Хто ўвайшоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў?

Алесь Дашчынскі, Менск У Беларусі створаны ўсе 165 тэрытарыяльных камісій па выбарах прэзыдэнта Беларусі. Сярод іх 6 абласных і менская гарадзкая, 118 раённых, 16 гарадзкіх і 24 раённых у гарадах. Кожная камісія ўключае максымальную колькасьць сяброў – па 13 чалавек. Аднак у склад камісій не патрапілі прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі.
Паводле Цэнтарвыбаркаму, самае вялікае прадстаўніцтва ў камісіях мае Камуністычная партыя Беларусі, у яе 47 сяброў. Сярод грамадзкіх арганізацый па колькасьці прадстаўнікоў у камісіях лідзіруе Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі. У яе агулам 147 чалавек. БРСМ мае 125 прадстаўнікоў у камісіях. Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў і Саюз жанчын маюць разам больш за сто чалавек.

Большая частка прадстаўнікоў, якія патрапілі ў камісіі вылучаныя былі ня партыямі і грамадзкімі аб’яднаньнямі, а шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў. Амаль 10 працэнтаў складу камсіяў ёсьць супрацоўнікі мясцовых органаў улады, дзяржаўныя служачыя – амаль 23 працэнты, працаўнікі сфэры адукацыі больш за 12 працэнтаў.

Апазыцыя ў склад тэрытарыяльных камісій ня трапіла. Партыя БНФ, АГП, ПКБ, БСДП(Грамада) ня маюць ніводнага сябра ў камісіях, хаця падавалі сваіх кандыдатаў. Калі аналізаваць сытуацыю адносна прэтэндэнтаў у кандыдаты, то паводле кіраўніка штабу Аляксандра Казуліна Мечыслава Грыба, у склад камісій фактычна патрапілі прадстаўнікі толькі двух прэтэндэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Гайдукевіча. Астатнія шэсьць ня маюць сваіх прадстаўнікоў. Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, такая сытуацыя не абмяжоўвае ў нейкіх правах прэтэндэнтаў.

(Ярмошына: ) “Не абмяжоўваюць, таму што ўсе выбарчыя камісіі незалежна ад палітычных поглядаў сябраў камісіі, абавязаны абсалютна аднолькава адносіцца да ўсіх прэтэндэнтаў. І сябры камісій не надзеленыя правам абараняць правы тых ці іншых кандыдатаў. Больш за тое, гэта ім катэгарычна забараняецца”.

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі не прапаноўвала. Яна разьлічвае патрапіць у склад участковых выбарчых камісій, якія непасрэдна працуюць зь бюлетэнямі. Аднак, мяркуючы па выніках фармаваньня тэрытарыяльных камісій, гэтак жа улады могуць не прапусьціць апазыцыю і ў склад участковых камісіяў. Актывіст КХП/БНФ Валеры Буйвал у гэтай сытуацыі зноў нагадвае пра неабходнасьць правядзеньня народнага галасаваньня.

(Буйвал: ) “Самае галоўнае, каб нашы людзі цяпер зразумелі, што трэба рабіць, чаму трэба рабіць народнае галасаваньне, не спадзявацца на правілы, якія дыктуе гэты рэжым. Народнае галасаваньне: выбаршчык прыходзіць на выбарчы ўчастак, рэгіструецца ў сьпісах выбарнікаў, бярэ бюлетэнь рэжыму, заходзіць у кабінку для галасаваньня, кладзе бюлетэнь рэжыму ў кішэню, дастае свой падрыхтаваны бюлетэнь, дзе напісаны прозьвішча народнага кандыдата, і ён галасуе, кідае гэты бюлетэнь у ўрну. Выносіць з сабой бюлетэнь рэжыму, каб потым прадставіць яго нацыянальнай выбарчай камісіі. Такім чынам, рэжыму ня ўдасца сфальшаваць вынікі выбарчай кампаніі”.

Пасьля азнаямленьня з вынікамі фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў кіраўнік штабу кандыдата аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін заявіў: “Улады не зьбіраюцца праводзіць свабодныя і празрыстыя выбары. Гэта сьведчыць аб тым, што ёсьць вельмі сур’ёзныя падазрэньні, што ўлада рыхтуецца да шырокамаштабнага фальшаваньня выбараў. Інакш ніяк нельга камэнтаваць гэтыя дзеяньні”.