Дамалёўваньне графіці «Масква — Менск» — не крымінал, а «адміністратыўка». Так пастанавіла перадсьледчая праверка

У кастрычніку мінулага году ананімны творца дамаляваў мурал на сьцяне дому па Магілёўскай вуліцы, 32 у Менску, вядомы як «Масква — Менск». У букеце «беларускага хлопчыка» і ў вянку «расейскай дзяўчынкі» зьявіўся калючы дрот.

Па выніках перадсьледчай праверкі, як перадае «Минск-новости», дзеяньні мастака маюць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэньня, а крыміналу ў іх ня знойдзена. Матэрыялы перададзеныя ў органы ўнутраных спраў для прававой ацэнкі.

На дваіх менчукоў, якіх міліцыя назвала зьвязанымі з дамалёўкай мурала, складзеныя пратаколы за «наўмыснае зьнішчэньне ці пашкоджаньне маёмасьці». Паводле артыкула 10.9 КаАП, ім пагражае штраф у памеры да 50 базавых велічыняў. Справу неўзабаве маюць перадаць у суд Кастрычніцкага раёну Менску.

Ананімны мастак раней казаў:

«У гэтай працы я не хацеў казаць пра палітыку ці пра адносіны Беларусі з Расеяй. Гэткія трактоўкі я б пакінуў на водкуп гледачу — хай кожны сам вырашае, што значыць калючы дрот, каму ён коле рукі, каму галаву, а каму чэрап знутры. Сваёй акцыяй я хацеў сказаць, што калі нехта зьбіраецца ператварыць вулічнае мастацтва ў інструмэнт прапаганды і камэрцыйнай нажывы, ён мусіць быць гатовы да таго, што так проста яму тое з рук ня сыдзе, лёгка ня будзе. Калі нехта лічыць, што можа напляваць на меркаваньне людзей, гараджан, то хай будзе гатовы атрымаць адпор, адказ ад тых, каму ня ўсё адно».