«Тут апранаюцца, як у Бэрліне». Немец у вышыванцы запісаў рэп пра Беларусь

Якаб Вёленштайн

Ягоны прадзед быў ваеннапалонным і адбудоўваў Менск пасьля вайны. А ўнук апавядае на ўвесь сьвет, якая Беларусь клясная краіна. Пачытайце інтэрвію з новым дырэктарам нямецкага фонду Якабам Вёленштайнам. Дарэчы, ён яшчэ і рэпэр.

Месяц таму ў сеціве зьявіўся відэаролік зь пералікам усяго добрага, што ёсьць у Беларусі. Аўтар — Якаб Вёленштайн. Ён новы дырэктар фонду Конрада Адэнаўэра (KAS, Konrad-Adenauer-Stiftung), найбуйнейшым беларускім праектам якога ёсьць форум «Менскі дыялёг».

«Падобна, гэта кляснае месца»

«Калі я вярнуўся ў Бэрлін у офіс KAS, усе сказалі: «Мы бачылі відэа і цяпер хочам у Беларусь. Падобна, што гэта кляснае месца», — кажа Якаб Вёленштайн.

Якаб кажа, што відэа спадабалася ўсім: і немцам, і беларусам. Прычым сярод апошніх былі і прадстаўнікі дзяржаўных органаў, і крытычна настроеныя людзі. «Гэта справядлівае апісаньне краіны», — казалі яму.

«Вы экзатычная краіна, — кажа Якаб. — Людзі вандруюць у Тайлянд, таму што гэта экзотыка, але краіна ў цэнтры Эўропы, пра якую яны нічога ня ведаюць, — гэта таксама экзотыка. І нават савецкую настальгію можна выкарыстоўваць як частку вобразу, калі ставіцца да гэтага з самаіроніяй, вядома».

Зь Беларусьсю ў Якаба асабістая гісторыя. Бацька ягонай бабкі трапіў у палон падчас Другой сусьветнай вайны і разам зь іншымі палоннымі немцамі мусіў адбудоўваць Менск. У прыватнасьці, чыгуначны вакзал.

«Для мяне заўжды вельмі кранальна праходзіць побач з будынкам старога вакзала, — кажа Якаб. — Бабуля амаль плакала: яе бацька памёр у Менску, яна была маленькім дзіцем, а цяпер ейны ўнук едзе сюды».

«Яны не выглядаюць, як усходнія эўрапейцы. Яны апранутыя, як бэрлінцы»

Разам з разьвіцьцём бясьпекі, эканомікі і эўрапейскай інтэграцыяй у сьпісе мэтаў фонду KAS Якаб называе і зьмену вобразу краіны. У Брусэлі, напрыклад, ніхто ўвогуле асабліва ня ведае пра Беларусь: ані дзяржаўныя, ані апазыцыйныя палітыкі туды проста ня езьдзяць. Хтосьці са знаёмых Якаба думаў, што Беларусь — гэта сталіца краіны Вайсрусьлянд (некаторыя немцы працягваюць называць краіну «Weißrussland», г.зн. «Белая Расея». — РС). Хтосьці думаў, што Беларусь — закансэрваваны савецкі музэй.

«Нядаўна мы прывозілі групу беларусаў у Нямеччыну, і немцы сказалі: „Яны не выглядаюць, як усходнія эўрапейцы! Яны апранутыя, як бэрлінцы“, — расказвае Якаб. — У тым і справа, яны ня з Марса. Людзі зьдзіўленыя нармальнасьці, якую яны бачаць, нягледзячы на ўвесь аўтарытарызм».

Якаб шмат што ў краіне хваліць, хоць часта дадае: гледзячы з чым параўноўваць.

«Калі вы кажаце, што ў Беларусі зашмат бюракратыі і інстытуты не працуюць належным чынам, то Бэрлін у пляне адміністрацыйных пытаньняў — гэта катастрофа, — кажа Якаб. — Калі я зьбіраўся ўзяць шлюб, мы мусілі атрымаць шлюбнае пасьведчаньне. Гэта былі тыдні прыніжальных спробаў хаця б запісацца на прыём. Аднак калі інстытуты бюракратычныя ці не залішне павольныя, гэта ня значыць, што яны не працуюць».

«У чым розьніца паміж Беларусьсю і Паўночнай Карэяй, калі абедзьве называць дыктатурамі?»

Вобраз «апошняй дыктатуры Эўропы» Якабу таксама не даспадобы. Па-першае, ён лічыць непрыдатным сам тэрмін «дыктатура». Нягледзячы на хібы ў законе і празьмерную ўладу міліцыі, беларусы могуць свабодна вандраваць і маюць незалежныя мэдыя. У немцаў увогуле дыктатура асацыюецца ў першую чаргу з нацызмам і ГДР. А сучасная Беларусь да іх зусім не падобная.

«У чым розьніца паміж Беларусьсю і Паўночнай Карэяй, калі выкарыстоўваецца адно і тое ж слова для апісаньня краіны? — разважае Якаб. — Узмоцненая аўтарытарная сыстэма, трывалае прэзыдэнцтва і ўсё, што тычыцца штучных выбараў — так. І мы, безумоўна, не павінны пра гэта забываць. Але я ня думаю, што слова „дыктатура“ калісьці давала адпаведнае тлумачэньне таму, што адбываецца».

У замежнапалітычным сэнсе важкае «але» ў вобраз Беларусі дадалі апошнія выбары. Нават тузін апазыцыйных дэпутатаў у парлямэнце дапамаглі б зьмяніць характарыстыку краіны з «тая, што стрымлівае дэмакратыю» на «тая, што дапускае апазыцыю ў парлямэнт».

Фонд Конрада Адэнаўэра мае офісы ў Кітаі, Расеі, нават Аўганістане — але няма офіса ў Беларусі. Цяпер яны падалі дакумэнты на рэгістрацыю. Хуткага станоўчага адказу Якаб не чакае, але ўпэўнены, што рэгістрацыя іх (і незалежных НДА ўвогуле) была б таксама добрым крокам для іміджу краіны.

«Нават калі вы не падзяляеце нашы каштоўнасьці, нашае знаходжаньне тут — гэта сыгнал, што краіна дазваляе разнастайнасьць думак і поглядаў, — кажа Якаб. — І што ў Беларусі ёсьць чым дыхаць тым, хто думае іначай. І гэта карысна для краіны, нават калі казаць пра інвэстыцыйны клімат. Інвэстары паўцякаюць, калі будуць думаць, што краіна не выглядае бясьпечнай. Але калі вонкавы сыгнал у тым, што краіна трывалая, усё разьвіваецца, рашэньні прымае адзін чалавек, але ня бойцеся, гэта прававая дзяржава і ёсьць невялікія, але зьмены — гэта іншая справа. І гэта тое, што працягвае казаць Макей: „У нас агульная мэта, і мы рухаемся павольна“ (Уладзімер Макей — міністар замежных спраў Беларусі. — РС). Але людзі звонку мусяць бачыць гэтыя дробныя рухі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Немец прадаў маёмасьць, каб езьдзіць па сьвеце. Што ён пабачыў у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусі трэба нацыяналізм». Ляўрэатка «Пулітцэра» пра радзіму прадзедаў і выхад з тупіку гісторыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта тысячы замежнікаў штогод шукаюць беларускія карані? 7 фактаў пра гістарычны архіў