600 гадоў — не падстава для хваляваньня: як у Ашмянах дажывае свой век руіна францішканскага касьцёлу

Руіна францішканскі касьцёлу зь відам на Ашмяны

Помнік слаўнаму мінуламу і сучаснаму бяспамяцтву адначасова.

На ўскраіне Ашмянаў на Гарадзеншчыне без асаблівага інтарэсу з боку грамадзкасьці гібее адзін зь першых хрысьціянскіх храмаў на тэрыторыі старадаўняй Літвы — касьцёл ордэна францішканцаў, збудаваны на месцы драўлянага прататыпу XIV стагодзьдзя.

Паводле некаторых дасьледчыкаў, касьцёл у Ашмянах мог зьявіцца пры канцы XIV стагодзьдзя разам зь шасьцю іншымі культавымі збудаваньнямі, якія фундавалі вялікія князі літоўскія Ягайла (пазьней кароль польскі) і Вітаўт.

Храналягічна гэта магло выглядаць так: у 1387 годзе разам з хрышчэньнем гістарычнай Літвы першымі паўсталі касьцёлы ў Крэве, Абольцах і Гайне. У 1390-м касьцёл зьявіўся ў Быстрыцы, у 1393-м — у Наваградку, у 1398-м — у Ашмянах.

Няпэўнасьць хіба ў тым, як суаднесьці чарговасьць узьвядзеньня яшчэ аднаго касьцёлу Сьвятога Духа з калегіятам (гэтаксама датуецца раньнім пэрыядам, але не захаваўся) францішканскага касьцёлу і пабудовай ордэнскага кляштару.

Сяргей Верамейчык і ягоная макет-рэканструкцыя горада

Мастак-рэстаўратар Сяргей Верамейчык стварыў для мясцовага краязнаўчага музэю макетную рэканструкцыю Ашмянаў на трох гістарычных адрэзках — пачынаючы ад канца XIV стагодзьдзя, калі пачаў закладацца замак, да пэрыяду станаўленьня ў XVIII і ХІХ стагодзьдзях. Каб дасягнуць максымальнай ідэнтычнасьці, шмат працаваў з архіўнымі матэрыяламі. Сярод іншага натыкнуўся на такі факт: у шэрагу дасягненьняў першага віленскага біскупа Андрэя згадваюцца францішканскія кляштары ў Лідзе і Ашмянах:

«Ёсьць згадкі, што ў 1398 годзе біскуп Андрэй даслаў у Ашмяны фундацыю — то бок, грошы на будаўніцтва драўлянага касьцёлу. Было гэта за часамі Вітаўта, як прынята казаць, у „залаты век“ Вялікага Княства Літоўскага, калі асоба галоўнага сьвятара мела непахісны аўтарытэт. Трэба сказаць, што францішканцы разам з дамініканамі былі аднымі зь першых, хто нёс хрысьціянства ва ўсе куткі княства і за яго межы, таму недахопу ў фінансаваньні яны ня мелі».

Касьцёльныя сьцены дагэтуль выглядаюць трывалымі

Цяперашнія парэшткі касьцёлу — гэта ўжо наступны этап вымушанай мадэрнізацыі арыгіналу, які зьнік падчас войнаў і рабаўніцкіх набегаў. Іх змрочная велічнасьць уражвае дагэтуль: магутныя муры, вытанчаная архітэктура зводаў і ваконных праёмаў, сьляды камунікацый са службовымі прыбудовамі кляштару:

«Тое, што мы маем зараз, — гэта ўжо пазьнейшая разбудова, — гаворыць Сяргей Веремайчык, удакладняючы, — мабыць, XVII стагодзьдзе, калі сваім жыцьцём напоўніцу жыў францішканскі кляштар. Але ўсё аўтэнтычнае: кладка, вапна — усё яшчэ ад тых часоў. Выглядае, што сярод усіх будынкаў Ашмянаў, гэты — самы стары і аўтэнтычны, які захаваўся практычна ў першасным выглядзе. Вобразна кажучы, тут усё натуральнае».

Стан касьцёлу ў ХІХ стагодзьдзі, Ашмянскі краязнаўчы музэй

Адпачатку храм займаў стратэгічную пазыцыю непасрэдна на подступах да самай высокай кропкі паселішча. Што прымусіла горад расьці не вакол яго, а ў нізіну — цяпер можна разважаць хіба што на ўзроўні гіпотэзаў:

«Тады горад толькі пачынаў фармавацца, а чаму францішканцы апынуліся на водшыбе — гаварыць складана. У цэнтры атабарыліся дамінікане, пазьней — кальвінскі збор, на які даваў грошы, дарэчы, Радзівіл Руды (зараз на яго месцы нэабарочны касьцёл). Але само па сабе месца вельмі слаўнае: нібыта на „выселках“ і ў той жа час на стратэгічнай „высотцы“. Магчыма, спачатку „ядро“ плянавалася якраз тут, проста нешта ня склалася...».

