Расейскі амбасадар адхрысьціўся ад арыштаваных журналістаў «Регнум»

Аляксандар Сурыкаў на адкрыцьці беларускага аддзяленьня кісялёўскага Sputnik

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску ацаніў арышт трох журналістаў з расейскага сайту «Регнум».

«Гэта беларускія грамадзяне, гэта беларуская працэсуальная справа, гэта радыкальныя журналісты, я б так сказаў. Вельмі моцна сумняваемся, што ўсе гэтыя выступы працуюць на ўмацаваньне брацкіх сувязяў паміж расейскім і беларускім народамі. А вось многае ёсьць на ўбіваньне кліноў. Вельмі моцна сумняваемся, што гэтыя людзі – шчырыя патрыёты краіны, у якой яны жывуць і зьяўляюцца грамадзянамі. Таму што такія фармулёўкі, як «недадзяржава», «неданарод» не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны. Таму ў гэтай справе трэба вельмі добра разабрацца. Тут ёсьць дысгармонія ў пытаньнях свабоды слова, але ёсьць і пытаньне радыкалізму, разбурэньня міждзяржаўнай і брацкай дружбы».

Супраць беларускіх аўтараў парталу «Регнум» Дзьмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца, а таксама Сяргея Шыптэнкі заведзеная справа паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне міжнацыянальнай розьні групай асобаў), санкцыя якой прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.

Таксама сьледчымі быў названы заказчык публікацыяў Алімкіна і Паўлаўца – шэф-рэдактар парталу «Регнум» Юры Баранчык.

Ананіч: «Мы не дапусьцім, каб інфармацыйная прастора нашай сувэрэннай дзяржавы стала арэнай супрацьстаяньня і канфліктаў»

«Было высьветлена, што гэтыя асобы на ўказаньне шэф-рэдактара ІА „Регнум“ Юрыя Баранчыка, грамадзяніна Беларусі, які пражывае ў Маскве, рыхтавалі публікацыі за грашовыя ўзнагароджаньні. У ходзе праведзеных ператрусаў атрыманы зьвесткі пра датычнасьць названых асобаў да супрацьпраўнай дзейнасьці і атрыманьне імі грашовых узнагарод (у тым ліку празь перавод Western Union з тэрыторыі Расеі) за падрыхтоўку заказных публікацыяў», – паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч.