Слова дня: бавоўна. Адкуль яна пад Крымскім мостам?

Мэм „бавоўна“

Ува ўкраінскім інфармацыйным полі часта бачым слова бавовна — па-беларуску бавоўна. Яно ў навінах, у кпінах, у мэмах пра памежныя з Украінай расейскія гарады і захопленыя Расеяй украінскія землі. Маўляў, у Белгарадзе ці пад Крымскім мостам ізноў „бавоўна“.

Мэм пра „бавоўну“ ў Крыме з украінскіх сацыяльных сетак

Што ж азначае гэтае слова ў мэмах? Некаторыя думаюць, што бавоўна тут зьвязаная з ватай, якую звычайна з бавоўны і робяць, — і адпаведна з „ватнікамі“, з Homo sovieticus. А вось не.

У расейскіх мэдыя рэгулярна пішуць: быў чуваць „хлопок“ — у тым самым Белгарадзе, яго навакольлі і г. д. Хоць відавочна, што ідзецца пра выбух.

Як выявіла Meduza, яшчэ ў 2019 годзе расейскія мэдыя атрымалі інструкцыю ўладаў не ўжываць у навінах пра Расею слова „взрыв“ — магчыма, каб не падвышаць узроўню трывогі ў грамадзтве. Пры гэтым слова „взрыв“ спакойна ўжывалі ў навінах пра замежжа. Асабліва пільна ў Расеі пільнуюцца гэтага наказу з пачаткам шырокамаштабнага нападу на Ўкраіну ў лютым 2022 году. На расейскіх або акупаваных Расеяй тэрыторыях, як правіла, можа быць толькі „хлопок“.

Плякат сталінскіх часоў, які служыць мэмам ва ўкраінскіх сацыяльных сетках

Але такіх словаў у расейскай мове два, яны амографы, г. зн. аднолькава пішуцца, але па-рознаму вымаўляюцца „хлопóк“ (пляск, гук ад плясканьня) і „хлóпок“ (бавоўна). Адсюль і моўная гульня (якой, магчыма, далі пачатак мэханічныя мазгі GoogleTranslate), і кпіны з расейскай боязі прызнаваць праўду — хто распаліў пажар вайны, сам ад яго ўрэшце цярпіць.

(Яшчэ ёсьць украінскія мэмы пра расейскіх „курцоў“, якія спрэс парушаюць правілы проціпажарнай бясьпекі на нафтабазах ці караблях, а тая самая „бавоўна“ — як вядома, матэрыял гаручы.)

Беларускае слова бавоўна — старажытны германізм, ад сярэдневерхенямецкага boumwolle (у сучаснай нямецкай мове Baumwolle) з тым жа значэньнем, літаральна „дрэўная воўна“ адпаведна старадаўнім уяўленьням эўрапейцаў, нібыта гэтае экзатычнае валакно расьце на дрэвах.