Эўрабачаньне ці Эўравізія?

А таксама ТБ ці ТВ? Тэлевізія — міжнароднае слова. У нашай мове слова візія здавён, а тэлебачаньне — паўкалька з расейскага „телевидения“.

Конкурс Эўравізіі мяне цікавіў мала. Хіба што было цікава пасьля ўведаць, гледачы зь якіх краін (дзе сумленна лічаць галасы) за каго галасавалі: за сваіх жа няможна, таму часам выяўляюцца цывілізацыйныя ды суседзкія сымпатыі-антыпатыі.

Летась было інакш. Заслужана перамагла прадстаўнічка Ўкраіны, крымская татарка Джамала, якая сьпявае не папсу, а больш сур’ёзныя жанры. Народжаная на чужыне Сусана Джамаладынава выступіла з трагічнай песьняй пра лёс свайго народу, пра пазбаўленьне яго радзімы ў 1944 годзе маскоўскай імпэрыяй.

Чужынцы прыходзяць
У нашы дамы,
Каб забіваць.
І кажуць:
— Мы ня кáты,
ня кáты.
...Маладосьць маю забралі,
На чужыне змарнавалі...
Бацькаўшчыну адабралі!

(пераклад С. Сокалава-Воюша, травень 2016 г.)

Таму сёлета Эўравізія ў Кіеве.

А як усё ж — Эўравізія ці Эўрабачаньне?

(Украінцы ўжываюць і Євробачення, і ў заходнеўкраінскай традыцыі Євровізія.) Відавочна, выбар зьвязаны са словамі

Тэлебачаньне ці тэлевізія

Юрась Бушлякоў у 2004 годзе разважаў на хвалях Радыё Свабода пра гэтую праблему:

У расійскай мове на месцы інтэрнацыянальнай тэлевізіі замацавалася ў ХХ стагодзьдзі паўкалька телевидение. У 1950-ыя гады ў БССР якраз-такі на ўзор гэтай расійскай паўкалькі аформілася слова тэлебачаньне. Але калі ад назоўніка тэлевізія ў мове ёсьць вытворныя словы, то ад тэлебачаньня нарматыўных вытворных няма: з аднаго боку, тэлевізія, тэлевізійны, тэлевізійнік, тэлевізар, з другога, адно тэлебачаньне.

Юрась заклікаў паглядзець, як пойдзе надалей суіснаваньне тэлебачаньня й тэлевізіі. Прайшло 13 гадоў. Слова тэлевізія ані не здае пазыцыяў у беларускай мове, найперш у сэгмэнце незалежных мэдыяў і тэкставых пляцовак. Відаць, адна з істотных прычынаў — уплыў нерасейскае моўнае прасторы.

Télévision прыдумаў Кастусь?

А слова télévision, упершыню прамоўленае па-француску, мае свайго аўтара. Фізык Канстанцін Перскі ўжыў гэтае слова на 1-м Міжнародным кангрэсе электрычнасьці ў жніўні 1900 году ў Парыжы падчас Усясьветнай выставы для апісаньня пэрспэктывы разьвіцьця электрасувязі. Да яго ў тым жа значэньні спрабавалі ўкараніць слова тэлефот.

Адна зь першых прыладаў перадаваць рухомую выяву

Расейскія крыніцы выводзяць дваранскі радавод Перскага зь Цьверскай губэрні. Прозьвішча, аднак, дужа падобнае да беларускіх. У Рэчы Паспалітай Пэрскія былі, сярод іх — паўстанцы 1863 году. (Дарэчы, вішнеўская сям’я, зь якой ізраільскі прэзыдэнт Шыман Пэрэс, у Беларусі насіла афіцыйнае прозьвішча Пэрскія.) Ну і палова гістарычнай Цьвершчыны, праўда, ня тая, адкуль Канстанцін Перскі, ведае рысы беларускае мовы. Карацей, варта з каранямі таго Перскага разабрацца, але галоўнае для нас тое, што ён стварыў агульнаэўрапейскае слова з лацінскім фармантам.

Першая частка τῆλε старажытнагрэцкая і азначае, як усе ведаюць, ‘далёка’. Другі корань visio лацінскі, азначае ‘погляд, здольнасьць бачыць, бачаньне’. Абедзьве мовы — старажытнагрэцкая і лацінская — традыцыйна служаць крыніцай фармантаў для ўтварэньня тэрмінаў ува ўсіх эўрапейскіх мовах, і няма бяды, што ў адным слове могуць суседзіць грэцкі і лацінскі карані ці іншыя фарманты.

У абсалютную бальшыню эўрапейскіх і далёкіх ад нашага кантынэнту моваў новае слова ўвайшло ў арыгінальным выглядзе, толькі дапасаванае да традыцыі асваеньня лацінскай фіналі на -іо, -іоnis. Television, televisione, у бальшыні нашых бліжэйшых і далейшых славянскіх, а таксама балцкіх суседзяў televizija.

Нават у мовах, вядомых непрыхільным стаўленьнем да запазычаньняў, у тым ліку інтэрнацыяналізмаў, прыжылося грэцка-лацінскае слова ад Перскага: teilifís па-ірляндзку, telebista па-басконску, televisioon па-эстонску.

