3 траўня марыюпальскі фатограф і актор Яўген Сасноўскі апублікаваў у Фэйсбуку допіс зь дзёньнікам 8-гадовага хлопчыка, які напісаў, што ў яго «выдрана мяса на руцэ», памерлі «два сабакі» і «бабуля Галя», а таксама «любімы горад Марыюпаль». Марк Крутаў даведаўся гісторыю, якая стаіць за зьяўленьнем гэтага дзёньніка.
Хлопчык дагэтуль у Марыюпалі, таму зь меркаваньняў бясьпекі яго самога і ягонай сям’і мы не публікуем ні імя дзіцяці, ні ягоных фатаграфій. Пры абстрэле, у выніку якога ён атрымаў цяжкія траўмы, былі таксама параненыя яго маці і сястра.
Хлопчык і яго сямʼя — сваякі Яўгена Сасноўскага. Ён правёў побач зь імі практычна ўвесь час з пачатку вайны. У інтэрвію Радыё Свабода Яўген Сасноўскі расказаў, што дзіця было параненае падчас чарговага расейскага ўдару па заводзе «Азоўсталь». Дзіця і яго родныя жывуць у прыватным сэктары непадалёк ад заводу.
«Снарады, выпушчаныя па „Азоўсталі“, лёталі проста над намі, але часам падалі і на жылыя дамы. Бабуля — гэта насамрэч нашая суседка. Яны з хлопчыкам вельмі сябравалі. Яна памерла сваёй сьмерцю, хоць, вядома, вайна ўсё гэта паскорыла». А сабакі — так, аднаго пры абстрэле пасекла асколкам проста ў пакоі, а цела другога я потым знайшоў пад заваламі», — кажа Яўген Сасноўскі.
Да вайны Сасноўскі працаваў у IT-сфэры, а ў вольны час захапляўся фатаграфіяй і граў у самадзейным тэатры. За 4 дні да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ён анансаваў на 25 сакавіка прэмʼеру новага спэктакля. Жыцьцё распарадзілася па-іншаму. Яўген Сасноўскі ня зьехаў з Марыюпалю да пачатку расейскага ўварваньня, бо ня верыў, што добра ўмацаваны горад зоймуць расейскія войскі. Акрамя таго, маці не магла хадзіць, а інваліднага вазка не было.
Пасьля пачатку вайны Сасноўскі тройчы спрабаваў пакінуць Марыюпаль, але ўсе спробы канчаліся нічым. Толькі на чацьвёрты раз ён здолеў трапіць на кантраляваную Ўкраінай тэрыторыю — абышлося нават без даведак аб «фільтрацыі», якія патрабуюць на блёк-пастах расейскія вайскоўцы. Зрэшты, кажа Сасноўскі, такія даведкі ўжо прадаюцца за некалькі соцень даляраў.
Сын Яўгена Сасноўскага са сваёй сямʼёй змог эвакуавацца з Марыюпалю 16 сакавіка. Пра гэта Сасноўскі даведаўся значна пазьней — калі змог скарыстацца перапынкам у абстрэлах і пешкі дайсьці да ягонага дому, дзе суседзі расказалі яму радасную навіну. Ніякай сувязі з сынам у яго не было. Сам сын таксама доўгі час нічога ня ведаў пра лёс бацькоў, пакуль у Марыюпалі не запрацаваў апэратар сотавай сувязі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі».
Вось фрагмэнты яго апавяданьня, праілюстраваныя здымкамі, якія Яўген уратаваў, схаваўшы сваю адзіную ацалелую камэру ад супрацоўнікаў спэцслужбы «ДНР».
