Чырвоны крыж ратуе менчукоў ад сквару

Усім ахвочым прапануюць бясплатна выпіць вады. Камусьці гэта можа дапамагчы ня страціць прытомнасьць

Удзень 1 жніўня тэмпэратура паветра ў Менску дасягнула +25–27°C. Гэта не тэмпэратурны рэкорд (у 1994 годзе ў гэты дзень было +33) і, верагодна, гэты дзень ня стане самым сьпякотным за месяц (на 2 жніўня прагназуецца +31–33). На поўдні Беларусі тэмпэратура вышэй за +30.

Тым ня меней, нават у «нерэкордную» сьпёку чалавеку можа стаць блага. У сьпёку рэкамэндуюць насіць лёгкае адзеньне з натуральнай тканіны і галаўны ўбор, меней карыстацца дэкаратыўнай касмэтыкай, заўсёды мець пры сабе ваду, старацца меней знаходзіцца пад прамымі сонечнымі праменямі, пазьбягаць заняткаў спортам у самы сквар, але і не сядзець пад уключанымі на максымум кандыцыянэрамі, каб не прасьцюдзіцца.