Гэлап: за Лукашэнку гатовыя галасаваць 53%, за Мілінкевіча – 21%

Радыё Свабода Напачатку перадвыбарчай кампаніі розныя сацыялягічныя цэнтры падаюць розныя лічбы папулярнасьці прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду.
Паводле апытаньня, праведзенага ў лістападзе-сьнежні цэнтрам “ЭКООМ”, за Аляксандра Лукашэнку гатовыя галасаваць тры чвэрці беларускіх грамадзянаў. А за кожнага зь ягоных апанэнтаў выказалася менш за 3% апытаных.

А вось паводле Балтыйскай філіі службы Гэлапа (Gallup) сытуацыя не настолькі адназначная. Адказваючы на адкрытае пытаньне, калі апытаныя павінныя былі самі ўпісаць прозьвішча кандыдата, за якога яны хочуць галасаваць, 53.1% назвалі Лукашэнку, 10.1% – Аляксандра Мілінікевіча, 2% – Анатоля Лябедзьку.

На закрытае пытаньне, які выбар Вы б зрабілі паміж Лукашэнкам і Мілінкевічам, кіраўніку дзяржавы аддалі перавагу тыя ж 53%, а вось рэйтынг кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі склаў 21%.

У апытаньні, праведзеным у сьнежні пры садзеяньні групы прафэсара Манаева, ізноў жа адказваючы на адкрытае пытаньне, 53% апытаных напісалі прозьвішча Лукашэнкі, 6.6% – Мілінкевіча, менш за 3% – Казуліна.

У адказах пытаньні “Які выбар Вы зробіце паміж Лукашэнкам і Мілінкевічам, Лукашэнкам і Казуліным, Лукашэнкам і Пазьняком” найлепшыя з апазыцыйных кандыдатаў аказаліся ізноў жа ў Мілінкевіча.

У пары Лукашэнка–Мілінкевіч за кіраўніка дзяржавы былі гатовыя аддаць свае галасы 55% апытаных, а за Мілінкевіча – 18%. У пары Лукашэнка–Пазьняк за лідэра Кансэрватыўна-Хрысьцянскай партыі БНФ выказаў гатоўнасьць прагаласаваць кожны дзесяты апытаны, у пары Лукашэнка–Казулін былому рэктару БДУ аддалі перавагу 8% рэспандэнтаў.