Каля Армускай пратокі застаюцца заблякаванымі 1500 караблёў і 20 000 чальцоў экіпажаў

Мапа Армускай пратокі, 4 траўня 2026 году

Такія зьвесткі агучыў кіраўнік Міжнароднай морскай арганізацыі.

Паўтары тысячы караблёў заблякаваныя ў Пэрсыдзкай затоцы праз іранскую блякаду Армускай пратокі, заявіў 7 траўня кіраўнік Міжнароднай морскай арганізацыі ААН (ІМО, International Maritime Organisation —спэцыялізаваная ўстанова ААН, якая адказвае за бясьпеку вадаплаўства).

«Зараз у нас заблякаваныя прыкладна 20 000 чальцоў экіпажаў і каля 1500 караблёў», — заявіў на паседжаньні Морскай канвэнцыі Амэрыкі ў Панаме генэральны сакратар ІМО Арсэніё Дамінгес Вэляска , якога цытуе AFP.

Пасьля амэрыкана-ізраільскіх авіяўдараў па Іране, што пачаліся 28 лютага, Тэгеран заблякаваў пратоку, празь якую да вайны транспартавалася каля 20 працэнтаў усясьветных паставак нафты і газу.

Арсэніё Дамінгес нагадаў, што морам перавозіцца больш за 80 працэнтаў усіх спажываных тавараў у сьвеце.

Чальцы экіпажаў, якія апынуліся ў пастцы, — гэта «невінаватыя людзі, якія штодня выконваюць сваю працу на карысьць іншых краін», але «трапілі ў пастку геапалітычных сытуацыяў, на якія ня могуць уплываць», — сказаў Дамінгес кіраўнікам галіны і прадстаўнікам ІМО.

«Дзесяць маракоў загінулі» ў выніку больш чым 30 нападаў на караблі, паведаміў ён журналістам.

Кіраўнік ІМО заклікаў не адпраўляць караблі ў Пэрсыдзкую затоку, каб не павялічваць колькасьць загінулых сярод маракоў і ня несьці далейшых эканамічных стратаў.

Да пачатку канфлікту пятая частка ўсясьветнага аб’ёму нафты і газу праходзіла праз Армускую пратоку. Закрыцьцё яе прывяло да значнага глябальнага росту цэнаў на вуглевадароды.

Цяпер Вашынгтон чакае адказу Ірану на прапановы аб спыненьні вайны і аднаўленьні праходу цераз Армускую пратоку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША атакавалі аб’екты Ірану ў Пэрсыдзкай затоцы, але заявілі, што спыненьне агню «ўсё яшчэ дзейнічае»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Віцэ-адмірал ЗША расказаў пра рызыкі сытуацыі ў Армускай пратоцы

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.