Беларусь хоча перадаць у канцэсію прыватным інвэстарам два нафтавыя радовішчы

Нафтавае радовішча ў Гомельскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта паведаміў міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэй Каўхута.

«Мы разглядаем магчымасьць выкарыстаньня радовішчаў іншымі арганізацыямі і інвэстарамі. Цяпер два радовішчы, якія выяўленыя і не распрацоўваюцца, прапануецца перадаць інвэстарам. Бліжэйшым часам у Гомелі павінен прайсьці аўкцыён. Гаворка ідзе пра канцэсіі», — цытуе БелТА міністра.

Чыноўнік таксама адзначыў, што запасы нафты ў Беларусі і яе здабыча не забясьпечваюць патрэбы краіны. Беларусь займае восьмае месца ў Эўропе па запасах і здабычы нафты.

«Пастаянна вядзецца пошук новых радовішчаў. У мінулым годзе было адкрыта новае радовішча, якое ўжо перададзена на асваеньне», — сказаў Каўхута.