На расейска-беларускіх вайсковых вучэньнях «Захад», якія пройдуць 14–20 верасьня, ад Латвіі будуць прысутнічаць тры назіральнікі. На двух назіральнікаў краіна атрымала запрашэньні ад Беларусі, да таго ж Расея запрасіла на манэўры вайсковага аташэ Латвіі ў Маскве.
МЗС Латвіі выказвае надзею, што назіральнікі змогуць атрымаць адэкватную і поўную інфармацыю пра ход вучэньняў, і падкрэсьлівае, што Латвія і яе хаўрусьнікі падчас ваенных вучэньняў асаблівую ўвагу аддаюць іх празрыстасьці, прадстаўляючы ў адпаведнасьці зь Венскім дакумэнтам Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе вычарпальную інфармацыю і запрашаючы замежных назіральнікаў, перадае Інтэрфакс.