«Яна зламацца не магла». Падарожжа на радзіму паэткі Ніны Мацяш

Партрэт Ніны Мацяш

Дзень нараджэньня паэта — добрая нагода ўзяць з паліцы ягоную кнігу і знайсьці нешта новае нават у знаёмых вершах. Асабліва калі паэт фізычна не жыве. Асабліва калі гэты паэт сапраўдны.

20 верасьня нарадзілася сапраўдная паэтка Ніна Мацяш. І штогод у горадзе Белаазёрску ладзяцца паэтычныя чытаньні ў яе памяць. Белаазёрску пашанцавала, што ў яго была такая паэтка. Ня будзь яе, гэта быў бы звычайны гарадзкі пасёлак пры электрастанцыі. Гарадамі паселішчы становяцца, толькі калі апяваюцца вершамі. Я гэта зразумеў, стоячы ў двары каля дома паэткі ў кампаніі зь яе даўняй сяброўкай, бібліятэкаркай Тамарай Кузьняцовай. Спадарыня Кузьняцова родам з расейскай глыбінкі, з Іванаўскай губэрні. Яе бацькі-энэргетыкі прыехалі працаваць у Белаазёрск на новай электрастанцыі. А чыстая літаратурная мова спадарыні Тамары — гэта ад Ніны Мацяш.

Тамара Кузьняцова

— Яна мне адзінай дазваляла з сабой размаўляць на расейскай мове. Бо я пісала вершы па-расейску. А больш нікому не дазваляла. Але людзі самі адчувалі, што зь ёй трэба размаўляць на роднай мове. Яна ня тое што кіравала. Яна такі тон задавала ў адносінах, у размове. І чалавек неяк быў абавязаны быць беларусам.

— Прычым гэта не ў 90-я незалежныя гады.

— А ў 70-я. З родзічамі яна гаварыла на тутэйшай гаворцы.

— Белаазёрск нельга было назваць беларускім горадам.

— Ён быў больш расейскі. Бо сюды напрыканцы 50-х прыехалі ў асноўным з Расеі. Тут было поле. Ніякага гораду. Горад будаваўся, калі Ніна паступіла ў інстытут. Як яна піша —

Ці бачыў ты хоць раз Белаазёрск,
Калі на дахі мякка ноч прысядзе,
Павее казкай ад старых азёр
І пойдуць песьні поруч па абсадзе?

Тады глядзіш на родны, любы кут
І цэлы сьвет гатоў у сьведкі клікаць:
Ці столькі зор насыпалася тут
На дол з каўша Мядзьведзіцы Вялікай,
Ці гэта ў небе, бы ў люстэрку тым,
Адбітак зыркі ўсіх агнёў Палесься?..

Белаазёрск мой, сон мой залаты,
Мая
яшчэ ня складзеная
песьня!

Яна сюды прыяжджала на выходныя, на канікулы і назірала, як гэты горад будаваўся. Яна любіла ўсё гэта. Яна расла, духоўна тут мацнела. А потым раптоўна аслабела фізычна.

Адна...
Яна яшчэ здалёк відна:
На выгарбку, вятрам усім адкрытым,
Стаіць сухая, чорная сасна,
Як даўкі сымбаль тлену і нябыту.

Ні дрэўца, ані кусьціка —
Вакол
Крыжы ды цёмны камень надмагільля.
Ды сухастоіна, нібы дракон,
З вычварна пакручастым мёртвым крыльлем...

Так давялося на вяку сасьне
Быць сьведкай толькі гора ды няшчасьця,
Што сіл няма ўжо ні зазелянець
Хоць голькаю адной,
Hi ўпасьці.

Ніна Мацяш была вельмі прыгожай і надзвычай абаяльнай жанчынай. Будучы аднойчы ў яе ў гасьцях, я быў зьбянтэжаны спалучэньнем прыгажосьці і фізычнай немачы. У радавым доме Мацяшоў у вёсцы Нівы цяпер жыве малодшая сястра паэткі, Алена з мужам. І такія вершы на тэму адзіноты пісаліся сапраўды сьлязьмі.

