ЗША абнародуюць дасье пра ўмяшальніцтва Расеі ў прэзыдэнцкія выбары

Ілюстрацыйная выява

Барак Абама аддаў загад выведным службам падрыхтаваць і апублікаваць поўны агляд усіх матэрыялаў аб умяшальніцтве Расеі ў ход прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, ​ перадае The Guiardian.

Такое рашэньне Абама прыняў у адказ на трывалы ціск з боку сваіх паплечнікаў з Кангрэсу, якія патрабуюць рассакрэціць усе зьвязаныя з гэтай сытуацыяй зьвесткі. Дэмакратычная партыя і ейная кандыдатка ў прэзыдэнты Гілары Клінтан падчас выбарчай кампаніі неаднаразова падвяргаліся кампутарным нападам — меркавана, расейскіх хакераў, зьвязаных са спэцслужбамі.

Гэты загад Абамы стане адным з яго апошніх распараджэньняў на пасадзе кіраўніка дзяржавы, якую ён пакіне 20 студзеня 2017 года. Справаздача выведных службаў будзе прадстаўленая новаму прэзыдэнту, якім мае стаць рэспубліканец Дональд Трамп.