Купляйце сваё, гомельскае

На вітрыне ў «Асарці» — пераважна гомельская прадукцыя

Гомельскія гандлёвыя прадпрыемствы адгароджваюцца ад прадуктаў зь іншых рэгіёнаў Беларусі, найперш — ад малочных. І мясцовыя ўлады, выглядае, патураюць такой практыцы, пазбаўляючы людзей рэальнага выбару нават беларускай прадукцыі.

У крамах «Асарці» камунальнага аптова-розьнічнага прадпрыемства «Аблгандальсаюз», «Гомельхлебпрама», «Цукаргандалю», некаторых прадпрыемствах розьнічнай сеткі «Родная старонка» малочных прадуктаў зь Берасьця, Горадні, Менску няма ўжо тыдні тры. Гандляры звычайна тлумачаць гараджанам, што мясцовыя ўлады патрабуюць, каб у продажы пераважала малочная прадукцыя менавіта мясцовых вытворцаў. І каб было яе на вітрынах ня меней як 90 адсоткаў. А калі й зьявіцца малако вытворчасьці таго ж «Малочнага сьвету» з Горадні альбо «Савушкінага прадукта» зь Берасьця, то іх трэба хаваць далей ад пакупніцкага вока.

Прадавачка крамы «Асарці» на праспэкце Перамогі ў Гомелі гэтак тлумачыць адсутнасьць сёньня ў продажы малочнай прадукцыі зь іншых беларускіх рэгіёнаў:

«Таму што ў нас нідзе нічога не аплачана. Наш „Аблгандальсаюз“ ня хоча нічога іншага аплачваць, толькі каб была малочная прадукцыя з Гомеля й Рагачова. Забаранілі, сказалі, каб толькі сваіх, гомельскіх вытворцаў. Бачыце, як! Мы б таксама рады прадаваць — тое ж малако „Савушкінага“. Людзі ўсё пытаюцца».

Намесьніца дырэктара аптова-розьнічнага цэнтру «Асарці» Вольга Каваленка, адказная за наяўнасьць асартымэнту ў паўсотні крамаў «Аблгандальсаюзу», цьвердзіць, што дамовы з акцыянэрнымі таварыствамі іншых рэгіёнаў на пастаўку малочнай прадукцыі нібыта падоўжаныя. І калі, маўляў, будуць замовы крамаў, тады будзе й прадукцыя:

«Мы працуем. Лянгіруюцца ў нас дамовы на год зь іншымі пастаўшчыкамі. З усімі будзем працаваць. І з „Савушкіным прадуктам“, і з „Малочным сьветам“ з Горадні заключаныя дамовы. І з „Бабушкінай крынкай“ з Магілёва таксама. Іншым разам бываюць у нас пытаньні па аплаце. Бываюць. Калі будуць замовы крамаў, то будзе й тавар паступаць».

Малочны аддзел крамы № 19 Гомельхлебпраму

Сталага веку гамяльчук Аляксандар жыве побач з крамай «Асарці». Лічыць, што назьве сваёй крама адпавядае мала, у прыватнасьці, што да забесьпячэньня гараджанаў малочнай прадукцыяй:

«Тут, відаць, самы кепскі магазын на ўвесь горад. Па-першае, кошты высокія, да таго ж выбару няма. Не прывозяць, бо, пэўна, ня могуць. Калі ёсьць, то бяру „Савушкін“ — добрае малачко. Скажу так: тут кепскі выбар і кошты. Чаму так, ня ведаю».

У прадуктовай краме № 43 па Савецкай вуліцы — выбар малочнай прадукцыі надзвычай абмежаваны. Прапануюць толькі малако «Славіта» і мясцовы тварог. Пры гэтым таксама спасылаюцца на ўказаньне, нібыта дадзенае аднекуль «зьверху».

Пакупніца Валянціна кажа, што прыходзіць сюды толькі па хлеб ці крупы. Малочныя прадукты зараклася купляць:

«Ай, тут нядобрыя прадукты. Кіслыя. Сюды зь іншых месцаў не прывозяць. Тут — усё гомельскае. Я тут нічога не бяру, ні сьмятаны, анічога. Неяк кефіру купіла, дык выліла. Кіслы быў і сьмярдзючы».

Дзе тая крама, кабета не ўдакладніла. На супрацьлеглым баку Савецкай — вялікая крама «Родная старонка». Тут багата ёгуртаў, тварагу, сьмятаны з усёй Беларусі. Не было толькі малака нягомельскіх вытворцаў.

Загадчыца крамы тлумачыць:

«Усё заяўкі зробленыя, усё едзе. „Малочны сьвет“ сёньня ўжо едзе. Мы заяўкі зрабілі, і прадукцыя да нас едзе. У нас няма ніякай забароны. І асартымэнт заўсёды бывае. Аплацілі — і цяпер тавар проста ў дарозе».

«Родная старонка» дбае пра малочны асартымэнт

Ва ўправе гандлю гарвыканкаму, якая кантралюе выдачу ліцэнзіяў, сьцьвярджаюць, што не давалі ніякай забароны на закуп прадукцыі зь іншых рэгіёнаў краіны:

«Адно толькі было: нашым суб’ектам гаспадараньня на тэрыторыі Гомеля дадзена даручэньне працаваць зь мясцовымі вытворцамі на такіх жа ўмовах, як і зь іншымі. Зь мясцовымі вытворцамі — маецца на ўвазе Гомеля й Гомельскай вобласьці. Ніякай забароны на прадукцыю зь іншых рэгіёнаў не існуе. Усё на выбар суб’ектаў гаспадараньня. Якія ў іх дамовы, умовы — ніхто ім не дыктуе. Гэты яны самі вызначаюць».

Выглядае, што многія гарадзкія гандлёвыя прадпрыемствы даручэньне управы зразумелі па-свойму. Альбо тут ёсьць пэўная гульня: каб папаўняць мясцовы бюджэт, улады й раяць гандляваць прадукцыяй тутэйшых вытворцаў. Такая практыка пэрыядычна ўсплывае на паверхню, калі фінансавая сытуацыя ў краіне перажывае чарговыя забурэньні.