«Пасьля падзеяў ва Ўкраіне чакаць ад Расеі можна ўсяго», — апытаньне ў Магілёве

Танкі на вучэньнях у Латвіі

«Краіны НАТО пачалі ўмацоўваць свае ўсходнія межы, асьцерагаючыся агрэсіі з боку Расеі. Як вы лічыце, ці абгрунтаваныя гэтыя асьцярогі? Чаму так мяркуеце?». Адказваюць жыхары Магілёва.

Your browser doesn’t support HTML5

«Пасьля падзеяў ва Ўкраіне чакаць ад Расеі можна ўсяго»

Малады спадар: «Пасьля падзеяў ва Ўкраіне нічога нельга выключаць. Можа высьветліцца, што прыгнятаюць расейскамоўнае насельніцтва Латвіі, Літвы ці яшчэ каго. Гэта, вядома ж, фантастычны варыянт, але я ня мог сабе ўявіць, што адбудзецца з Крымам».

Спадар: «Наадварот, НАТО выяўляе такімі дзеяньнямі агрэсію супраць Расеі, у тым ліку і Беларусі. А наконт Украіны там няма ніякай агрэсіі. Яны самі там ваююць. А ў Крыме адбылося волевыяўленьне народу. Там жа ніхто не паўстае. Людзі рады, задаволеныя».

Малады спадар: «Крым забралі яны акуратна. Зрабілі гэта цікава. Але наўрад ці яны будуць дзейнічаць надалей агрэсіўна. Калі першымі выступяць, то ўвесь сьвет пераканаецца, што яны агрэсіўная нацыя».

Спадар сталага веку: «Даўно, па-мойму, польскі міністар казаў, што мы баімся Расеі, а калі ў нас будуць разьмешчаныя амэрыканскія ракеты, мы будзем спакойныя. Але я думаю, што наадварот. Калі там нічога няма, то каму патрэбна Польшча? А калі там ракеты амэрыканскія, зразумела, мы, Расея направіць туды сваю зброю. Крый божа што там, дык Польшчы ня будзе. А яны радуюцца».

Спадар: «Усё застанецца мірна. Ня дойдзе да ваенных дзеяньняў маштабных. Напружаньне, аднак, існуе на дадзены момант праз падзеі ва Ўкраіне».

Спадар: «Не такія ўжо расейцы агрэсіўныя, каб нападаць на кагосьці першымі. Дастаткова адной вайны».

Спадар: «Нічога ня выключана. Цяпер такі час, што дзесяць гадоў таму мы не маглі сабе такога ўявіць. Паралелі з пачаткам 20 стагодзьдзя. Тады вайны ніхто не жадаў, але ўсе рабілі ўсё, каб яна пачалася».

Малады спадар: «Расея ніколі не выступала як агрэсар. І ніколі ня будзе, паколькі палітыка Пуціна скіраваная на мірнае суіснаваньне».

Спадар сталага веку: «Расея — гэта вялікая дзяржава. Ёй ужо нічога ня трэба. Толькі спакой і мір. Расея сама перажывала агрэсіі — на пальцах не пералічыць. НАТО стваралася, каб Расеі была супрацьвага».

Спадар: «Расея дужа слабая»

Карэспандэнт: «Ну, як, а Крым забрала?»

Спадар: «Гэта была палітыка, а ваяваць зусім іншая рэч. Масква ў Расеі моцная, а толькі ад’едзеш ад яе ўбок — і сумна глядзець на ўсё».