Уганда ўвяла падатак на сацсеткі і мэсэнджары

­© Shutterstock

Парлямэнт Уганды прыняў закон, які ўводзіць падатак 200 угандыйскіх шылінгаў (5 амэрыканскіх цэнтаў) за дзень выкарыстаньня сацыяльных сетак і праграмаў для перапіскі.

Пра гэта паведамляюць BBC і шэраг іншых СМІ, навіной ужо падзялілася беларускае дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

Прыняты закон таксама ўводзіць іншыя новыя падаткі, у ліку якіх камісія ў 1% ад любых мабільных пераводаў грошай (праваабаронцы сьцьвярджаюць, што гэта ўдарыць па самых бедных жыхарах Уганды, якія рэдка карыстаюцца звычайнымі банкамі). Як сьцьвярджае прэзыдэнт Уганды Ёвэры Мусэвэні, сацыяльныя сеткі «спрыяюць распаўсюду чутак» — таму і патрэбен падатак. Міністар фінансаў жа прызнаў, што новыя падаткі патрэбны, каб справіцца з ростам дзяржаўнай запазычанасьці.

З 23,6 млн угандыйскіх карыстальнікаў мабільных тэлефонаў толькі 17 млн карыстаюцца мабільным інтэрнэтам. Экспэрты адзначаюць праблематычнасьць збору падатку — далёка ня ўсе SIM-карты ва Ўгандзе зарэгістраваныя належным чынам, таму складана будзе вызначыць, якая асоба карыстаецца сацсеткамі.

Ёвэры Мусэвэні, архіўнае фота

Праваабаронцы кажуць пра тое, што гэта абмежаваньне свабодаў угандыйцаў і што яно можа быць зьвязанае з палітыкай. У час прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году сацсеткі адключалі — як казаў тады Мусэвэні, каб «спыніць распаўсюд хлусьні».

73-гадовы Ёвэры Мусэвэні кіруе Ўгандай ад 1986 году, прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту. Лідэр Нацыянальнага руху супраціву (N.R.M.), які кантралюе большасьць месцаў у парлямэнце. Пры ім Уганда застаецца адной з найбяднейшых у сьвеце, 163-й са 188 у Індэксе чалавечага разьвіцьця ААН.

Тым часам у Танзаніі ўрад перамог у судзе праціўнікаў новага закону, які абавязвае блогераў плаціць ліцэнзійны збор і раскрываць крыніцы свайго фінансаваньня, але ў Кеніі журналісты і блогеры дамагліся ў судзе скасаваньня закону аб забароне «фальшывай інфарамацыі».

Міністэрства сувязі Беларусі пакуль адмовілася ад «падатку на мэсэнджары», але магчымасьць яго ўвядзеньня разглядалася ў 2017 годзе. Ды ў Беларусі прыняты «падатак на Google» — збор з замежных кампаніяў, якія рэалізуюць на тэрыторыі Беларусі мабільныя праграмы, музыку, электронныя фільмы і гульні, з дапамогай якога ўлады ў 2018 годзе плянуюць атрымаць 4 млн даляраў.

У Беларусі таксама зьбіраліся ўводзіць падаткі на выезд за мяжу і на прагулы дзіцячага садка, увялі падатак на беспрацоўе.