Падарожжы Свабоды

Падарожжы Свабоды

Паездкі карэспандэнтаў па гарадах і вёсках Беларусі

— Быў у яе раман. Але бацька не дазволіў. Таму што патрэбны чалавек дужы, моцны духам. Каб усё жыцьцё даглядаць. Бацька сказаў «не». Была драма. Малады чалавек быў украінец. Ён прасіў рукі. Тады, я памятаю, было — ой, страшна глядзець было на ўсё гэта. Праплакала яна, бедненькая, але бацьку паслухалася. Пасьля, можа, і ўдзячная была. Трэба было, каб чалавек аддаў сябе без астатку. А гэта зь яго боку было немагчыма. Бацька гэта разумеў. Таму была драма. Яна выстаяла. Яна з усіх нас самы моцны чалавек. Таму што мы можам, здаровыя, зламацца, а яна — не. Ну, а затым вядомасьць прыйшла. Падтрымка таго ж Гілевіча, Вярцінскага, Адамовіча, Брыля. Той плеяды, якая была сама моцная духам. Яна зламацца не магла. Яна трымала, напэўна, усіх нас. Яна нязломны чалавек была.

Ніну Мацяш атачалі вельмі чулыя людзі. Ці сама спадарыня Ніна рабіла людзей больш чулымі. Але ёй рады былі дапамагчы ў побыце ўсе суседзі па падʼезьдзе. Ня кажучы ўжо пра сяброў. Успамінае настаўніца і сяброўка паэткі Галіна Скарына.

— На пачатку перабудовы дзякуючы Ніне ў нашым горадзе быў арганізаваны такі культурна-асьветніцкі цэнтар «Агмень». Ніна наладжвала вечарыны. Знаёміла белаазёрцаў зь нейкімі асобамі. Зьбіралася поўная заля. Заўсёды. Ніну любілі ўсе белаазёрцы. Гэта была асоба, перад якой нават тушуесься іншым разам. Па жыцьці яна была бадзёрая, вясёлая, статная, прыгожая, дагледжаная. Гэта была лэдзі. І многія не ўсьведамлялі, што яна ня можа падняць руку, каб прычасацца.

Ніна Мацяш, можа, і цяпер бы жыла. Калі б у свой час легла ў клініку. Але не захацела нікога абцяжарваць сабой.

Ці надзеі непраўдзівыя,
Ці дарожанькі ня тыя,
Ці сама я нерадзівая, —
Адвярнуліся сьвятыя!
Ці ня так, як трэба, клікала,
Ці ня там я іх шукала?
Ветру скрыпачка пілікае,
Каб галоўку не ламала.

Крач ня крач самотнай вуціцай
Ці гадай на каве ў місе,
А ўсё суджанае збудзецца —
І само,
хоць задавіся!

— Яна ніколі сваіх болек не выстаўляла напаказ. Яна не паказвала, што ёй баліць. Яна нічым не выдавала гэтую больку. «У мяне, сказалі, не працуе адно лёгкае». Усё. Яна не хацела ў больніцу. Бо яна ж адна не магла. Гэта трэба было зь некім. А яна ашчаджала людзей. А якая яна была ўважлівая да людзей. Вам не перадаць. Каля яе было многа людзей, якія дапамагалі па жыцьці. Нехта прыбраць, нехта пакласьці спаць. Нехта падняць. Яна помніла дні нараджэньня ўсіх. І яна кожнаму рыхтавала падаруначак.

Усім, каго хвалюе сапраўднае паэтычнае слова, варта штогод 20 верасьня ехаць у Белаазёрск. Дзе глыбокія і чыстыя вершы вельмі мужнай жанчыны будуць чытаць і сталічныя літаратары, і белаазёрскія дзеці. Ня ўсе зь іх беларусы па крыві. Але, як і пісала Ніна Мацяш:

Праўду гэту — як ёсьць — прыві
Да сьцяжыны далейшага руху.
Будзь здарова, радня па крыві.
Будзь бясьсьмертна, радня па духу!