Ня блытайма досьлед і досьвед! ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

Мова са Свабодай. Ня блытайма: досьлед і досьвед

Расейскае слова „опыт“ мае два значэньні, у беларускай мове кожнаму зь іх адпавядаюць інакшыя словы. Блытаць досьвед і досьлед ніяк нельга: можаш трапіць не да спакойных дасьведчаных людзей, а ў авантурны непрадказальны экспэрымэнт!

Такім чынам:

1) „Экспэрымэнтальнае выпрабаваньне“ — досьлед. Адпаведна экспэрымэнтальны цэх ці завод завецца досьледным.

2) „Сума практычных ведаў і навукаў“ — дасьведчаньне, даведаньне, практыка, спрактыкаванасьць. Карацей — досьвед.

Расейска-беларускі слоўнік“ Сьцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова (Інстытут беларускае культуры, 1928) слова „досьвед“ яшчэ не дае.

Гэтае гняздо словаў апісаў Юрась Бушлякоў у артыкуле цыклю „Жывая мова“ на Свабодзе. Ён нагадвае, што ў 1930-я гады ў беларускую літаратурную мову БССР у гэтым значэньні быў уведзены русізм — „вопыт“ у значэньні 'дасьведчаньня' (старабеларускі вопыт азначаў 'допыт'). Дадам, што ўпершыню яго ўпісалі ў „Ваенны руска-беларускі слоўнік“ (1933), а канчаткова замацавалі ў сумнавядомым „Руска-беларускім слоўніку“ А. Александровіча (1937).

Але жывая мова так і не прыняла чужароднага ўключэньня. Затое ў 1980-я гады хутка пашырылася слова досьвед — кароткае і сугучнае з словамі дасьведчаньне, дасьведчаны.

Рэдкі прыклад, калі новае жывое слова прызнала афіцыйная лексыкаграфія. Яно зьявілася ў акадэмічным „Руска-беларускім слоўніку“ 1993 году і ёсьць у наступных слоўніках — як афіцыйных, так і клясычнай традыцыі.