«Інвэстыцыяў ня будзе, мае сябры спалохаліся», — нямецкі прадпрымальнік скардзіцца на гіпэрмаркет «Алмі»

Your browser doesn’t support HTML5

Як інвэстар зь Нямеччыны спрабаваў стварыць бізьнес у Берасьці

Інвэстарам — зялёнае сьвятло. Прынамсі, на беларускім дзяржаўным тэлебачаньні такія словы можна пачуць з вуснаў вышэйшых чыноўнікаў. Распачаць бізнэс у Берасьці вырашыў грамадзянін Нямеччыны Ільгар Роор, але займеў толькі праблемы і фінансавыя страты.

Прадпрымальнік з азэрбайджанскімі каранямі Ільгар Роор ужо каля 20 гадоў жыве ў Эўразьвязе, летась упершыню прыехаў у нашу краіну і вырашыў адчыніць кавярню-кебаб у Берасьці:

«Берасьце зусім паблізу ад нас, скажам, каля тысячы кілямэтраў. І мне ня раз даводзілася чуць, што гэта стары горад, дзе ёсьць што пабачыць, сюды прыяжджае шмат турыстаў. І калі я прыехаў сюды ўпершыню як турыст, то ў мяне склалася ўражаньне, што горад і краіна не адрозьніваюцца ад Эўропы.

Ільгар Роор — бізнэсмэн зь Нямеччыны

Я адразу ж тут адчуў сябе як у Нямеччыне. Таму і вырашыў распачаць тут бізнэс. Са сваімі нямецкімі кампаньёнамі мы вырашылі адчыніць кавярню, такую ж, як і ў нашай краіне. Гэта быў толькі першы крок нашых інвэстыцыяў, бо мы пастанавілі паглядзець як бізнэс будзе разьвівацца, вывучыць заканадаўства Беларусі».

Спадар Роор распавёў, што зарэгістраваў таварыства з абмежаванай адказнасьцю, набраў калектыў — мэнэджэра, юрыста, якія дапамагалі распачынаць справу:

«Празь некаторы час прадстаўнікі маёй кампаніі заключылі дамову з кіраўніцтвам гіпэрмаркету «Алмі» ў Берасьці на арэнду памяшканьня, якое пасьля вырашэньня юрыдычных аспэктаў я пачаў рамантаваць. У лютым працы былі амаль завершаныя. Але я вымушаны быў зьехаць у Нямеччыну. А калі вярнуўся назад, у дачыненьні да мяне пачаліся прэтэнзіі, значную частку якіх я не зразумеў.

«Я інвэставаў сюды каля дзесяці тысяч даляраў»

Напрыклад, ад мяне патрабавалі стварэньня вельмі маленькіх памяшканьняў, патрабавалі зрабіць вэнтыляцыю. Для мяне гэта было дзіўным, бо па сутнасьці я арандатар і павінен аплочваць арэнду, але ніяк не павінен займацца будаўніцтвам у гіпэрмаркеце. Але ў адказ мне казалі, што калі не жадаю — то тады «да пабачэньня». У выніку я вымушаны быў рабіць так, як яны патрабавалі».

Потым Ільгар ізноў зьяжджаў у Нямеччыну, а калі вярнуўся, то пабачыў, што з памяшканьня, якое ён рамантаваў, выходзілі невядомыя людзі:

«Хто яны, я так і не даведаўся. А роўна праз тры дні пасьля гэтага ў памяшканьне, якое я арандаваў і рамантаваў, у прамым сэнсе слова ўварваліся нейкія людзі, прычым узламалі дзьверы ды пачалі руйнаваць тое, што я зрабіў. Я зьвярнуўся да дырэктара гіпэрмаркету, а той сказаў, што дырэкцыя «Алмі» аддала памяшканьне, якое я арандаваў, іншым. На маё пытаньне, як гэта магчыма, маўляў, я ж інвэставаў шмат сродкаў і часу ў гэтае памяшканьне, мне сказалі зьвяртацца да кіраўніцтва кампаніі, у прыватнасьці, да намесьніцы галоўнага дырэктара кампаніі Натальлі Дудко.

Рамонт, які рабіў бізнэсмэн у памяшканьнях «Алмі». Фота з архіву Ільгара Роора

Доўга я зь ёю спрабаваў скантактавацца. Калі ж гэта ўдалося, яна ў надзвычай грубай форме адказвала мне. Гэта было вельмі непрыемна. Усе мае спробы скантактавацца з генэральным дырэктарам кампаніі былі безвыніковыя. А для мяне далей выдаткі павялічваюцца. У Нямеччыне ў мяне таксама бізнэс, сям’я», — распавёў Свабодзе інвэстар зь Нямеччыны.