Як жыцьцё ў Марыюпалі ператварылася ў пекла
«Яшчэ некалькі дзён пасьля таго, як пачалася вайна, у горадзе было сьвятло, сувязь, вада. Потым на адзін дзень сьвятло зьнікла, потым яго аднавілі, а потым ужо адключылі канчаткова. На працягу двух месяцаў мы ня бачылі ніводнай лямпачкі, якая сьвеціцца, і ніводнай кроплі вады з крана. Калі ў самым пачатку абвясьцілі эвакуацыю, калі яшчэ хадзілі цягнікі, я, шчыра кажучы, чамусьці ня верыў, што Марыюпаль можа быць заняты расейскімі войскамі. Я ведаў, што гэта сурʼёзны ўмацаваны раён, што ён ахоўваецца сурʼёзна, што да вайны тут усё гатова. Адзінае, чаго я не ўлічыў, — што ў Марыюпалі не было закрытае неба. Украінская артылерыя, разьмешчаная на „Азоўсталі“, доўгі час не дазваляла расейскім баевікам увайсьці ў горад, але калі пачала працаваць расейская авіяцыя, стала нашмат складаней. Ракетныя ўдары авіяцыі і бамбаваньні вырашылі сытуацыю на карысьць расейскіх войскаў.
16 сакавіка, літаральна за 20 хвілін да таго, як была скінутая бомба на Драмтэатар, мы з жонкай былі там. Побач з тэатрам ішло звычайнае жыцьцё, працавала палявая кухня, стаяла цыстэрна, зь якой раздавалі ваду. У мяне і думкі не было, што па ім могуць нанесьці ўдар. Мы ведалі, што там шмат людзей, там былі людзі з навакольных вёсак, зь левага берага, зь мікрараёну „Ўсходні“. Звычайныя марыюпальскія жыхары.
Праблема ў тым, што ў маёй жонкі ляжачая мама. На той момант у нас нават не было інваліднага вазка. Дома яна яшчэ перасоўвалася маленькімі крокамі па пакоі, але ў асноўным увесь час ляжала. Калі ўсе гэтыя падзеі сталі разьвівацца, яна нават перастала ўставаць: было холадна, і яна ўвесь час праводзіла ў ложку пад мноствам коўдраў. Усе мышцы атрафаваліся, нават крыху хадзіць яна ўжо не магла. Потым, у сакавіку, у нас зьявіўся вазок: нашыя суседзі, у хату якіх трапіў снарад, зьехалі і пакінулі нам свой інвалідны вазок, які і дапамог нам потым эвакуавацца з Марыюпалю».
Звычайны дзень у Марыюпалі
«Мы з жонкай жылі непадалёк ад дома яе мамы, у шматкватэрным доме. Туды мы толькі прыходзілі начаваць. Там нам асабліва нічога ня трэба было — ні сьвятла, нічога. Гадзіне а 5 вечара прыйшлі, леглі спаць, раніцай усталі і пайшлі зноў да мамы. Там наш дзень зводзіўся да таго, што трэба было насекчы дроў, каб разьвесьці вогнішча, трэба было знайсьці ваду, схадзіць на крыніцу. У бочкі набіралі дажджавую ваду — рукі памыць, посуд. З электрычнасьцю было складаней. На шчасьце, у нас была лямпа, да якой пры куплі прыкладалася маленькая сонечная батарэя, якая дазваляла гэтую лямпу зараджаць, ад гэтай лямпы потым нават можна было крыху зарадзіць мабільны тэлефон.
Праўда, даволі доўга ў гэтым не было ніякай патрэбы, бо ніякай сувязі не было: украінскія апэратары ўжо не працавалі, а апэратара „ДНР“ пад назвай „Фэнікс“ яшчэ не было. Толькі ў другой палове сакавіка мы змаглі купіць фэніксаўскую сім-карту і зь яе дапамогай упершыню датэлефанаваліся да нашых дзяцей. Так яны даведаліся, што мы жывыя. 20 сакавіка шматкватэрны дом, у якім мы жылі і куды хадзілі начаваць, цалкам згарэў. Засталіся толькі сьцены, не ацалела ніводнай кватэры. Фатаграфія нашага згарэлага дома трапілася сыну недзе ў інтэрнэце, натуральна, яны вельмі моцна перажывалі. Яны бачылі, што нашага дома больш няма, а што зь іх бацькамі — ня ведалі».