Некаторыя мовы з пурыстычнай традыцыяй перакладаюць абодва карані складанага слова, як нямецкая — Fernsehen. Таксама дáнская і нарвэскія (fjernsyn), ісьляндзкая, армянская. Грэкі як суаўтары слова пераклалі для сябе яго другую частку — τηλεόραση, другая частка ад ‘зрок’.

А вось паўкалькаю — захаваньнем грэцкага tele і перакладам візіі — зазначыліся з эўрапейскіх моваў, здаецца, толькі валійская, крымскататарская, чуваская і калмыцкая.

І расейская. Дарэчы, у ёй слова телевидение пашырылася толькі ў 1930-я гады, а спачатку перадачу выяваў на адлегласьць называлі поўнай калькай з television — дальновидение ці іншымі варыянтамі (электровидение, электрическая телескопия).

Візія экстракта як беларускі продак Эўравізіі

Візія — слова, добра вядомае старабеларускай мове. Звычайны сказ з судовых дакумэнтаў 1638 году:

Акторка, узяўшы на візію экстракта, задавала оным, жа карты, а не аўтэнтычныя!

Візія тут азначае экспэртызу ці прагляд.

Акторка — тут пазоўніца, скаржніца ў судзе. Сказ азначае, што яна ўзяла на прагляд выпісы з дакумэнтаў і заявіла, што гэта ўсяго толькі копіі, а не аўтэнтычныя паперы. Акторка, экстракта, аўтэнтык — усё лацінізмы, як і вэлюм ці акуляры. Візія добра пачуваецца ў іх шэрагу. Пагатоў поруч маем аднакаранёвыя рэвізію, правізію ды, ведама ж, дывізію.

Эўравізія — не тэлеверашчаньне

Што ж да слова Эўравізія, то яно, хоць зьвязанае з тэлевізіяй, але мае сваё паходжаньне і статус. Таксама вядомы аўтар слова. Знакаміты журналіст і мэнэджэр Бі-Бі-Сі Джордж Кэмпі стварыў слова Eurovision у 1951 годзе для закладанай тады сеткі абмену матэрыяламі паміж тэлевізійнымі трансьлятарамі.

Эўравізія — гэта сетка, сёньня яна абыймае 75 тэлевізійных арганізацыяў Эўропы і ня толькі.

Разам з Эўрарадыё (ня блытаць зь цяперашняй беларускай станцыяй) Эўравізія ёсьць часткаю Эўрапейскага зьвязу трансьлятараў (European Broadcasting Union, Union Européenne de Radio-Télévision) — во яшчэ праблема перадачы на беларускую важнага мэдыйнага тэрміну. Па-расейску „Европейский вещательный союз”. І ў нашу мову пасьля вайны спрабавалі ўкараніць слова вяшчаньне ў значэньні ‘перадаваньне радыёсыгналу’.

Але па-беларуску вяшчун весьціць будучыню, слова таго ж кораню, што ведаць. Вещать у значэньні ўрачыста гаварыць — іншы корань, у такім значэньні ён у расейскай, а там гэта царкоўнаславянізм. Фанэтычны адпаведнік у беларускіх дыялектах — вячаць, азначае ‘верашчаць, крычаць’, блізкае да вякаць. Так што ня варта рабіць з радыётрансьляцыі „радыёверашчаньне”.

Эўрабачаньне, да пабачаньня

Вернемся да Эўравізіі ды яе песеннага конкурсу. У абсалютную бальшыню эўрапейскіх моваў слова ўвайшло ў традыцыйным для іх афармленьні лацінізмаў. Eurovision, Eurovizija. Толькі ў расейскай яго пераклалі — Евровидение.

Сумнеўна, бо ўсё ж гэта ўласная назва. А беларусы і ўкраінцы афіцыйна пераклалі ўжо з расейскай — Еўрабачанне, Євробачення.

Вядома, у слове Эўрабачаньне — Євробачення ёсьць свой другі пласт, яно спэцыфічнае, можна абгуляць яго сугучнасьць са словам пабачаньне, што і зрабілі ўкраінскія аўтары гімну дзіцячай Эўравізіі тры гады таму:

Але нам усё ж, на маю думку, варта не адрывацца ад астатняга эўрапейскага сьвету. Грэка-лацінізмы нам не чужыя. Вось і Лявон Вольскі ўклаў у вусны цынічнаму герою жартоўнай песьні слова „Эўравізія“, хаця рыфма хутчэй пра „еўравідзеньне“:

А я сьпяваю так афігіцельна,
Што я паеду на Эўравізію!
Перамагу я ўсіх, перамагу я іх, перамагу!
А я сьпяваю так афігенна,
Што яны ўсе афігеюць, напэўна,
Бо я бяз гэтай фігні не магу, не магу, не магу!

Ня варта чапляцца да расейскае прасторы нават паўкалькамі. Перафразаваўшы Юрася Бушлякова, скажу: ня боймася слова Эўравізія, арганічнага ў лексыцы нашае літаратурнае мовы.