Ёсьць розныя зьвесткі адносна таго, да якога канкрэтна пэрыяду кляштар быў у дзейным стане. Але, як лічыць Сяргей Верамейчык, ягоная дысьлякацыя збоку ад вялікіх дарог не спрыяла выкарыстаньню нават ня ў профільных мэтах:

Унутраны антураж храму

«Выглядае, што ў пазьнейшы час болей квітнелі дамініканскі і кальвінскі збор, якія стаялі на цэнтральным пляцы. Гэтая частка ўжо лічылася ўскраінай. Чаму ён, дарэчы, і аказаўся ў такім занядбаным стане — тут няма шляху. Калі б стаяў пры дарозе, яго так ці інакш асвоілі б. У рэшце рэшт, зрабілі б склад, прынамсі быў бы пад дахам. Як тая ж ашмянская сынагога: службы ўжо не было, але за саветамі будынак пераабсталявалі ў склад і ён збольшага падтрымліваўся ў нармальным стане. А ў дадзеным выпадку не пашэнціла, памыліліся зь месцам, што паўплывала на ўвесь далейшы лёс».

Суразмоўца не сумняецца, што аднаму з найстарэйшых храмавых комплексаў на тэрыторыі Беларусі мог быць наканаваны куды цікавейшы лёс, чым чарговай беспэрспэктыўнай руіны:

Спробы ўмацаваць муры ад разбурэньня

«У сьвеце нямала рэалізавана такога кшталту праектаў, якія вяртаюць да жыцьця часткова ацалелыя помнікі, — гаворыць мастак-рэстаўратар Сяргей Верамейчык. — Руіны папярэдне расчышчаюць, умацоўваюць, аздабляюць сьцены, а зьверху накрываюць шкляным дахам. Унутры ўсталёўваюць сцэну, ставяць крэслы. У выніку атрымліваецца канцэртная заля — гэткае функцыянальнае спалучэньне мінуўшчыны і сучаснасьці. Хай не самыя вялікія сродкі, але яны патрэбныя. А сёньня грошы трацяць на шоў зусім іншага кшталту...».

Побач з парэшткамі старажытнага касьцёлу — так званая Крыжовая гара. Два дзясяткі драўляных крыжоў, усталяваных на самай вяршыні, яшчэ больш узмацняюць уражаньне ад навакольнай карціны, але ня здольныя паўплываць на стан агульнай абыякавасьці:

Касьцёл у падножжа Крыжовай гары

«Нешта падобнае я бачыў у Карпатах ва Ўкраіне, таксама ў Літве, — дзеліцца ўражаньнямі Сяргей Веремейчык. — Ну вось і тут традыцыі захаваліся: у пэўныя дні вернікі прыходзяць на гэтую гару, вешаюць на крыжы каляровыя стужкі. Няшмат дзе ў Беларусі сёньня такое ўбачыш. З аднаго боку, на фоне францішканскага храму выглядае вельмі моцна, зь іншага, падкрэсьлівае поўную безвыходнасьць...».

Уласнае дасьледаваньне гісторыі ахутанага таямніцамі касьцёлу ордэна францішканцаў у Ашмянах ладзіў Антон Францішак Брыль — унук Янкі Брыля, праграміст, аўтар містычных гісторый у антуражы Вялікага Княства Літоўскага.

Фрагмэнты тынкоўкі і кладкі

Зь яго гледзішча, найстарэйшая частка касьцёлу ў задняй частцы храма адносіцца да канца XV — пачатку ХVI стагодзьдзяў. Меркаваньні, што гэта — «цагляная готыка», ён данёс прафэсару Аляксандру Кушнярэвічу, абазнанаму спэцыялісту ў тэме сярэднявечча. Той аглядзеў руіны і, сыходзячы з пляну і характару муроўкі, пагадзіўся з названай датай.

На падставе пісьмовых крыніцаў прыблізная гісторыя будынка такая: адбудаваны пры канцы гатычнага пэрыяду (пры гэтым ёсьць зьвесткі, што асьвечаны быў толькі ў другой палове XVI стагодзьдзя). Атынкаваны пасьля пажару ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя, пашкоджаны ў 1812 годзе і перабудаваны ў «клясыцызм». Праўдападобна, што ён быў істотна карацейшы, а разбудаваны толькі ў XVII стагодзьдзі. Дакладны першапачатковы выгляд могуць вызначыць раскопы.

Велічны будынак на раздарожжы гісторыі

У выніку дзьвюх усясьветных войнаў ХХ стагодзьдзя будынак касьцёлу быў моцна пашкоджаны, пасьля чаго пачаўся этап ягонага паступовага занядбаньня.

Пэрспэктывы хутчэй сумныя, чым аптымістычныя