«Маці маёй жонкі жыла непадалёк у прыватным сэктары, у доме, які меў агульны двор яшчэ з двума дамамі. Гэта дом яе сына і дом, у якім жыла дачка сына са сваімі двума дзецьмі. Тры домікі невялікія было, у кожнай сямʼі свой. Абстрэлы ішлі ўвесь час, а знаходзілася ўсё гэта ў непасрэднай блізкасьці ад „Азоўсталі“. Як ляцяць ракеты з самалётаў на „Азоўсталь“, велізарныя слупы дыму ад выбухаў, агонь, усё гэта мы бачылі на свае вочы. На жаль, снарады ляцелі ня толькі на „Азоўсталь“, але і ў тыя дамы, дзе жылі мы.
Адзін з такіх снарадаў на самым пачатку абстрэлаў прыляцеў у суседні двор, на агарод. Я пабег у дом, даведацца, ці там мая жонка. Мама яе кажа: „Не, яе тут няма“. Я хацеў выскачыць на вуліцу, каб знайсьці яе, і ў гэты момант, калі я толькі выйшаў з пакоя маці на вэранду, у вэранду ўлятае снарад. Ён разарваўся літаральна за мэтар ад мяне. Вэранду ўсю разносіць дашчэнту, сьцены падаюць, камяні, дошкі, усё абсыпаецца, мяне завальвае шыфэрам, усё гэта валіцца на мяне.
Я ўжо ў думках разьвітаўся з жыцьцём, але аказалася, што пасьпяшаўся. Рукі варушацца, ногі варушацца. Я пачаў паціху разграбаць камяні і ўрэшце ўбачыў маленькі праменьчык сьвятла. Пачаў разграбаць далей, і ўрэшце здолеў выбрацца. Вакол стаяў слуп нейкага жоўтага пылу і вельмі непрыемны пах. Я нічога ня чуў, усё было як у тумане. Я ўбачыў сылюэт другога дома, у якім звычайна хаваліся пры абстрэле брат жонкі са сваёй сямʼёй. Я пайшоў туды, яны сапраўды былі там і вельмі ўзрадаваліся, калі мяне ўбачылі. Яны нешта мне крычаць, а я нічога ня чую. Мяне кантузіла, і я амаль аглух. Нават цяпер слых яшчэ вярнуўся да мяне ня цалкам.
Наступны раз, калі пачаўся чарговы абстрэл „Азоўсталі“, усё скончылася ня так добра. 17 сакавіка мы з жонкай раніцай таксама зьбіраліся ісьці да яе маці з нашага шматкватэрнага дома. Раздаецца стук у дзьверы, мы адчыняем, на парозе нашая пляменьніца са сваімі дзецьмі. Уся ў пыле, дзеці таксама ў пыле, у крыві. „Нас абстралялі, мы параненыя“. Мы, вядома, былі ў шоку. Пачалі глядзець іхнія раны. Гэта быў сапраўдны жах. У 8-гадовага хлопчыка на сьпіне вялізная рана, няма скуры, няма кавалка мяса. У дзяўчынкі расьсечаная галава. У жанчыны таксама на руцэ глыбокая рваная рана. З нагі хвошча кроў — але яна была ў такім шоку, што нават сама ня ведала, што ў яе яшчэ і дзьве раны на назе. Ня ведаю, як яна вяла двух дзяцей пад абстрэлам да нас, але яна гэта зрабіла.
Мы з жонкай як маглі прамылі гэтыя раны. Тады ў нас у двары яшчэ стаялі ўкраінскія вайскоўцы. Я падбег да аднаго, кажу: „Хлопцы, злучыце нас, калі ласка, у вас ёсьць рацыі нейкія, мне патрэбны Чырвоны Крыж, лекар нейкі, моцна параненыя дзеці, жанчына“. Яны сказалі, што ў іх ніякай сувязі з Чырвоным Крыжам няма, з гэтым яны дапамагчы ня могуць. Далі нейкі бінт і абязбольвальнае.
Лячыць нам з жонкай параненых дзетак і іх маці давялося самім. Суседзі далі яшчэ крыху бінту, перакіс вадароду. Мы вельмі баяліся, каб не было заражэньня, увесь час мералі тэмпэратуру. Дзякуй Богу, гэтага нам пазьбегнуць удалося. Дзецям было вельмі балюча, асабліва хлопчыку: сьпіна была вельмі моцна пашкоджаная, ён ня мог рухацца, ён увесь час казаў: „Мне баліць, мне баліць“. Іх маці таксама гераічна трывала ўсе свае болі, яна зь цяжкасьцю перасоўвалася, мы далі ёй дзьве палкі, зь іх дапамогай яна магла па пакоі маленькімі крокамі хадзіць.
