Аўкцыён на продаж тэрыторыі ў Сельгаспасёлку праваліўся. Інвэстары абмінаюць «мяцежны раён»

Дом пад знос на вуліцы Лук’яновіча, 35

Жыхары кварталу ў менскім Сельгаспасёлку ў межах вуліц Лук’яновіча, Усходняй, Бяды, 1-й Пасялковай адзначаюць першую перамогу. Прызначаны на 16 лістапада адкрыты аўкцыён на права праектаваньня і ўзьвядзеньне капітальных збудаваньняў на месцы прыватных дамоў не адбыўся.

Плянавалася, што па выніках таргоў будзе вызначаны забудоўшчык, які возьме на сябе знос жылых будынкаў, дэмантаж разьмеркавальных сетак і адсяленьне мясцовых жыхароў — усяго пад знос у гэтым квадраце вызначана 25 дамоў на плошчы 2,3 гектара. На вызваленым месцы мае паўстаць шарэнга «высотак» падвышанай камфортнасьці з памяшканьнямі грамадзкага прызначэньня і аўтастаянкай. Так заплянавана новай рэдакцыяй Генэральнага пляну Менску.

Чаму не знайшлося ахвотных на кавалак зямлі ў прывабным месцы паблізу ад цэнтру? З аднаго боку, патэнцыйных інвэстараў, верагодна, напружвае «мяцежны раён» — тамтэйшыя жыхары ўсімі спосабамі адстойваюць права ўласнасьці, прымушаючы чыноўнікаў выходзіць з тлумачэньнямі да народу. Зь іншага боку, калі кампэнсаваць выдаткі вымушаным перасяленцам па рынкавым кошце, занадта мізэрная атрымліваецца маржа пры асваеньні тэрыторыі.

Але насамрэч насельнікі «зоны рызыкі» атрымалі толькі часовую перадышку: у Менскім гарадзкім цэнтры нерухомасьці пацьвердзілі, што таргі з парадку дня не здымаюцца, паўторна лот будзе выстаўлены празь месяц, у сярэдзіне сьнежня. Мала таго, шчыльнасьць аўкцыёнаў будзе толькі павялічвацца: у адпаведнасьці з Генплянам да 2017 году ў Сельгаспасёлку маюць пусьціць пад знос 119 дамоў, а да 2030 году — 1090, амаль у 10 разоў больш.

Дом пад знос на вуліцы Лук’яновіча, 31

Якія варыянты кампэнсацыі маёмасьці прапануюць гарадзкія ўлады? Варта зазначыць, што безгаспадарную забалочаную тэрыторыю менчукі пачалі саматужна забудоўваць у сярэдзіне 1940-х — у бюджэце паваеннай БССР не было сродкаў, каб забясьпечыць усіх кватэрамі. Цяпер у тых дамах жывуць прадстаўнікі чацьвёртага-пятага пакаленьняў сем’яў. Як кажа сябра ініцыятыўнай групы жыльцоў Сельгаспасёлку Вольга Дэйнэкіна, адным махам пазбавіць людзей бацькоўскага дому — гэта маральная траўма зь фізычнымі наступствамі:

Вольга Дэйнэкіна

«Што прапануюць? Дамы тыповых спажывецкіх якасьцяў — ня больш за 15 квадратных мэтраў на чальца сям’і. Гэта значыць, панэльныя дамы ў Лошыцы, Каменнай Горцы, калі выбіраеце кватэру, альбо другаснае жыльлё. Як сям’я з трох чалавек, то стандартная двухпакаёўка. Замест дому. Што важна разумець: калі чалавек выбірае кватэру, тым самым ён аўтаматычна, цалкам адмаўляецца ад кампэнсацыі за тое, чым валодае: гараж, нежылыя памяшканьні, агароджа, тратуарная плітка, усё, што мы пералічылі ў звароце. То бок — альбо 15 мэтраў на чалавека, паўтаруся, у дамах тыповых спажывецкіх якасьцяў, альбо кампэнсацыя, зыходзячы з 500 даляраў за квадратны мэтар. Нягледзячы на тое, што цяпер мы маем высокі стандарт жыльля, абгрунтаваны дзейным Генплянам. Участак, дом, гараж — і кватэра ў шматпавярховым доме: гэта рэчы несупастаўныя. Гэта першае. Па-другое, нельга парушаць лёс людзей, які фармаваўся цягам многіх дзесяцігодзьдзяў. Гэты фактар таксама ніхто ня ўлічвае».