У выніку, кажа Ільгар Роор, кіраўніцтва гіпэрмаркету паведаміла яму, што ён мусіць палічыць свае выдаткі на рамонт памяшканьня, маўляў, грошы вернуць:

«Я падлічыў, што інвэставаў каля дзесяці тысяч даляраў. Але ў кампаніі з гэтым не пагадзіліся, сказалі, што падлічаць самі і вернуць мне грошы. Праўда, вярнуць абяцалі не афіцыйна, гэтак званай «чорнай гатоўкай». Але ў іх падлічаная сума маіх выдаткаў склала спачатку ўсяго чатыры, а потым пяць тысяч даляраў. Але гэта сьмешна. Я ж толькі на стварэньне вэнтыляцыі выдаткаваў ледзь ня дзьве тысячы даляраў», — абураецца Ільгар Роор.

У адным з памяшканьняў ужо замянілі сьветлую плітку на чорную

«Агулам справа зацягнулася на некалькі месяцаў, усе мае падлікі і дакумэнты невядомым чынам зьніклі. У адміністрацыі кампаніі сказалі, што мэнэджэры пазвальняліся, і дзе мае паперы, ніхто ня ведае. Наагул, я не разумею, навошта такім чынам са мною робяць. Гэтыя грошы, якія я, па сутнасьці, ужо страціў, можа, і не такія вялікія. Але я асабіста бачыў з экранаў тэлевізараў вашага кіраўніка краіны, які абяцаў зялёнае сьвятло для інвэстараў з Захаду. Прагучала, што кожны можа сюды прыехаць, стварыць сваю фірму. Прагучаў загад, каб інвэстараў з прыязнасьцю сустракалі, стваралі ім варункі. Я паверыў гэтым словам, прыехаў сюды. Але насамрэч пабачыў зусім іншую сытуацыю», — распавёў бізнэсовец зь Нямеччыны.

Натальля Дудко, намесьніца генэральнага дырэктара «Алмі» па рэкляме, зь якой спадар Ільгар меў справу, на просьбу журналістаў выказаць сваю пазыцыю, адмовілася ад якіх-кольвек камэнтароў:

«У гэтым пытаньні я не даю аніякіх камэнтароў. Спадар Роор можа казаць што заўгодна, але мы, у адрозьненьне ад яго, камэнтаваць ня будзем».

«Я асабіста бачыў з экранаў тэлевізараў вашага кіраўніка краіны, які абяцаў зялёнае сьвятло для інвэстараў з Захаду»

Былы мэнэджэр Берасьцейскага гіпэрмаркету «Алмі» С. у размове з карэспандэнтамі Свабоды сказаў, што сытуацыя зь нямецкім прадпрымальнікам вельмі непрыемная. І пачаліся непрыемнасьці ад самага пачатку:

«Яму нават копіі дамовы аб арэндзе не далі. Пасьля таго як дакумэнты былі падпісаныя ў Берасьці, я накіраваў іх у Менск, дзе павінны былі паставіць пячаткі і даслаць копію Роору. Але гэтага ніхто так і не зрабіў. Калі яго ж абвінавачваюць у тым, што ён своечасова не прадставіў неабходную дакумэнтацыю для адкрыцьця кавярні, то ў той жа момант усё роўна не было яшчэ ўзгадненьняў і дазволу ад санстанцыі. Так што тут палка з двума канцамі. А чалавека проста выкінулі, хоць і абяцалі, што кампэнсуюць выдаткі на будаўніцтва».

Гіпэрмаркет «Алмі»

Ільгар Роор скрушліва адзначае, што спадзяваўся на стварэньне ў Беларусі маштабнага бізнэсу і разьлічваў прыцягнуць сюды буйныя інвэстыцыі сваіх партнэраў, але пасьля сытуацыі з «Алмі» гэтым плянам ня будзе рэалізацыі:

«Скажу яшчэ, што тут у вас я пазнаёміўся зь бізнэсоўцамі, якія робяць драўляныя дамы. Гэта амэрыканская, калі не памыляюся, тэхналёгія, якой у Нямеччыне наагул няма. Калі сваім сябрам я распавёў пра гэта, яны былі ў захапленьні і выказалі гатовасьць інвэставаць нават пяць-шэсьць мільёнаў эўра, каб стварыць тут гэты бізнэс і прадаваць прадукцыю (дамы) у сваёй краіне. Таму мы і вырашылі распачаць бізнэс з малога — стварэньня кавярні, каб паглядзець, якія варункі працы.

Але пасьля ўсёй гэтай гісторыі, праблемаў — скажу, што інвэстыцыяў дакладна ня будзе. Мае сябры спалохаліся гэтай сытуацыі».