Тэма грамадзкага рэдактара: беларускія турмы (ч.3)

Грамадзкі рэдактар мінулага тыдня Мікалай Аўтуховіч замовіў нашым карэспандэнтам дасьледаваць тэму: беларуская турма – гэта інстытут прававой дзяржавы ці мэханізм рэжыму для падпарадкаваньня людзей?

Князю Крапоткіну й ня сьнілася тое, што выпала бізнэсоўцу Леванеўскаму

Пакараньні вязьняў за парушэньні дысцыпліны і парадку рэглямэнтуе Крымінальны выканаўчы кодэкс Беларусі. Аднак паводле зьвестак, у папраўчых установах шырока ужываюць і непрадугледжаныя “захады ўзьдзеяньня”.

Славуты змагар з царскім рэжымам князь Пётар Крапоткін згадваў пра два гады, праведзеныя за кратамі Петрапаўлаўскай крэпасьці: асноўнай карай была няволя і адзінота. Што да ахоўнікаў, тыя маглі ня даць паперу, асадку і чарніла, але рэвалюцыянэр пратэставаў і – выдавалі. Пра катаваньні ці зьдзекі ахоўнікаў Крапоткін нічога не напісаў.

А як у сёньняшніх беларускіх турмах і калёніях узьдзейнічаюць на гэтак званых парушальнікаў рэжыму?

Валер Леванеўскі сядзеў у трох ізалятарах і калёніях.

“Могуць пазбавіць спатканьня, абмежаваць ў атрыманьні харчоў, даць вымову, якая залічыцца ў выпадку амністыі, ці прызначыць без чаргі дзяжурыць. І галоўнае – зьмясьціць у “памяшканьне камэрнага тыпу”, па-турэмнаму “шызо” – турма ў турме”.

Аднак, паводле прадпрымальніка, акрамя пакараньняў, якія прадугледжаныя Кодэксам, ужываюць шмат іншых, прыдуманых адміністрацыяй пэўнай ўстановы.

“Прыкладам, мяне зьмяшчалі ў “шызо” і рабілі гэтак, што не працавала каналізацыя. Сьмярдзела на ўсю камэру, і ў такіх умовах я мусіў знаходзіцца некалькі дзён. Казалі, што ня могуць адрамантаваць. І нават не давалі асадку і паперу, каб напісаць скаргу”.

За першыя дзевяць месяцаў мінулага году пракуратур разгледзела больш за 1 700 зваротаў грамадзянаў па пытаньнях захаваньня закону пры выкананьні пакараньня. Дык вось зь іх было задаволена толькі 200 зваротаў.

Згадвае адзін зь першых палітвязьняў Беларусі А.Шыдлоўскі:

“Усіх вязьняў выганяюць на калідор і ставяць на „расьцяжку“. „Расьцяжка“ — гэта калі твае рукі ўпіраюцца ў сьцяну ў паўмэтры ад падлогі, а шырока расстаўленыя ногі — у падлогу. Такая пазыцыя цела вельмі стамляе, і зэкі часта падаюць. Тады іх ударамі ног прымушаюць заняць „зыходную“. У гэты час адзін з ахоўнікаў адчыняе кран з халоднаю вадою і накіроўвае струмень на падлогу. Вада ліецца, пакуль не дасягне вышыні ганку. Тады зэкам загадваюць зьняць абутак і босымі нагамі на бэтоннай падлозе, на 7–8 сантымэтраў у ледзяной вадзе — стаяць у камэры. Натуральна, што ўсе ўласныя рэчы, якія захоўваюцца заўсёды пад нарамі, прамакаюць дазваньня. Пасьля ахоўнік загадвае ўзяць свае кубкі для гарбаты, чэрпаць імі ваду і бруд з падлогі і выліваць у прыбіральню. На гэтую „апэрацыю“ даецца 20–30 хвілін, калі ж не пасьпяваеш, „водная працэдура“ паўтараецца. Звычайна пасьля такіх „прыборак“ палова камэры хварэе.