На нейкі час яны засталіся жыць у нас у шматкватэрным доме. Праз 2 дні, 20 сакавіка, пачаўся чарговы абстрэл. Мы ўсе схаваліся ў калідоры. Мы чулі, што снарады ўжо пачалі трапляць проста ў наш дом, бо ён увесь тросься ад выбухаў. Загарэлася адна з кватэраў, пачалася паніка, людзі кажуць: „Давайце сыходзіць з дому“, нехта кажа: „Давайце паспрабуем тушыць“. У гэты момант у падʼезд урываецца група чачэнцаў. Сталі крычаць: „Зараз жа ідзіце адсюль“. Не давалі нічога сабраць. У нас ля дзьвярэй стаялі нейкія рэчы, дакумэнты, якія мы падрыхтавалі на выпадак эвакуацыі, але ні адзеньня, ні ежы мы толкам не змаглі ўзяць. Нас проста выгналі з кватэры, двух параненых дзяцей і іх маці, і нас з жонкай. Без адзінай крошкі хлеба, з двума тэрмасамі цёплай вады, мы выйшлі з кватэры і пайшлі шукаць, дзе нам далей жыць.
Знайшлі месца ў падвале суседняга дома. Далёка мы сысьці не маглі, жанчына перасоўвацца не магла. Іншыя жыхары пайшлі далей, у спакайнейшы раён, а мы пасяліліся ў падвале дома, які знаходзіўся побач з нашым. Там мы правялі наступныя два тыдні».
Жыцьцё ў падвале
«Толькі мы зайшлі ў падвал, гадзіна прайшла, можа нават менш, мы пачулі на вуліцы страшныя жаночыя крыкі — „Навошта яны выйшлі, навошта яны выйшлі!“. Мы зразумелі, што адбылося нешта страшнае. Здарылася вось што: малады хлопец выскачыў на вуліцу паглядзець, які гарыць паверх... Было трапляньне ў той дом, дзе мы сядзелі ў падвале, і ён выскачыў, каб паглядзець, куды менавіта трапіў снарад, каб паспрабаваць патушыць пажар. У гэты момант яго забівае снайпэр.
Малады хлопец, Дзяніс Мядзьведзеў. Яго бацька, Андрэй Мядзьведзеў, яшчэ ня ведаючы, што сын забіты, кінуўся да яго, спрабаваў дапамагчы. У гэтую сэкунду бацьку забіваюць таксама. Літаральна за некалькі крокаў ад уваходу ў дом яны абодва былі забітыя снайпэрам. Там яны праляжалі тыдзень ці, можа, нават больш. Засталася маці гэтага хлопца, жонка Андрэя, засталася дзяўчына Лера, жонка Дзяніса, і іх маленькая дачка, аднагадовая Каралінка. Яны потым таксама жылі разам з намі ў падвале, таму што ў іх была кватэра наверсе, на 9 паверсе, там ужо жыць было немагчыма. Яны здолелі выехаць праз Расею ў Прыбалтыку, і цяпер яны ў поўнай бясьпецы.
Параненаму 8-гадоваму хлопчыку, які напісаў дзёньнік, мы ў падвале працягвалі рабіць перавязкі — знайшлі нейкія старыя прасьціны для гэтага. Жыхары дома нам нават далі для гэтага маленькі пакойчык на першым паверсе, мы хадзілі туды рабіць перавязкі. Кожнае зьняцьцё гэтых „бінтоў“ было для малога страшным болем, дый для яго мамы таксама. Яна цярпела, але дзіцяці цярпець было вельмі цяжка, ён плакаў, крычаў. Бінты прысыхалі, мы іх размочвалі. Урэшце раны паціху пачалі гаіцца. Цяпер, калі я зьяжджаў, яны ўжо выглядалі нармальна, хлопчык больш не крычыць ад болю, а яго мама зноў можа хадзіць.
