Лукашэнка: праз 70 гадоў у Эўропе зноў запахла гарам

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Беларусь гатова зрабіць усё неабходнае дзеля міру ва Ўкраіне. Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным 70-годзьдзю Перамогі.

«Беларусь ужо нямала зрабіла для таго, каб на ўкраінскай зямлі запанаваў мір. І мы гатовыя зрабіць для гэтага яшчэ больш — усё, што спатрэбіцца, каб спыніць гэтую вайну. Калі мы, славяне, самі не дамовімся, самі ня вырашым, што нам рабіць, то ніхто іншы нам не дапаможа», — заявіў Лукашэнка.

«Праз 70 гадоў пасьля Другой сусьветнай вайны ў Эўропе зноў запахла гарам. І самае жудаснае, пра што і думаць не маглі пераможцы, а таксама мільёны забітых, закатаваных у фашысцкіх засьценках, спаленых у канцлягерах, — што мы, іх нашчадкі, будзем страляць адзін у аднаго, брат пойдзе на брата і будзе яго зьнішчаць! Але гэта здарылася, здарылася на зямлі, шчодра палітай крывёю пераможцаў. Жудасны „падарунак“ загінулым і жывым! Страшны боль для вэтэранаў!»

Паводле Лукашэнкі, тысячагадовая гісторыя навечна згуртавала тры роднасныя народы: беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў. «Трагічныя падзеі ў нашых братоў — гэта наш боль», — падкрэсьліў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка адзначыў, што «мы выявіліся дрэннымі спадкаемцамі тых, хто перамог у той вайне»:

«Мы ня выратавалі, не ўтрымалі тую краіну, якую яны абаранялі, і, больш за тое, мы разьвязалі на гэтай славянскай зямлі недаравальную для нас вайну. І чым раней мы гэта ўсьвядомім і зробім усё неабходнае, каб яе спыніць і пакаяцца, пакуль яшчэ жывыя ня толькі вэтэраны, але і ўдзельнікі вайны, тым лепш будзе для нашага пакаленьня».

Таксама Лукашэнка заявіў, што Беларусь здольная рашуча спыніць любыя спробы ўмяшаньня звонку:

«У Беларусі хопіць палітычнай волі, сіл і сродкаў, каб рашуча спыніць любыя спробы ўмяшаньня ў яе ўнутраныя справы».

Паводле Лукашэнкі, некаторыя краіны і сёньня дазваляюць сабе ўмешвацца ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаў, а палітыка ціску і эканамічнага шантажу даўно стала штодзённасьцю.