Колькі беларусаў жывуць на 100, 200, 300 даляраў на месяц. Інфаграфіка

Паводле зьвестак выбарачнага абсьледаваньня хатніх гаспадарак наконт узроўню жыцьця за ІІ квартал, якія публікуе Белстат, 61,9% беларусаў маюць на месяц меней за 400 рублёў сярэднедушавых наяўных рэсурсаў — грашовых прыбыткаў з улікам ільготаў і з дадаткам кошту прадуктаў з уласных агародаў.

2,8% беларусаў маюць меней за 150 рублёў на месяц, яшчэ 7,7% — ад 150 да 200 рублёў. 13,6% маюць больш за 600 рублёў на месяц.

Глядзець у высокім разрозьненьні

Найбольш сярэднедушавых наяўных рэсурсаў маюць у Менску: 28% — больш за 600 рублёў на месяц, 13,6% — 500–600 рублёў, 21,2% — 400–500 рублёў, толькі 0,4% маюць меней за 150 рублёў.

5,5% беларусаў маюць меней за пражытковы мінімум.

Аб’ём сярэднедушавых наяўных рэсурсаў у студзені-чэрвені 2016 году скараціўся на 7% да аналягічнага пэрыяду 2015 году. А за цэлы 2015 год тых рэсурсаў стала меней на 5,9% да цэлага 2014 году.

Штомесяц сярэднестатыстычная беларуская сям’я траціць на асноўныя выдаткі каля 680 рублёў. У асноўным грошы ідуць на харчаваньне (42%), за год падвысіліся выдаткі на ЖКГ (6,8% цяпер, 6% год таму), але ўпалі на культуру, спорт і турызм (2,3% цяпер, 2,7% год таму).

Пры гэтым сярэдняя намінальная налічаная зарплата за ліпень 2016 году, паводле зьвестак Белстату, склала 745,8 рубля.