Недзе праз тыдзень пасьля таго, як мы трапілі ў падвал, маці гэтай жанчыны прыйшла да нас і сказала, што брат маёй жонкі памёр. Падчас таго абстрэлу, калі яны атрымалі раненьні, яны хаваліся ў ваннай. Яны змаглі выбрацца і прыйсьці да нас, а яго заваліла, пераламала яму ногі, была вельмі моцная страта крыві, дапамагчы яму было немагчыма. Да тых дамоў праз абстрэлы нават немагчыма было прайсьці. У той самы дзень мы яго не змаглі пахаваць. Змаглі зрабіць гэта толькі праз дзень, пахавалі яго ў гародзе.
На жаль, эвакуавацца маці дзяцей адмовілася. Яна перажывае, што ва Ўкраіне ня зможа забясьпечыць сябе і дзяцей фінансава, наймаць кватэру, апрануць іх. А ў Марыюпалі, паводле яе, у яе хаця б застаўся напалову разбураны дом. Мы цяпер спрабуем яе ўгаварыць. Я, прыехаўшы ў Кіеў, бачу на свае вочы, як тут клапоцяцца аб перасяленцах, асабліва перасяленцах зь дзецьмі. Я ўпэўнены, што і іх сямʼі абавязкова дапамогуць.
Празь некалькі тыдняў мы вырашылі, што з падвала вернемся ў прыватны сэктар. Там ужо да таго моманту абстрэлы крыху заціхлі, працягваліся ўжо толькі абстрэлы непасрэдна „Азоўсталі“. Усё гэта лётала над намі, але хаця б ужо не прылятала ў нашыя дамы. Я паспрабаваў хаця б часткова аднавіць адзін з трох дамоў: часткова адрамантаваў дах, стойкі разьбітыя. Увогуле, дом стаў «часткова прыдатным» для жыльля, хаця б не працякаў падчас дажджу».
Пра чачэнцаў у Марыюпалі
«Пасьля таго як тыя чачэнцы выгналі нас з кватэры на вуліцу, мне даводзілася сутыкацца зь імі яшчэ ня раз. Былі і даволі жорсткія сутыкненьні. Калі мы зь дзецьмі апынуліся ў падвале, у нас не было ежы — мы ж не пасьпелі нічога ўзяць з кватэры, а той ноччу яна згарэла разам з усім домам. Мы жылі на першым паверсе, у нас быў свой невялікі склеп, у якім захоўваліся невялікія запасы прадуктаў. Туды ж я схаваў каштоўныя рэчы: манітор, свае фотаапараты. Я пайшоў туды, каб праверыць, ці не ацалела нешта, але ў падвале таксама ўсё выгарала. Слоікі з варэньнем, закаткі нейкія — усё проста сплавілася ад высокай тэмпэратуры ў адну масу. Я зразумеў, што мы засталіся бязь ежы.
Я вярнуўся ў падвал суседняга дома, дзе мы правялі ноч. Як я ўжо казаў, шмат хто адтуль сышоў у больш бясьпечны раён. Я прайшоў па склепе і знайшоў маленькі кавалачак масла, які ад некага застаўся. Потым выйшаў на вуліцу, а з разьбітага балькона высыпаліся нечыя грэцкія арэхі. Я накалоў гэтых арэхаў, і мы змаглі першы раз за дзень пакарміць дзяцей — на лыжачцы масла і кавалачак арэшка.
Пасьля я вырашыў, што трэба нешта яшчэ пашукаць, і пайшоў уверх па праспэкце. Там у нас раней была сямейная пякарня, дзе мы раней куплялі булачкі і хлеб. Яна, натуральна, ужо была разьбітая, усё там было разбамбаванае. Я ўбачыў праз разьбітыя дзьверы, што на падлозе ў пякарні ляжаць нейкія цукеркі. Пралез туды, нагнуўся, узяў гэтыя цукеркі, паднімаюся — на мяне настаўлена руля аўтамата. Чачэнцы, пяць чалавек недзе, гаварылі з акцэнтам. Каманда: „Бягом да мяне! Што ты тут робіш?“ Я кажу: „Шукаю ежу, у мяне ў падвале дзеці, іх няма чым карміць“.
