Гадавіна Чарнобыля ў Магілёве: апазыцыя і ўлады правялі асобныя мітынгі на ўскраінах

Расьцяжка пра гадавіну Чарнобыля. Рэдкая згадка ў Магілёве пра трагедыю, наступствы якой адчуваюць на сабе больш за 10 працэнтаў насельніцтва вобласьці

У Магілёве жалобныя імпрэзы, прымеркаваныя да 30-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, правялі і апазыцыя, і ўлада. Мясьціны, дзе праходзілі імпрэзы, — на ўскраінах, удалечыні ад люднага цэнтру.

У самім горадзе на будынках аблвыканкаму і гарвыканкаму не былі вывешаныя, як у мінулыя гады, дзяржаўныя сьцягі з чорнай стужкай. Такой сымболікі наагул было вобмаль. У цэнтры гораду пра гадавіну трагедыі нагадвала толькі расьцяжка на расейскай мове над праспэктам Міру, насупраць будынка абласной адміністрацыі.

Будынак гарвыканкаму. Раней на ўваходзе на гадавіну Чарнобыля вывешвалі дзяржаўны сьцяг з чорнай стужкай. На 30-годзьдзе сьцягоў няма.

Да Крыжа памяці, усталяванага непадалёк ад найвялікшых у горадзе Паўднёва-ўсходніх могілак, згадаць ахвяраў Чарнобыля прыйшло дзясятак актывістаў апазыцыйных арганізацыяў. За апазыцыянэрамі назіралі людзі ў цывільным са службовых «жыгулёў».

Выступоўцы крытыкавалі тое, як улады дбаюць пра сацыяльную абарону простых людзей, а таксама пасіўнасьць грамадзтва, якое, на думку апазыцыянэраў, задужа памяркоўнае.

Крыж памяці, ля якога правялі жалобную імпрэзу апазыцыянэры

«Ільготы, якія раней былі ў ліквідатараў-чарнобыльцаў ды тых, хто пражывае на забруджаных тэрыторыях, скасаваныя. Патрэбныя ім лекі падаражэлі ў некалькі разоў. Каб прайсьці мэдычны агляд, яны мусяць стаяць у чарзе па некалькі месяцаў. Гэтыя людзі пакінутыя сам-насам з сваімі праблемамі», — казаў ля крыжа памяці прафсаюзны актывіст Юры Новікаў.

«Можа, усё тут так адбываецца праз задужа вялікую памяркоўнасьць, — выказаў меркаваньне ў сваім выступе старшыня абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў. На ягоную думку, у Беларусі замала людзей неабыякавых. Ён згадаў і будоўлю Беларускай атамнай станцыі:

«Атамная станцыя патрэбная Лукашэнку для таго, каб атрымаць доступ да ядзернага матэрыялу. Колькі цяпер варыянтаў атрымліваць электраэнэргію з альтэрнатыўных крыніц! У Фінляндыі, я чытаў, пабудавалі вялізнае поле з сонечных батарэяў. А там жа сонца меней, чым у нас. У нас, варта нагадаць, атамная станцыя будуецца ва ўмовах дыктатуры. Да чаго прыводзіць атамная станцыя пры дыктатуры, мы ўжо ведаем», — заявіў Уладзімер Шанцаў.

Ускладаньне кветак да Крыжа памяці

Афіцыйны жалобны мітынг ля памятнага знаку «Мужнасьці ліквідатараў чарнобыльскай катастрофы» быў люднейшы за апазыцыйны. На яго арганізавана прыбылі школьныя дэлегацыі, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных арганізацыяў і праўладных грамадзкіх структур. Нямала было міліцыі.

Пачалася жалобная імпрэза з тэатральнай пастаноўкі і ўскладаньня кветак да памятнага знаку.

Намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Алег Чыкіда ў прамове нагадаў, што аварыя на ЧАЭС стала найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай 20 стагодзьдзя:

«Для Беларусі катастрофа стала найцяжэйшым нацыянальным экалягічным бедзтвам. Пад радыяцыйнае забруджаньне падпалі 23 працэнты тэрыторыі Беларусі, дзе пражывала звыш двух мільёнаў грамадзян. Сумарная шкода, нанесеная рэспубліцы Чарнобыльскай катастрофай, ацэньваецца ў разьліку на трыццацігадовы пэрыяд яе пераадольваньня ў 235 мільярдаў даляраў ЗША».

Мэмарыяльны знак «Мужнасьці ліквідатараў чарнобыльскай катастрофы»

Паводле яго, пасьля развалу Савецкага саюзу Беларусь апынулася сам-насам з «маштабнымі чарнобыльскімі праблемамі, вырашэньне якіх стала найгалоўнейшай дзяржаўнай задачай». «На пераадоленьне наступстваў катастрофы накіраваныя сродкі, — казаў Чыкіда, — эквівалентныя 22 мільярдам даляраў.

За кошт сродкаў дзяржавы забясьпечана паглыбленае мэдыцынскае абсьледаваньне і аздараўленьне насельніцтва. Забясьпечаны прававы рэжым утрыманьня пацярпелых тэрыторыяў».

На забруджаных тэрыторыях Магілёўшчыны пражывае больш за дзесяць працэнтаў насельніцтва [108,8 тысячы чалавек]. Дзеяньні ўладаў, цьвердзіў Алег Чыкіда, скіраваныя на падтрымку пацярпелых раёнаў. Асноўная іхная мэта, казаў ён, — гэта «пераход ад рэабілітацыі тэрыторыяў да ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця пры забесьпячэньні патрабаваньняў радыяцыйнай бясьпекі».

Кветкі ўскладаюць старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў (зьлева) і старшыня гарсавету Сяргей Іваноў (справа)

Афіцыйная чарнобыльская імпрэза праходзіла, як было пазначана ў анонснай заметцы на сайце Магілёўскага аблвыканкаму, на тэрыторыі абласной псыхіятрычнай бальніцы.

Да 2004 году тут месьціўся навукова-дасьледчы інстытут экалягічнай і прафэсійнай паталёгіі. Гэтая мэдычная ўстанова займалася і хваробамі, выкліканымі радыяцыйным узьдзеяньнем. Тут стаіць памятны знак ліквідатарам. Інстытут зачынілі шляхам рэарганізацыі.

Большую частку ўдзельнікаў афіцыйнага жалобнага мітынгу складала моладзь