Нацбанк павялічыў стаўку рэфінансаваньня да 13 працэнтаў

Стаўка рэфінансаваньня Нацыянальнага банку Беларусі з 20 красавіка 2011 года павялічваецца з 12 працэнтаў да 13 працэнтаў гадавых. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ва упраўленьні інфармацыі Нацбанку.

Адпаведная пастанова нумар 127 ад 11 красавіка 2011 года прынята праўленьнем Нацыянальнага банку з улікам цяперашняга узроўню інфляцыі. Індэкс спажывецкіх цэн у сакавіку склаў 101,9, асноўнымі прычынамі яго росту стала павелічэньне цэн на бэнзін і шэраг харчовых тавараў.

Павышэньне узроўню стаўкі рэфінансаваньня і, адпаведна, працэнтных ставак па ўкладах у беларускіх рублях стане дадатковай мерай па падтрыманьню дадатнага значэньня рэальных ставак грашовага рынку і стымуляваньню прытоку зьберажэньняў у банкі.

Нацыянальны банк і далей прадоўжыць падтрымліваць узровень працэнтных ставак, які забясьпечвае захаванасьць і прывабнасьць рублёвых укладаў насельніцтва і арганізацый у банках, а таксама садзейнічае умацаваньню фінансавай стабільнасьці з улікам разьвіцьця зьнешніх і унутраных эканамічных працэсаў, адзначылі ва ўпраўленьні інфармацыі Нацбанку.

Нагадаем, апошні раз стаўка рэфінансаваньня Нацыянальнага банку Беларусі падвышалася 16 сакавіка 2011 года на 1,5 працэнтнага пункта да 12 працэнтаў гадавых.