"У душы кожны з нас верыць і на нешта спадзяецца"

Як вы сьвяткуеце сьвята Божага Нараджэньня? На гэтае пытаньне адказвалі мінакі на праспэкце Незалежнасьці.
Спадар: “Ну, сьвята як сьвята. Нічога такога”.
Спадарыня: “А для мяне гэта сьвята. Для мяне яно шмат чаго азначае, паколькі я праваслаўная і прытрымліваюся праваслаўных сьвятаў. Шчыра скажу, што не заўсёды трымаю пост, але ў царкву хаджу часта. Абавязкова пайду ў царкву, а потым сьвяточны стол. Паспрабую нават два разы схадзіць. Потым буду віншаваць сваіх знаёмых і сваякоў”.
Спадарыня: “У душы кожны з нас верыць і на нешта спадзяецца. Так і я ў нешта веру”.
Спадар: “Жонка мая сьвяточны стол рыхтуе. Ну, бабку дакладна робіць. Гэта бульба, туды сала і ў духоўку. Сьвяточная вячэра”.
Спадар: “Папросту выходны дзень. Дома сяджу і гляджу тэлевізар”.
Спадар: "Я не адзначаю ніколі. Так склалася. Сям’я адзначае, а я асабіста – не”.
Спадар: “Я адзначаю каталіцкае сьвята Божага Нараджэньня не таму, што я каталік. Папросту ў нас галоўнае сьвята ў адрозьненьне ад іншага сьвету – гэта Новы год. Калі Нараджэньне ідзе пасьля Новага году, то ўспрымаецца спакойна, бо людзі стаміліся ад асноўнага сьвята. Ужо ня так цікава і адзначаць ужо ня хочацца”.
Спадарыня: “Раблю сьвяточную вячэру з дванаццаці блюд, як трэба”.
Спадарыня: “Дома з сям’ёй. Курыцу фаршырую, карпа. Даводзіцца... І шампанскае з ікрой”.
Студэнт: “Цяпер не атрымліваецца. Сэсія”.
Студэнтка: “Экзамэны ў гэты час”.
Спадар: “Зь сям’ёй адзначаю.Усё як трэба”.
Спадарыня: “Выходны... Сьвята...”
Спадар: “Своеасабліва... У мяне ў гэты дзень брат памёр. У царкву хаджу, але зь іншай нагоды”.
Спадарыня: “Мы куцьцю абавязкова варым. У мяне дзеці вельмі любяць. Вару з пшаніцы. З арэхамі і з макам. Як заўсёды. Халадзец, галубцы, мяса запякаем...”.
Спадарыня: “Куцьцю гатую ўвечары з ячнай крупы”.
Пэнсіянэр: “А як жа без закускі?”
Спадар: “Што Бог пашле... Ну, па грошах. Хацелася б лепей, але заробку на каньяк не хапае”.
Спадар: “Адзначаю 25-га. Зьбіраемся ўвечары за сталом. Звычайныя стравы. Нічога такога адмысловага ня робім. Традыцыйны сьвяточны стол. Пост не трымаю”.