Лукашэнка едзе ў краіну, дзе былы прэзыдэнт арыштаваны за забойства лідэра апазыцыі

Аляксандар Лукашэнка 28–29 траўня будзе зь першым афіцыйным візытам у Пакістане.

  • Беларусь і Пакістан вядуць шмат перамоў, каб узмацніць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.​
  • Экспэрты прагназуюць, што Менск мае шанцы ўжо бліжэйшым часам заключыць сур’ёзныя кантракты аб зброі з Пакістанам.
  • Паміж рэжымамі Беларусі і Пакістану цяжка знайсьці нешта агульнае — у Пакістане «не вырашае ўсё адна асоба, як гэта адбываецца ў Беларусі».​

Праграмай візыту Лукашэнкі заплянаваныя перамовы з прэзыдэнтам Пакістану Мамнунам Хусэйнам, прэм’ер-міністрам Навазам Шарыфам, сьпікерам Нацыянальнай асамблеі парлямэнту Сардарам Садзікам.

Спачатку плянавалася, што візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан пройдзе 26–27 траўня, але ў сувязі са сьмерцю маці Лукашэнкі пляны былі зьмененыя.

«Славутая шматвэктарная палітыка»

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў размове са Свабодай адзначыў, што намер афіцыйнага Менску ўзмацніць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Пакістанам відавочны:

Раман Якаўлеўскі

«У гэтыя дні, напярэдадні візыту Лукашэнкі, там вельмі плённа працуе буйная беларуская дэлегацыя. Наколькі мне вядома, кіруе зь беларускага боку Гандлёва-прамысловая палата Беларусі. Ідзе шмат перамоў, каб узмацніць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. У прыватнасьці, пакістанцаў вельмі цікавяць беларускія трактары», — кажа ён.

Беларускія трактары пастаўляюцца ў Пакістан даўно, яшчэ з 90-х гадоў. Штогод у Пакістан іх завозяць больш за 3 тысячы.

Аднак у цэлым гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі застаецца на нізкім узроўні: таваразварот паміж Беларусьсю і Пакістанам за мінулы год не перавысіў 60 мільёнаў даляраў. Толькі за два дні працы беларускай дэлегацыі ў Пакістане заключаны новыя кантракты на агульную суму больш як 54 мільёны даляраў, паведамляюць дзяржаўныя СМІ Беларусі.

Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу на тое, што амаль адразу пасьля візыту Лукашэнкі ў Пакістан Беларусь наведае прэзыдэнт Індыі Пранаб Мукерджы:

«Гэта цікава, бо ў гэтых дзьвюх ядзерных краін Азіі вельмі складаныя двухбаковыя адносіны. Таму я думаю, што мы ў сувязі з гэтым зноў пачуем пра славутую шматвэктарную палітыку афіцыйнага Менску. Наколькі ад гэтага будзе плён — цяжка сказаць».

Трактары або танкі?

У цэлым апошні год назіраецца інтэнсыфікацыя дыпляматычных кантактаў паміж дзьвюма краінамі. У лістападзе была адкрытая амбасада Беларусі ў Пакістане, адбыўся шэраг сустрэч паміж дыпляматамі абодвух бакоў, прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў.

Аднак некаторыя палітолягі лічаць, што асноўны інтарэс Беларусі ў гэтым рэгіёне ляжыць у галіне вайсковага, а не гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У прыватнасьці, пра гэта гаворыцца ў апошніх выданьнях «Беларускага зьнешнепалітычнага індэксу», які рыхтуе калектыў экспэртаў Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS).

Беларусь спрабуе наладзіць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Пакістанам, замяніўшы сабой Украіну

Экспэрты BISS зьвяртаюць увагу на тое, што ў студзені амбасадар Беларусі ў Пакістане Андрэй Ермаловіч сустрэўся зь міністрам навукі і тэхналёгій Пакістану Рана Танвірам Хусэйнам, які толькі што сышоў з пасады міністра абароннай прамысловасьці. Знаходзячы на гэтай пасадзе, Хусэйн наведваў у мінулым годзе Менск. А ў лютым 2015 года міністар замежных спраў Уладзімер Макей сустракаўся ў Мюнхэне ўжо з новым міністрам абароны Пакістану.

«Беларусь спрабуе наладзіць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Пакістанам, замяніўшы сабой Украіну, якая гуляла значную ролю ў пастаўках і мадэрнізацыі бранятэхнікі для Пакістану», — адзначаюць экспэрты BISS.

