15 здымкаў, якія паказваюць развал «вялікай дзяржавы»

Чэрвень 1979: Папа Ян Павал II наведвае родную Польшчу, зьбіраючы вялікую колькасьць людзей на сваіх выступах. Ён пазьбягае прамой крытыкі ў адрас камуністычных кіраўнікоў краіны, але яго асьцярожныя словы пра «неад’емныя» правы людзей дапамагаюць абудзіць дух супраціву ў Польшчы. Празь некалькі месяцаў у Гданьску была заснавана «Салідарнасьць», прафсаюз з моцным антысавецкім кіраўніцтвам, які ўжо праз год налічваў каля 10 млн чальцоў

Верасень 1983: Самалёт Korean Air Lines Flight 007, які рухаўся з ЗША ў Сэул з 269 пасажырамі і чальцамі экіпажу, адхіляецца ад курсу ў савецкую паветраную прастору. Савецкія зьнішчальнікі хутка падымаюцца ў паветра, прыняўшы яго за самалёт амэрыканскай выведкі. Пасьля таго, як папераджальныя стрэлы былі праігнараваныя, пілёт Су-15 Генадзь Асіповіч накіроўвае ракету ў Boeing 747. Самалёт падае ў мора Японіі. Ніхто ня выжыў

Сакавік 1985: Міхаіл Гарбачоў, які на фота віншуе прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана, становіцца генэральным сакратаром Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. Новы лідэр абяцае больш адкрытую і дэмакратычную савецкую будучыню. Такія заявы гучалі і раней, таму мала хто чакаў зьмены, але на гэты раз ўсё было па-сапраўднаму

1986: Сусьветныя цэны на нафту абрынуліся - падзеньне з 27 даляраў да ўзроўню ніжэй за 10 даляраў за барэль. СССР больш ня можа дазволіць сабе падтрымліваць слабую эканоміку сваіх краін-сатэлітаў

Красавік 1986: Чарнобыльская ядзерная катастрофа. Рэактар №4 на станцыі на поўнач ад Кіева выбухае. Нягледзячы на абвешчаную палітыку галоснасьці і адкрытасьці Гарбачова, старыя звычкі бяруць верх. Крэмль маўчыць на працягу некалькіх дзён – у гэты час радыеактыўны пыл пакрывае краіны Эўропы
 

Травень 1987: Маціяс Руст саджае арандаваны самалёт «Сесна» на Чырвонай плошчы ў Маскве. Руст спадзяваўся правесьці мірныя перамовы з Гарбачовым. Гарбачоў выкарыстаў гэты абарончы правал, каб пераадолець супраціў ваенных сваім рэформам

Сьнежань 1988: землятрус у Армэніі. Менш чым за 20 сэкунд цэлыя жылыя сэктары ператварыліся ў руіны. Арматурныя стрыжні, якія павінны ўмацоўваць канструкцыю некаторых будынкаў, былі выкрадзеныя і прададзеныя на «чорным рынку». Дапамога Захаду была прынятая, але большасьць накіраванага абсталяваньня для мэдыцынскай дапамогі і выратавальных работ так ніколі і не патрапілі месца прызначэньня з-за бюракратычных затрымак. Больш за 30 000 чалавек загінула

Люты 1989: пасьля дзевяці гадоў спробаў падтрымаць камуністычнае праўленьне ў Кабуле войскі СССР пакідаюць Афганістан. Нягледзячы на старанна прадуманае адступленьне, кветкі і авацыі ня могуць заглушыць шоку ад паразы «непераможнай» савецкай арміі. Падчас канфлікту загінула больш за 15 000 савецкіх вайскоўцаў і больш чым 1 000 000 афганскіх мірных жыхароў

Красавік 1989: трагедыя ў Тбілісі. Савецкія войскі атакавалі ўдзельнікаў дэманстрацыі за незалежнасьць газам і дубінкамі. Жорсткі разгон акцыі прывёў да сьмерці 20 чалавек, у тым ліку забітай да сьмерці 16-гадовай дзяўчыны. Рэшта году для СССР апынулася нешчасьлівай: прасавецкія камуністычныя рэжымы ў Польшчы, Вугоршчыне, Усходняй Нямеччыне, Баўгарыі, Румыніі і Чэхаславачыне абрынуліся

Лістапад 1989: Падзеньне Бэрлінскага муру. Заява кіраўніцтва ГДР заахвоціла тысячы людзей прыйсьці да сьцяны, якая падзяліла Нямеччыну. Памежнікі апусьцілі зброю і прапусьцілі людзей. Сьцяну разбурылі

Сьнежань 1989: рэвалюцыя ў Румыніі. Пасьля таго, як дзясяткі мірных жыхароў былі забітыя падчас разгону антыўрадавых дэманстрацый, камуністычны лідэр Чаўшэску робіць прамову з мэтай прадэманстраваць народную «адданасьць» яму і яго жонцы, якую румыны ненавідзелі ня менш за яго самога. Відэаздымкі гэтага звароту зафіксавалі момант, калі натоўп пачаў сьмяяцца над прамоўцам, і ўсемагутны тыран ператвараецца ў разгубленага чалавека. Калі людзі апанавалі вуліцы, муж і жонка Чаўшэску зьбеглі на верталёце. Неўзабаве іх злавілі і пакаралі сьмерцю праз расстрэл

Студзень 1990: у Азэрбайджане ўспыхвае этнічны канфлікт. Падчас пагромаў гінуць 90 армян. Калі ў рэгіён пад нагодай спыненьня гвалту ўвайшлі савецкія войскі, больш за 100 азэрбайджанцаў былі забітыя. На іх пахаваньне прыйшлі дзесяткі тысяч людзей

Студзень 1991: літоўцы патрабуюць незалежнасьці, Гарбачоў катэгарычна адмаўляецца дазволіць Балтыйскім краінам выйсьці з-пад кантролю СССР. Напружаньне расьце, у Вільню сьцягваюць узброеныя сілы, у тым ліку баявое падразьдзяленьне КДБ, чый удзел быў засакрэчаны. Гіне 13 грамадзянскіх, адзін памірае ад сардэчнага прыступу, а адзін службовец КДБ трапляе пад «дружалюбны» агонь. Тады змрочна жартавалі, што Гарбачоўская «перабудова» ператварылася ў «перастрэлку»

Жнівень 1991: Масква ў прадчуваньні грамадзянскай вайны пасьля таго, як КДБ і армія зладзілі путч, накіраваны на спыненьне развалу савецкай улады. Гарбачова затрымалі падчас адпачынку ў Крыме, а танкі акружылі будынак Белага дома з Ельцыным унутры. Пасьля таго, як людзі выйшлі на вуліцы, каб супраціўляцца, салдаты здаліся і пераварот пацярпеў няўдачу

Сьнежань 1991: Гарбачоў сыходзіць у адстаўку як прэзыдэнт краіны, якая перастала існаваць. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1990 году, заўсёды больш папулярны сярод заходняй публікі, чым сярод уласнай, ён верыў у камунізм да канца, але рэформы, якія ён распачаў, у выніку выйшлі з-пад яго кантролю