Іх гэта не асабліва хвалявала, мне загадалі распрануцца, хоць было даволі холадна, агледзелі, ці няма на мне сьлядоў нейкіх ад бронекамізэлькі ці яшчэ нейкіх сьлядоў, што я вайсковец. „Добра, апранайся, і бягом адсюль, каб мы цябе больш ня бачылі!“ Я пайшоў далей, а там побач была яшчэ адна маленечкая кватэрка, якую бабуля маёй жонкі ёй пакінула, там ніхто ня жыў, але я падумаў, што там можа быць вада і што-небудзь паесьці. Кватэра на той момант была яшчэ цэлая, цяпер яе ўжо таксама няма.
Я ўзяў там палову біклажкі вады і пайшоў у падвал, па паралельнай вуліцы, каб зноў не сустрэцца з чачэнцамі. На гэтай вуліцы таксама аказаўся патруль. Зноў крык: „Стой! Бягом сюды!“. Ізноў тое ж самае: „Што ты тут робіш, тут хадзіць нельга, у нас загад страляць без папярэджаньня“. Я растлумачыў, што мяне толькі што правяралі, у выніку яны пагадзіліся паглядзець толькі рукі. Сказалі: „Ідзі хутка адсюль і больш не зьяўляйся, калі што — скажы, што Сэйфулах цябе праверыў“.
Так і шукаў па каліву ежу. Знайшоў недзе паўбляшанкі тушонкі. Дзеці былі шчасьлівыя, злопалі яе за абедзьве шчакі, хоць яна была халодная. На другі ці на трэці дзень суседзі, якія ўбачылі, што нам няма чаго есьці, сталі прыносіць нам ежу — то талерку супу гарачага, то кашы. А потым у двары, дзе мы раней жылі, адкрылася палявая кухня, але ўжо расейская. Я быў вымушаны ў нейкай меры пераступіць церазь сябе і, нягледзячы на пачуцьці, які адчуваў да гэтых „вызваліцеляў“, пайшоў да іх. Калі я сказаў, што мне трэба дзяцей карміць, кухар — не ведаю, ён такі, з адэкватных быў — даў згушчонкі, тушонку, пачак печыва. Так мы яшчэ сілкаваліся некалькі дзён, а потым ужо назад пайшлі жыць у прыватны сэктар. Там у нас былі запасы, крупы нейкія, так што больш вышукваць такім чынам ежу нам не даводзілася».
Беспасьпяховыя спробы эвакуацыі
«У нейкі момант мы знайшлі стары радыёпрымач і пачалі лавіць украінскае радыё. У адзін зь дзён жонка пачула, што абвешчаная эвакуацыя ад гандлёвага цэнтру „Порт Сіці“ — маўляў, прыходзьце, будуць аўтобусы. У нас ужо ўсё было гатова і сабрана. Мы папрасілі суседа, у якога была машына, пагрузілі вазок і бабулю, і ён адвёз нас у „Порт Сіці“ — гэта крыху ў іншым канцы гораду, пешкі мы туды дабрацца не маглі. На пункце, які быў абвешчаны для збору, мы прастаялі да 7 вечара. Было вельмі холадна, моцны вецер, бабулю захутвалі як маглі, але ніякія аўтобусы так і не прыйшлі. Вяртацца назад у прыватны сэктар мы ўжо ня сталі. Непадалёк ад „Порт Сіці“, дзесьці за кілямэтар, была кватэра маёй сястры, якая на той момант ужо выехала з гораду. Перад выездам яна сказала, што ў суседкі ёсьць ключ, і калі спатрэбіцца, можна пажыць у яе. Мы туды дабраліся з вазком сваім ходам, праўда, гэта быў 8 паверх, але малады хлопец, сусед, дапамог нам занесьці бабулю на руках — ліфт са зразумелых прычын не працаваў. Там мы пераначавалі, а на наступны дзень была абвешчаная новая эвакуацыя з таго ж месца.
