У аварыі на Львоўшчыне пацярпелі два менчукі

Украінскія Карпаты, ілюстрацыйнае фота

На гары між сёламі Лыбахора і Карпацкае ў Львоўскай вобласьці Ўкраіны 28 красавіка падчас трофі-рэйду перакуліўся аўтамабіль Land Rover, два беларусы зь Менску атрымалі траўмы сярэдняй цяжкасьці, паведаміў Дэпартамэнт пытаньняў грамадзянскай абароны Львоўскай абласной адміністрацыі.

Мужчыны 1966 і 1973 гадоў нараджэньня атрымалі закрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы і ўдары галавы. У старэйшага таксама ўдары грудной клеткі і локця, у маладзейшага — удар храбетніка, зламанае рабро. Пацярпелых даставілі ў Туркаўскую лякарню, цяпер яны ў стане сярэдняй цяжкасьці. Пра здарэньне паведамілі беларускаму консулу ва Львове.

Здарэньне адбылося падчас экспэдыцыі «Карпатський Кордон ’18». Адзін з каардынатараў спаборніцтваў расказваў Zaxid.net, што паездка не была спаборніцтвам («трофі-рэйдамі» звычайна называюць спаборніцтвы па пераадоленьні бездарожжа), але ўдзельнікі рэйду мелі пракладаць уласныя маршруты, каб праехаць між карпацкімі пераваламі.