Місія МВФ правяла «канструктыўныя перамовы» з уладамі Беларусі

Місія Міжнароднага валютнага фонду, якая 15 ліпеня завяршае свой візыт у Менск, правяла «канструктыўныя перамовы» з уладамі Беларусі.

Экспэрты МВФ меліся абмеркаваць палітыку ўладаў Беларусі, пляны рэформаў, а таксама вывучалі магчымасьць рэалізацыі праграмы МВФ у іх падтрымку.

Пра гэта паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ.

«Бакі дамовіліся працягнуць дыялёг па ключавых істотных і тэхнічных пытаньнях, якія неабходна дапрацаваць, каб забясьпечыць падрыхтоўку праграмы. Пры ўмове, што ў гэтай працы будзе дасягнуты дастатковы прагрэс, візыт місіі для правядзеньня афіцыйных перамоў па праграме можа быць заплянаваны сёлета пазьней», — паведамілі БЕЛТА ў МВФ.

Экспэрты МВФ кажуць пра дасягнуты прагрэс «у рэалізацыі палітыкі і плянаваньні па важнейшых напрамках, у тым ліку і ў галіне структурных рэформаў».

Місія МВФ пачала працу ў Беларусі 8 ліпеня.

Раней МВФ паведамляў, што гатовы выдаць новы крэдыт Беларусі толькі ў выпадку гатоўнасьці Менска рухацца па шляху глыбокіх рэформаў, накіраваных на павышэньне эфэктыўнасьці нацыянальнай эканомікі. Гаворка ідзе пра суму каля 3,5 млрд даляраў.