Адзін з ахоўнікаў апрануў сабаку на галаву сваю вайсковую шапку. Такім чынам, сабака выконваў ролю ахоўніка і, калі яго торгалі за повад, гучна брахаў, а мы павінны былі яму адказваць:
— Здрасьце, гражданін начальнік!
Так працягвалася хвілін трыццаць...”


Жалезная клетка для жанчын-"парушальніц"

За якія правіннасьці могуць пакараць у беларускай калёніі? Летась былому кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Казуліну далі вымову. Фармальна – за спрэчку з ахоўнікам. Насамрэч – што днём прылёг на ложак.

Вымова можа стаць перашкодай для датэрміновага вызваленьня палітыка. Палітвязень Уладзімер Кудзінаў згадвае, як атрымаў карцэр за паленьне ў мэтры ад прызначанага месца. Вельмі часта вязьняў караюць за “нестатутнае” для турмы адзеньне. Апрануў зімой швэдар пад турэмную робу – ужо парушэньне.

Праваабаронца Кацярына Садоўская, якая год адбыла ў гомельскай жаночай калёніі, распавяла пра жанчын, якіх каралі за спартовыя нагавіцы.

“Каля санчасьці ёсьць агароджа з жалезных прутоў: паўтара на паўтара мэтра. Калі холадна, жанчыны паддзяваюць спартовыя штаны. А некаторым з адміністрацыі гэта не падабаецца, загадваюць зьняць. А каму хочацца прастужацца? Некаторыя адмаўляюцца. І тады іх саджаюць у гэтую клетку на гадзіну, дзьве. Незалежна ад таго, ідзе дождж ці сьнег. Вось і стаяць гэтыя нашы бедныя жанчынкі... Ня тое сказала, ня тое зрабіла – таксама ў клетку”.

“Гэта яе асабістае ўражаньне. У нас такіх клетак і такіх жахаў няма”, – пракамэнтаваў зьвесткі Кацярыны Садоўскай адносна парадкаў у Гомельскай жаночай калёніі намесьнік начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Юры Баранкоў.

Пакараньне можа быць зьвязана ня толькі з холадам ці голадам. Былы дэпутат Валер Шчукін, які спазнаў і карцэр, і зьбіцьцё, кажа што найбольш чапляюць не фізычныя, а маральныя пакуты. У Жодзінскай калёніі апазацыянэру гвалтоўна пагалілі бараду.

“Мне адмірал ня мог загадаць пагаліцца, а тут мальцы-сяржанты зьвязалі і пагалілі тупым лязом”, – абураецца капітан другога рангу у адстаўцы Валер Шчукін. Ягоны афіцэрскі гонар “закіпае” і адносна зьдзекаў над жанчынамі.

“Жанчын трымаюць у карцэры, а ахоўваюць іх мужчыны. Яны як ахоўнікі мусяць назіраць за вязьнем праз “вочка”, у тым ліку і тады, калі чалавек карыстаецца туалетам. А там жа жанчыны. Але і гэта ня самае галоўнае. У жанчын свае фізіялягічныя праблемы, і вось жанчына пытаецца, куды ёй падзець тую пракладку, бо ў камэры выкінуць няма куды. Ёй: “Кідай у калідор!” Для жанчыны няма горшага маральнага зьдзеку, гэта жахліва. Дзьве гэтыя гісторыі найбольш зачапілі і не забываюцца”.

Чаму сыстэма “саматужных” пакараньняў такая жывучая? Праваабаронца Гары Паганяйла перакананы, што для адміністрацыі нават больш важная магчымасьць адмены пакараньня. “Такім чынам стымулююць стукацтва, а безь яго нашы турэмшчыкі працаваць ня могуць”, – перакананы Гары Паганяйла. Праваабаронца заклікае агалошваць усе вядомыя факты парушэньня правоў вязьняў і дамагацца праверак калёній незалежнымі камісіямі.

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў запэўнілі: “Усе вашы скаргі будуць разгледжаны”. Аднак былыя вязьні кажуць, што галоўнае адрэагаваць на скаргі саміх вязьняў, але іх звароты да Дэпартамэнту не даходзяць.