Лукашэнка: Застаецца без адказу пытаньне пра саўдзельнікаў і заказчыкаў тэракту

Аляксандар Лукашэнка

Справа аб тэракце ў менскім мэтро павінна быць у кароткія тэрміны і якасна даведзена да суду.

Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, заслухоўваючы 22 красавіка даклад аб расьсьледаваньні тэракту, перадае Інтэрфакс.

Ён адзначыў, што, затрымаўшы падазраваных у тэракце ў менскім мэтро, праваахоўным органам удалося прадухіліць некалькі падобных падзей.

"Застаецца без адказу пытаньне пра саўдзельнікаў і заказчыкаў, калі яны, вядома, ёсьць. На будучыню нам ні ў якім разе нельга дапусьціць падобнае, але для гэтага вельмі важна знайсьці людзей, якія хоць неяк былі датычныя да гэтага злачынства. Мы павінны фіксаваць вельмі сур'ёзна гэтыя факты.

Нам ні ў якім разе нельга дапускаць як паслабленьня, так і нейкіх празьмернасьцяў у гэтай крымінальнай справе. Таму што гэта асаблівая крымінальная справа, і яна застанецца ня проста ў архівах, але і ў гісторыі нашай дзяржавы. Усё павінна быць па законе, сумленна і справядліва".

Лукашэнка загадаў разглядаць прамежкавыя вынікі ходу расьсьледаваньня штотыдзень.

"Я спрабую выбудаваць нейкую сыстэму свайго ўдзелу ў расьсьледаваньні тэракту. Я атрымліваю практычна ў рэжыме рэальнага часу інфармацыю ад апэратыўных груп, якія працуюць па гэтай крымінальнай справе. Для мяне важна трымаць руку на пульсе".