КДБ цікавіцца замежнымі паездкамі студэнтаў

Супрацоўнікі КДБ цікавяцца замежнымі паездкамі беларускіх студэнтаў. Яны тэлефануюць актывістам моладзевага дэмакратычнага руху і прапануюць ім сустрэчы ў службовых кабінэтах ці на вуліцы. Летась супрацоўнікі КДБ дапыталі дзясяткі сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, каб тыя далі паказаньні супраць актывістаў арганізацыі і распавялі пра яе дзейнасьць.

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры Тацяна Цішкевіч апавяла “Свабодзе”, што ёй патэлефанаваў супрацоўнік КДБ і прапанаваў сустрэчу:

“Мне патэлефанаваў супрацоўнік КДБ і толькі пасьля маёй просьбы прадставіўся як Вадзім Піскуноў. Ён казаў, што яму неабходна паразмаўляць са мной наконт замежных паездак. Нават прапанаваў сустрэцца дзе-небудзь у горадзе, калі ў мяне мала часу. Цягам году я была ў Польшчы, Літве і ва Ўкраіне. Я разумею, што супрацоўнікаў КДБ цікавіць гэтая тэма, бо асноўныя ўдзельнікі такіх мерапрыемстваў — моладзь”.

Летась у траўні Тацяну Цішкевіч зьбілі спэцназаўцы падчас разгону моладзевай акцыі супраць скасаваньня льготаў. 16 жніўня яе зноў зьбілі, калі разганялі акцыю салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў. Тацяна трапіла ў шпіталь са страсеньнем мазгоў, шматлікімі пабоямі і запаленьнем нырак. Дзяўчына вучыцца на другім курсе Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры на трэнэра коннага спорту.

Летась Тацяна была ва Ўкраіне, Літве і Польшчы. Яна апавяла, што ад яе сяброўкі іншы супрацоўнік КДБ таксама намагаўся выведаць інфармацыю.

“Днямі кадэбэшнік тэлефанаваў маёй сяброўцы і прапаноўваў ёй сустрэчу. Ён прадставіўся Андрэем. Прозьвішча ён не казаў, а прапаноўваў прыйсьці ў КДБ са службовага ўваходу, дзе ён яе сустрэне, ці ў кабінэт № 17 на трэцім паверсе”.

Актывістка моладзі партыі БНФ Наста Александровіч паведаміла “Свабодзе”, што супрацоўнікі КДБ перш за ўсё імкнуцца завязаць кантакты з “навічкамі”, якія нядаўна сталі сябрамі незарэгістраваных моладзевых арганізацый.

“Для актывістаў беларускай апазыцыі ладзяцца разнастайныя навучальныя сэмінары. Спэцслужбы таксама пра гэта ведаюць. Зразумела, што іх цікавяць тэмы сэмінараў і іх удзельнікі. Супрацоўнікі КДБ, напэўна, шукаюць лёгкія крыніцы інфармацыі. Склалася такая практыка ў іх: шукаць новых людзей і ладзіць зь імі размовы. Такія размовы могуць быць як у навучальных установах, так і, як гэта было з актывістамі моладзі БНФ, у аэрапорце. Пыталіся пра тэму сэмінару і пра тое, чым яны займаліся за мяжой”.

Сёлета ў дзяржаўных унівэрсытэтах захоўваецца практыка, паводле якой студэнт мусіць браць у дэканаце дазвол на замежную паездку. Калі школьнік зьбярэцца за мяжу, аналягічную даведку яму павінен выдаць дырэктар школы. Апроч таго, непаўналетняга без даведкі ад бацькоў, засьведчанай натарыюсам, за мяжу не прапусьцяць.