Чары Анамурадаў: «У Менск я абавязкова вярнуся. Але па швэдзкім пашпарце»

Чары Анамурадаў (архіўнае фота)

Беларусь ня выдала незалежнага журналіста Чары Анамурадава Туркмэністану. 13 верасьня, пасьля двух месяцаў адседкі, Анамурадаў быў вызвалены зь менскага СІЗА і ў сераду першым ранішнім рэйсам вярнуўся ў Швэцыю, дзе ў 2003 годзе ён атрымаў статус уцекача, а потым і грамадзянства. Вялікая заслуга ў тым, што Генэральную пракуратуру Беларусі пераканалі не выдаваць журналіста Туркмэністану, належыць швэдзкім дыпляматам, якія зьбіралі дакумэнты і пацьверджаньні, што Чары перасьледуюць на былой радзіме менавіта з палітычных матываў.

Апынуўшыся на свабодзе і даляцеўшы да Стакгольму, першае эксклюзіўнае інтэрвію Чары Анамурадаў даў Радыё Свабода.

— Чары, як здарылася, што вы, чалавек дасьведчаны, які меў сумны турэмны досьвед у Туркмэністане, рызыкнулі паехаць у Беларусь? Вы ня ведалі, што вы ў міжнародным вышуку?

— Ня ведаў! Я летась быў у Расеі, пазалетась у іншых краінах, і не было ніякіх праблемаў! Напэўна, туркмэнскія ўлады так занепакоіліся, што я ня раз казаў праўду пра сурʼёзныя праблемы з правамі чалавека, з дэмакратыяй, і вырашылі мне адпомсьціць. Туркмэнскія ўлады ня церпяць незалежных журналістаў, іх перасьледуюць (да прыкладу, як Уміда Халыева, Сапармамеда Непескуліева), зьнішчаюць фізычна. Ніяк не супакояцца, вырашылі мне адпомсьціць.

— Але ж вы грамадзянін Швэцыі. Чаму вы ляцелі па расейскім пашпарце? У вас, акрамя швэдзкага, ёсьць яшчэ і расейскае грамадзянства?

— Так, у мяне ёсьць швэдзкі пашпарт і грамадзянства. А яшчэ ў мяне ёсьць і расейскае грамадзянства, якое я атрымаў нядаўна. Я быў ня раз у Расеі, і вырашыў у Беларусь ляцець па расейскім пашпарце, каб ня мець праблемаў зь беларускай візай. Я два гады на пачатку 2000-х жыў у Беларусі, у мяне самыя цёплыя ўспаміны пра гэтую краіну, тут шмат сяброў. Настальгія замучыла, узяў з сабой дачку і паляцеў.

— А як вас затрымлівалі? Што тлумачылі?

— Вельмі ветліва. Памежнікі па прылёце мне патлумачылі, што я з 2006 году знаходжуся ў міжнародным вышуку і яны павінны мяне перадаць транспартнай пракуратуры. Дарэчы, дачку прапусьцілі, яна некалькі дзён гасьцявала ў Менску ў маіх сяброў. А ў пракуратуры мяне нават пашкадавалі: «Навошта вы па гэтым пашпарце ехалі, у вас жа ёсьць швэдзкі». Я дагэтуль раскайваюся...

— Распавядзіце пра ўмовы ўтрыманьня, пра ўражаньні ад СІЗА на Валадарскага. Як з вамі абыходзіліся?

— Ніякіх прэтэнзіяў ня маю. Адразу ж мне далі дзяржаўнага адваката. Патлумачылі правы. Вельмі ветлівыя былі і ахоўнікі, асабліва дзяўчаты. Ніякага гвалту, менскае СІЗА не параўнаць з туркмэнскай турмой, дзе пануе поўнае «бязьмежжа».

У камэры плошчай 25 квадратных мэтраў знаходзіліся 15 чалавек. Крымінальнікаў, злодзеяў, бандзюганаў не было — сядзяць людзі з вышэйшай адукацыяй, інтэлектуалы, якіх абвінавачваюць у эканамічных злачынствах, паводле расповедаў, многія сядзяць ні за што.

Кармілі больш-менш нармальна. Мой беларускі сябар Мурат Ханаліеў пастаянна перадаваў харчовыя перадачы, я яму вельмі ўдзячны, так што няма на што скардзіцца.

Пастаянна мы чыталі незалежныя газэты — «Народную Волю» і «Белгазету», былі ў курсе апошніх падзей, весткі з волі даходзілі.

— А нейкія сьледчыя дзеяньні былі? Вас выклікалі на допыты, прасілі нешта патлумачыць?

— Не. Я проста амаль два месяцы сядзеў у СІЗА і чакаў. Ніхто мяне не дапытваў. Зносіны са зьнешнім сьветам адбываліся толькі праз адвакатаў. Мой сябар Мурат наняў двух абаронцаў. Адвакатаў часта дапускалі да мяне, мы працавалі разам, абмяркоўвалі тактыку. Я ведаю, што праваабаронцы, грамадзкасьць, швэдзкая амбасада, дыпляматы, журналісты прыклалі шмат намаганьняў для майго вызваленьня, і вельмі ім удзячны.

— А як вас вызвалілі, што тлумачылі?

— Учора прыйшла дзяўчына-наглядчыца і кажа: «Чары, з рэчамі на выхад». Я нічога не зразумеў. Сукамэрнікі патлумачылі: цябе вызваляюць. Аформілі дакумэнты і выпусьцілі. Каля турмы мяне ўжо чакалі супрацоўнікі амбасады Швэцыі ў Беларусі, начаваў я ў пасольстве. Шкада, але не дазволілі ні з кім сустрэцца. А раніцай мяне першым рэйсам адправілі ў Стакгольм. Тут мяне сустракалі жонка, дзеці. Мяне ўжо павіншавалі з вызваленьнем швэдзкія калегі-журналісты.

— А ёсьць жаданьне прыехаць зноў у Беларусь?

— Вядома! Але толькі па швэдзкім пашпарце (сьмяецца). У Беларусі жыве мой першы настаўнік, які яшчэ ў 1960-я гады мяне вучыў у туркмэнскай пачатковай школе, у Менску ў мяне шмат сяброў, у тым ліку і на Радыё Свабода. Я абажаю беларусаў, вельмі люблю Менск, дзе мяне ў цяжкія часы вельмі гасьцінна прынялі. Так што мару вярнуцца яшчэ.