Мы зноў сваім ходам без машыны дабраліся да „Порт Сіці“ і зноў прастаялі там увесь дзень. У гэты дзень не было ветру, але быў моцны дождж. Мы ўсе намоклі, але ніякіх аўтобусаў зноў не было. Мокрыя, мы зноў ні з чым вярнуліся ў кватэру маёй сястры. На наступны дзень мы нікуды не хадзілі, а потым, празь дзень, зноў абвяшчаюць эвакуацыю, нібыта ўжо на 100%, што будзе з 10 да 12 пасадка, усе прыходзьце і кажыце іншым. Мы зноў кінуліся туды, але ніякіх аўтобусаў зноў не зьявілася».
Каб прайсьці «фільтрацыю», можна было заплаціць 100–200 даляраў
«Урэшце мы вырашылі, што будзем спрабаваць выбірацца з Марыюпалю прыватным чынам. Нам прапанавалі знайсьці кіроўцу, які пагодзіцца нас завезьці, прапанавалі некалькі варыянтаў. Адзін кіроўца прасіў вельмі шмат, але праблема была нават ня ў гэтым — у той момант у нас ужо была сувязь зь дзецьмі, і яны гатовыя былі гэта аплаціць. Праблема была ў тым, што гэты кіроўца патрабаваў даведкі аб „фільтрацыі“, а каб прайсьці „фільтрацыю“, трэба быў час — або можна было дадаткова заплаціць 100 ці 200 даляраў. Пра гэта нам расказалі тыя людзі, якія ўжо куплялі гэтыя даведкі, каб эвакуавацца. Кажуць, што гэтыя даведкі патрэбныя яшчэ і для таго, каб можна было потым вярнуцца. Так ці інакш, потым знайшоўся чалавек, знаёмы нашых сваякоў, які пагадзіўся нас завезьці практычна бясплатна. 30 красавіка, у суботу, мы зь ім выехалі з Марыюпалю.
Дарога была цяжкая, вялікая колькасьць расейскіх блёк-пастоў. На кожным посьце правяралі дакумэнты, адчынялі багажнік. Тым ня менш мы праехалі Палогі (акупаваны Расеяй горад у Запароскай вобласьці. — РС), ехалі ўжо на Арэхаў. Арэхаў на той момант быў ужо ўкраінскай тэрыторыяй, дый цяпер таксама. Але ў Арэхаў нас ужо не пусьцілі, таму што там былі баявыя дзеяньні, сказалі ехаць на Такмак (таксама акупаваны Расеяй горад у Запарожжы. — РС).
Добра, што ў гэтай частцы Запароскай вобласьці ўжо працавала ўкраінская сотавая сувязь. Мы змаглі зьвязацца з нашай дачкой, яна нас скаардынавала — аказалася, што ў Такмаку ёсьць выдатнае месца для перасяленцаў, царква на вуліцы Шаўчэнкі, 8, адкуль фармуюцца калёны на эвакуацыю. Там нас прынялі цудоўна. Першы раз за два месяцы мы ўбачылі лямпачку, якая сьвеціцца. Першы раз за два месяцы з крана цякла вада. Гэта было як цуд нейкі. Нас накармілі, далі месца, дзе можна было паспаць.
Празь дзень абвяшчаюць чарговую эвакуацыю, ужо на выезьдзе з Такмаку. Гэта меліся быць аўтобусы ААН, якія забіралі людзей з „Азоўсталі“. На пункце збору мы прачакалі ўвесь дзень, зноў прамоклі, але потым даведаліся, што гэтая калёна нават ня выехала з Марыюпалю. На наступную раніцу нам сказалі, што едзе калёна з маршрутак, за грошы, і зь ёю мы выехалі з Такмаку на наступную раніцу, а 7-й раніцы.
Таксама была цяжкая дарога, пастаянныя праверкі, асабліва пільна правяралі маладых хлопцаў. Мы ехалі цэлы дзень, дабраліся да апошняга расейскага блёк-паста, дзе была самая пільная праверка. Калі павінна была падысьці наша чарга на праверку, зьявілася тая самая калёна ААН з „Азоўсталі“. У ёй была вялізная колькасьць аўтобусаў, 50 ці 60, але толькі першыя пяць зь іх былі напоўненыя людзьмі. Гэта адбылося таму, што расейскія ўлады ці ўлады „ДНР“ не дазволілі ім браць людзей па дарозе — а толькі ў Бярдзянску на трасе іх чакалі больш за 2 тысячы чалавек.
