«Праблема не ў Курапатах, праблема ў сыстэме», — Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

Пракуратура Менску разгледзела зварот старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча адносна будаўніцтва офіснага цэнтру ў межах ахоўнай зоны Курапатаў.

Пракуратура паведаміла Астаповічу пра вынікі праверкі аўкцыёну па зямельным участку пад будаўніцтва офіснага цэнтру побач з домам № 49 на вуліцы Мірашнічэнкі ў Менску. На момант аўкцыёну гэты зямельны ўчастак уваходзіў у межы ахоўнай зоны Курапат, якія былі зацьверджаныя ў 2004 годзе.

Паводле Астаповіча, зь ліста пракуратуры вынікае, што «Белдзіпразем», інстытут, які займаецца землеўладкаваньнем у Беларусі, ня меў інфармацыі пра межы ахоўных зонаў. У выніку згодна зь яго распрацоўкамі названы зямельны ўчастак і быў уключаны ў пералік тых участкаў, якія выстаўляліся на аўкцыён.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Антон Астаповіч сказаў, што гэта «насамрэч сыстэмная хвароба ў Беларусі».

— Вельмі часта ў нас у паралельнай прасторы існуюць нарматыўныя дакумэнты Міністэрства культуры, нарматыўныя дакумэнты па зямельным заканадаўстве і па прыродаахове. Насамрэч у нас вельмі часта ўсё гэта існуе ў паралельных плоскасьцях і ня ўвязваецца адно з адным. Таму для мяне нічога дзіўнага не было, калі ў адказе пракуратуры я прачытаў, што «Белдзіпразем» не валодаў інфармацыяй пра межы ахоўных зон. Сытуацыя такая, і пра яе Таварыства аховы помнікаў неаднаразова гаварыла і пісала. І пакуль гэтая праблема ня будзе вырашана комплексна, то яна ніколі ня будзе вырашана ў тых жа Курапатах. Гэта комплексная праблема — увязваньне ўсяго заканадаўства ў адно цэлае.

Праблема не ў Курапатах, праблема ў сыстэме. Што сыстэма не працуе

Антон Астаповіч мяркуе, што гэты выпадак ня быў сьвядомым наступам на межы гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў Курапатах.

— Я лічу, што калі завастрацца толькі на Курапатах, нічога не атрымаецца і з тымі ж Курапатамі. Гэта праблемы комплексныя. І Таварыства аховы помнікаў заўсёды гэтую праблему ставіць у комплексе. І наша пазыцыя найбольш абгрунтаваная і правільная. Таму што тыя ж Курапаты мы разглядаем як гісторыка-культурную каштоўнасьць, якіх у нас вельмі многа.

— Што будзе рабіць далей Таварыства, маючы такі адказ з пракуратуры?

— Будзем пісаць чарговы ліст з прапановамі, каб уся гэтая дакумэнтацыя па ахоўных зонах і пэрспэктыўная горадабудаўнічая дакумэнтацыя даходзіла, неяк увязвалася зь зямельнай дакумэнтацыяй. Будзе чарговая перапіска. Іначай гэта ня вырашыш.

— Як вы лічыце, з будаўніцтвам на Мірашнічэнкі ўжо такой небясьпекі не існуе? Плот там разабралі...

— Што тычыцца Курапатаў... Я аднолькавую небясьпеку бачу і для Курапатаў, і для гістарычнага цэнтру Менску, і для гістарычных цэнтраў Віцебску, Пінску... Я бачу аднолькавую небясьпеку. У любы момант нешта можа адбыцца. А для гэтага зноў-такі трэба ставіць пытаньне пра нармальныя мэханізмы рэалізацыі прававых нормаў. Праблема не ў Курапатах, праблема ў сыстэме. Што сыстэма не працуе. І таму гэта пастаянна ўсё вылазіць, у тым ліку і на Курапатах. Толькі ў нас наш актыўны народ тое, што робіцца вакол, не заўважае. Яны заўважаюць гэтыя праблемы толькі на Курапатах.