У Сельгаспасёлку хапае і занядбаных дамоў. Цікаўлюся ў суразмоўніцы: ці ёсьць ахвотныя прыняць цяперашнія прапановы гарадзкіх уладаў?

«Практычна няма. Да 1478 чалавек, якія падпісаліся пад заваротам да прэзыдэнта і іншых органаў улады, дадайце 5 грамадзянаў, якія выказалі жаданьне пераехаць у шматпавярховы дом. Яны не разглядалі варыянты кампэнсацыі, якія сёньня нам прапануюць. Гэта людзі, якія чакалі зносу, якія з гэтай думкай ужо зьмірыліся і якія, магчыма, урэшце з прапанаванымі ўмовамі пагодзяцца. То бок да названай лічбы трэба прыплюсаваць 5 чалавек. У выніку атрымліваем цікавую арытмэтыку: на 1090 дамоў, вызначаных пад знос, маем 1478 тых, хто патрабуе пакінуць іх у спакоі, а 5 пры пэўных умовах пагодзяцца на зьмену месца жыхарства. Усе астатнія катэгарычна супраць адсяленьня, незалежна ад тых умоваў, якія будуць прапаноўвацца».+

Усходні завулак, 114

Любоў Лебедзева зь сям’ёй жыве па адрасе Ўсходні завулак, 114. З аднаго боку гэтага завулку ўжо вырасьлі шматпавярховыя дамы. Апавядае, што пра будучы знос жыльцоў прыватнага сэктару пачалі папярэджваць яшчэ ў 1970-я, але інвэстары пачалі сюды наведвацца з канца 1990-х. Ад таго часу, кажа жанчына, жыцьцё перайшло ў рэжым «на чамаданах»:

«Мы тут паціху будуем апошнія 15 гадоў, і за гэты час да нас прыходзіла ўжо столькі інвэстараў, што стаміліся лічыць. Размова адна: будзем зносіць, варыянтаў няма. То бок нас на паперах усё зносяць, зносяць, забараняючы нешта рабіць. Урэшце самавольна зьляпілі невялічкую паветку, бо псуецца пад дажджом, сьнегам. Пайшлі ў выканкам — нельга, вас будуць зносіць. Але ж гэта вы, улада, дазволілі нам дом будаваць: усё афіцыйна, маем усе праекты. Толькі падпісалі, пачаліся непаразуменьні. Адно і тое ж: вас будуць зносіць. Нават прымітыўная паветка ўжо забароненая. То бок, прыняўшы дом, праз год усё перакруцілі дагары нагамі. Ну дык што гэта? Проста зьдзек, разумееце? І ніхто з чыноўнікаў, з кіраўнікоў адміністрацыі за свае словы і дзеяньні не адказвае. Як звычайны чалавек нешта самавольна прыбудуе, адразу ж штраф, бязь лішніх размоваў. А як нейкі бюракрат палохае, што вас праз год-два зьнясуць, і нічога не адбываецца цягам 15 гадоў, дык зь яго як з гусі вада. Ня тое што не штрафуюць, не караюць, ён далей расьце па кар’ернай лесьвіцы. Справядлівасьць дзе?».

Дзяніс і Любоў Лебедзевы ў двары свайго дому

Тыя, хто падпісаўся пад калектыўным зваротам у органы ўлады, настойваюць, што ўжо забудаваная індывідуальнымі дамамі тэрыторыя Сельгаспасёлку ўключана ў Генэральны плян Менску дзеля будаўніцтва іншых аб’ектаў супрацьзаконна:

«Сельгаспасёлак забудоўваўся на падставе пастановы Савету міністраў БССР № 1381 ад 5 кастрычніка 1948 году „Аб праве грамадзянаў на куплю і будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў“. З дакумэнту вынікае, што зямельныя ўчасткі адводзіліся ў бестэрміновае карыстаньне, то бок навечна. З кожным забудоўшчыкам заключаная пэрсанальная дамова, і дзейнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь падставаў для абмежаваньня тэрміну карыстаньня надзеламі не прадугледжвае. Канфіскацыя ўчастка магчымая толькі ў выпадку грубага парушэньня будаўніча-тэхнічных нормаў з боку ўласьніка і адмовы іх выпраўляць. Пры гэтым скасаваньне пагадненьня адбываецца выключна ў судовым парадку».