«Ня думаю, што ініцыятыва расейскай чыгункі вельмі актуальная для беларускага боку», — экспэрт

Тацяна Манёнак

Чаму Расея дала раптам зьніжку на транзытныя перавозкі нафтапрадуктаў зь беларускіх станцыяў Барбароў і Наваполацак у напрамку партоў на паўночным захадзе Расеі? І ці скарыстаецца гэтай зьніжкай Беларусь?

Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак у інтэрвію карэспандэнту Свабоды адзначыла, што цяперашняе становішча расейскай чыгункі ня вельмі добрае.

«Зьмяншаецца экспарт, а высокаліквідная прадукцыя, якая цяпер яшчэ перавозіцца чыгункай — бэнзін, дызпаліва, мазут — у пэрспэктыве будзе перапраўляцца праз трубы. У Расеі ўжо пабудавана некалькі нафтапрадуктаправодаў, па якіх перапампоўваецца паліва на экспартныя рынкі. І бліжэйшым часам гэтая тэндэнцыя працягнецца. Таму расейская чыгунка шукае магчымасьці, як павысіць грузазварот найперш высокаліквіднай прадукцыі. Адсюль і зьніжка».

Паводле Манёнак, у Расеі ўжо даўно прынялі стратэгію перанакіраваньня грузаў у расейскія парты.

«Гэта адміністрацыйны чыньнік, якому ня змогуць супрацьстаяць расейскія кампаніі.

Канечне, вялікі абʼём беларускіх нафтапрадуктаў прадаецца на экспарт праз парты. Хаця ў Беларускай нафтавай кампаніі, якая мае статус спэцэкспартэра нафтапрадуктаў, такая стратэгія — менш прадаваць праз парты, а больш на сумежных рынках. Бо ў гэтым выпадку кампанія атрымлівае больш прыбытку.

Апошнім часам Беларуская нафтавая кампанія ўсё больш прадае нафтапрадуктаў. Гэта тычыцца ня толькі Ўкраіны — аднаго з самых прыбытковых і пэрспэктыўных рынкаў, — але таксама Малдовы. Ну і Латвіі, Літвы і Эстоніі. Там, дарэчы, створана інфраструктура, каб больш эфэктыўна прадаваць нафтапрадукты. У Латвіі створана даччыная кампанія Беларускай нафтавай кампаніі, празь якую прадаюцца нафтапрадукты. І калі нафтапрадукты транспартуюцца праз парты, то задача гэтай кампаніі — узяць на сябе ўвесь гэты транспартны ланцужок. Гэтая стратэгія ўжо выпрацавана і пасьпяхова дзейнічае.

Я сумняваюся, што расейскія парты змогуць прапанаваць настолькі ж канкурэнтаздольны лягістычны ланцужок, як і прыбалтыйскія парты.

А самае галоўнае, што за беларускія нафтапрадукты ў прыбалтыйскіх партах канкуруюць некалькі нафтавых тэрміналаў. Таму яны робяць істотныя зьніжкі, каб на сябе накіраваць гэты грузапаток. Стратэгічнае партнэрства з прыбалтыйскімі кампаніямі дазваляе беларускаму боку разглядаць увесь гэты лягістычны ланцужок.

Таму я сумняваюся, што такая разавая акцыя расейскай чыгункі сурʼёзна адабʼецца на транспартных патоках беларускіх нафтапрадуктаў. Я сумняваюся, што расейскія парты змогуць прапанаваць настолькі ж канкурэнтаздольны лягістычны ланцужок, як і прыбалтыйскія парты.

Там ужо заключаны доўгатэрміновыя кантракты, выпрацаваны схемы. І я ня думаю, што Беларуская нафтавая кампанія будзе ламаць гэтыя схемы. Калі не ўмяшаюцца нейкія палітычныя фактары. Ня думаю, што ініцыятыва расейскай чыгункі вельмі актуальная для беларускага боку».