У выніку гэты блёк-пост зачынілі на праверку гэтых аўтобусаў, а нас адправілі на іншы. Жанчыны рыдалі, яны думалі, што нас адпраўляюць назад у Такмак, калі Ўкраіна была ўжо так блізка. Нам пашанцавала: на іншым блёк-пасьце, у Васільеўцы, нас прапусьцілі нават без асаблівага надгляду, бо было ўжо вельмі позна. Мы пытаемся ў кіроўцы: „Гэта апошні блёк-пост?“. Ён кажа: „Ня ведаю“. І тады я ўбачыў украінскі сьцяг. Потым мы ўжо ўбачылі ўкраінскі блёк-пост, украінскіх салдатаў. Зусім іншыя твары, зусім іншы выраз твару, іншыя паводзіны. Абсалютна іншыя людзі ў параўнаньні з тымі, якіх мы сустракалі яшчэ за паўгадзіны да гэтага. Шчасьцю людзей, якія сядзелі ў аўтобусе, не было мяжы. Я да гэтага часу памятаю хлапчука, які сядзеў наперадзе мяне. Ён радасна крычаў маме: „Мама, мама, салдат мне памахаў!“ Потым нас прывезьлі ў Запарожжа, у цэнтар дапамогі перасяленцам, дзе таксама ўсё было выдатна арганізавана, далі рэчы, разьмеркавалі нас у гатэль, і адтуль мы ўжо прыехалі ў Кіеў».
Пра калябарантаў
«Ёсьць такія, вядома, ёсьць. Быў адзін, які спрабаваў мяне здаць „Міністэрству дзяржаўнай бясьпекі ДНР“, калі мы жылі ў падвале. Гэта быў жыхар дома, дзе быў той падвал. Яшчэ ў самым пачатку абстрэлаў, калі МДБ рабіла „абыход“, ён не прамінуў ім паведаміць пра мяне. Падзывае мяне: „Яўген, падыдзі, тут з табой хочуць пагаварыць“. Я падышоў, там стаялі да зубоў узброеныя МДБ-шнікі з даволі суровым выглядам і намерамі. Пачалі даволі жорсткае апытаньне: „Давай, расказвай, што ты тут здымаў“. Я патлумачыў, што нічога асабліва не здымаў, чыста для гісторыі здымаў, як людзі вогнішчы разводзяць і гэтак далей, а тое, што здымаў — усё згарэла ў тым падвале, які быў у нашым доме, разам з фотаапаратамі. Яны не паверылі, сказалі: „Хлусіш!“. Я прапанаваў ім самім пайсьці паглядзець на два гарэлых фотаапарата, якія там сапраўды ляжалі. Ну а тое, што трэці фотаапарат у мяне быў са мной у падвале суседняй хаты, дзе мы ўладкаваліся, я ім казаць ня стаў. Увогуле, сяк-так яны паверылі мне. Спыталі: „Вам чачэнцы галовы ня рэзалі?“. Я кажу: „Не, дзякуй богу!“ Адказваюць: „А мы будзем рэзаць“. Таварыш, які хацеў зарабіць на мне пункты, атрымаў сваё ў той жа дзень. Гэтыя ж МДБ-шнікі адлупцавалі яго па поўнай. Ім не спадабалася, што ён хацеў іх рукамі „аджаць“ кватэру свайго суседа.
Былі і такія людзі, якія, калі па горадзе пайшла калёна расейскіх танкаў, махалі ім рукамі. З акна свайго пабітага дома машуць і крычаць „Слава Расеі!“, хоць Расея ж іх дом і разбурыла. Большасьць з тых, хто цяпер застаўся ў Марыюпалі, гэта людзі, якіх новы парадак задавальняе, хоць ёсьць і тыя, хто пакуль ня змог эвакуавацца ва Ўкраіну. У Расею пры гэтым эвакуавацца ўвесь гэты час было даволі проста: часта хадзілі аўтобусы на Растоў, на Данецк, на Дакучаеўск. Там людзі ўжо праходзілі „фільтраваньне“. Выехаць у тым напрамку асаблівых праблем не было».