Як актывісты ЛГБТ троляць Чэмпіянат сьвету-2018

Шасьцёра актывістаў руху за правы ЛГБТ-супольнасьці (зьлева направа) з Гішпаніі, Нідэрляндаў, Бразыліі, Мэксыкі, Аргентыны і Калюмбіі адправіліся на вуліцы Масквы, каб пранесьці на сабе вясёлкавы сьцяг падчас чэмпіянату сьвету па футболе.
 
 

Гэтыя шасьцёра чалавек, якія стварылі агульную старонку ў інтэрнэце, апрануліся ў колеры сваіх камандаў, каб ні ў каго ня ўзьнікла ніякіх падазрэньняў.

Вось яны стаяць побач з маскоўскім паліцыянтам. Магчыма, канешне, паліцэйскага зьдзівіла тое, што ў Маскву прыехаў галяндзкі заўзятар – бо зборная Галяндыі не прайшла на чэмпіянат.

Ля сьценаў Крамля.

У бары побач зь бюстам Леніна. Бразылец Элой Пьеразан (у жоўтым) кажа, што ягоны бойфрэнд папярэджваў яго пра тое, што выступаць за правы ЛГБТ-супольнасьці ў Расеі небясьпечна, але ён не баіцца: «Мяне не хвалюе рызыка, я на самой справе хацеў удзельнічаць у гэтым праекце... Гэта заклік да любові».

У мэтро, пад партрэтам Максіма Горкага.

Група, якая складаецца ў асноўным з крэатыўных прафэсіяналаў, заяўляе, што арганізавала гэты пратэст таму, што «у Расеі гомасэксуальнасьць перасьледуецца, аж да турэмнага зьняволеньня».

«Мы скарысталіся тым, што чэмпіянат сьвету ў гэтай краіне праходзіць у той жа час, што і прайд, каб асудзіць практыку перасьледу і вынесьці вясёлкавы сьцяг на расейскія вуліцы. Так, пры дзённым сьвятле, перад расейскімі афіцыйнымі асобамі, на вачах усяго сьвету мы размахваем сьцягам прайду».

Спэцыяльнага закону супраць гомасэксуальнасьці ў Расеі няма, але ў 2013 годзе Дзяржаўная дума прыняла закон, які забараняе «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў сярод непаўналетніх».

Гэтыя выпускнікі 2018 году ня ведаюць пра задуму шасьцярых.
 

Калі 9 ліпеня фатаздымкі патрапілі ў сеткі, рэакцыя аказалася зьмяшанай.

Большасьць карыстальнікаў інтэрнэту падтрымалі задуму і акцыю. Але былі і тыя, хто лічыць, што ў гасьцях сябе так не паводзяць.

Дадзеных аб тым, дзе цяпер знаходзяцца гэтыя шасьцёра і ці выехалі яны ўжо з Расеі, пакуль няма.