічамі: «Слава!».

Ганаровая варта ўскладае кветкі.

Курсанты ўсклалі кветкі да памятнага крыжа на Алеі Герояў Нябеснай Сотні.

Сярод герояў «Нябеснай сотні» і беларус Міхал Жызьнеўскі, які загінуў на Эўрамайдане 22 студзеня 2014 году.

Ганаровая варта ля партрэтаў Герояў Нябеснай Сотні.

Людзі запальваюць лямпады.

17 лютага 2021 году Вярхоўная Рада прызнала Рэвалюцыю годнасьці ключавым момантам ва ўкраінскім дзяржаўным будаўніцтве і заклікала расьсьледаваць злачынствы супраць яе ўдзельнікаў.

Сьвятар Грэка-каталіцкай царквы праходзіць паўз партрэты герояў Нябеснай Сотні.

Удзельнікі памятнай акцыі традыцыйна б'юць у «Звон памяці».