Паводле прагнозаў экспэртаў, Менск мае шанцы ўжо ў самы бліжэйшы час заключыць сур’ёзныя кантракты аб зброі з Пакістанам. Праўда, як таксама адзначаецца ў «Беларускім зьнешнепалітычным індэксе», часьцей за ўсё вынікі вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва становяцца вядомымі толькі празь нейкі час і толькі ў выніку публічных скандалаў.

Раман Якаўлеўскі не выключае, што афіцыйны Менск сапраўды мае пляны адносна Пакістану ў сфэры ўзбраеньня, але адзначае, што дакладных фактаў на гэты конт няма.

«Гэта магчыма, але мне нічога дакладна не вядома. Але калі казаць пра гэтую сфэру, то я б адзначыў, што ня так даўно адбыўся візыт кітайскага лідэра і ў Пакістан, і ў Менск, а тое што паміж Пэкінам і Ісламабадам стасункі ў гэтай галіне існуюць, гэта безумоўна. Наколькі там ёсьць месца для Беларусі — нам невядома, бо гэтая сфэра вельмі таямнічая. Але цалкам выключаць, што існуе такая тэма, я б ня стаў», — падкрэсьліў ён.

Непадобныя рэжымы

Паводле слоў Якаўлеўскага, паміж палітычнымі рэжымамі Беларусі і Пакістану цяжка знайсьці нешта агульнае. Прынамсі, у Пакістане «не вырашае ўсё адна асоба, як гэта адбываецца ў Беларусі».

«Я б ня стаў параўноўваць рэжымы ў палітычным сэнсе. У беларускага рэжыму свае асаблівасьці з азіяцкімі прыкметамі, а ў Пакістану — свае. Хаця ў Пакістане вельмі ўплывовыя спэцслужбы, вельмі ўплывовыя сілавыя структуры. Пэўны час у Пакістане былі людзі ў вайсковых мундзірах пры ўладзе, але цяпер — не. Усё ж такі ў Пакістане, сяк-так, хоць і зь вялікімі ахвярамі, адбываюцца выбары і мяняюцца людзі ва ўладзе», — кажа палітычны аглядальнік.

Мамнун Хусэйн глядзіць з плякату на жыхароў Ісламабаду

Узначальвае выканаўчую ўладу ў Пакістане прэзыдэнт, якога выбірае парлямэнт. Цяпер прэзыдэнтам Пакістану — Мамнун Хусэйн. Ён дванаццаты прэзыдэнт Пакістану і кіруе краінай з 2013 году.

Цікава, што адзін з былых кіраўнікоў дзяржавы цяпер пад арыштам. У 1999 годзе ў выніку дзяржаўнага перавароту прэзыдэнтам Пакістану стаў генэрал Пэрвэз Мушараф, але ў 2008 годзе ён быў вымушаны сысьці ў адстаўку, бо яму пагражаў імпічмэнт. У 2013 годзе былога кіраўніка дзяржавы арыштавалі. Яго вінавацяць у дзяржаўнай здрадзе і забойстве лідэра пакістанскай апазыцыі Бэназір Бхута.

Невядомы Пакістан

Пакістан амаль у 4 разы большы за Беларусь па тэрыторыі і амаль у 20 разоў большы па колькасьці насельніцтва, але дагэтуль пра гэтую краіну мала ўзгадвалі ў Беларусі, нават на ўзроўні асабістых кантактаў. Напрыклад, некаторыя пакістанскія студэнты навучаюцца ў Беларусі, аднак у параўнаньні са студэнтамі з Туркмэністану, Кітаю ці Расеі іх зусім няшмат.

Мячэт Бадшахі — другі па велічыні мячэт Пакістана, месьціцца ў горадзе Лагор

Мабыць, адзінае прыкметнае за апошні час зьяўленьне Пакістану ў інфармацыйнай прасторы Беларусі было зьвязана з трагічнымі падзеямі: у 2013 годзе ў Пакістане ў ДТЗ загінулі беларуская журналістка Кацярына Ілюшына і яе муж.

Пакістан таксама не ўваходзіць у лік краін, цікавых для беларускіх турыстаў, што цалкам зразумела — хоць бы ўжо таму, што ў Пакістане вельмі высокі ўзровень тэрарыстычнай пагрозы. Тэракты ў Пакістане ня рэдкасьць, а прымежныя з Аўганістанам раёны краіны наагул слаба кантралююцца ўрадам у Ісламабадзе. Па разьмешчаных на гэтай тэрыторыі тэрарыстычных групоўках ня раз наносілі ўдары амэрыканскія бесьпілётнікі, што выклікала незадаволенасьць пакістанскіх уладаў.