У Горадні ліквідавалі “Таварыства вышэйшай беларускай школы”

rfe/rl Гарадзенскі абласны суд на ініцыятыву ўправы юстыцыі аблвыканкаму ліквідаваў гарадзкое грамадзкае аб’яднаньне “Таварыства вышэйшай беларускай школы”. Кіраўнік арганізацыі – прафэсар Алесь Астроўскі – ня быў нават запрошаны ў суд, ён толькі атрымаў па пошце судовае рашэньне.
У заяве ўправы юстыцыі, прадстаўленай у суд, адзначалася: грамадзкае аб’яднаньне “Таварыства вышэйшай беларускай школы” не прайшло перарэгістрацыю ў сувязі з указам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 траўня 2005 года № 247 “Аб дадатковых мерах па ўпарадкаваньні выкарыстаньня слоў “нацыянальны” і “беларускі”. У судзе прадстаўнік Гарадзенскага аблвыканкаму настойваў, што далейшая дзейнасьць арганізацыі зьяўляецца незаконнай і таму павінна быць забароненай.

Прафэсар мэдыцынскага ўнівэрсытэту спадар Астроўскі, у сваю чаргу, кажа, што ён ня ведаў пра выдадзены прэзыдэнтам указ, бо на той час, калі гэты дакумэнт зьявіўся, у яго была сэсія, а па-другое, кіраўніка ТВБШ наагул не запрасілі на судовае паседжаньне:

(Астроўскі: ) «Фармальна, канечне, ёсьць віна і з майго боку, што гэта сытуацыя была прапушчана, але, з другога боку, быў суд аб ліквідацыі арганізацыі, на які мяне не запрасілі. Суд быў адкрыты і згодна з пратаколамі, якія я атрымаў, я павінен быў на ім прысутнічаць, але мяне ізноў такі ніхто аб гэтым не папярэдзіў».

У сваю чаргу прадстаўнік Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Хілюта кажа: папярэджаньні “Таварыству вышэйшай беларускай школы” выносіліся і раней, аднак ТВБШ нельга было знайсьці:

(Хілюта: ) «Калі б у іх папярэджаньне было толькі за ўжываньне слова «беларускай», то пакараньне было б іншым, але мы выносілі папярэджаньні пісьмова і раней, шукалі іх па юрыдычным адрасе, але гэта не дало вынікаў. Таму кіраўніцтва прыняло рашэньне накіраваць справу ў суд, а ўжо суд прымаў рашэньне аб спыненьні дзейнасьці гэтай арганізацыі».

“Таварыства вышэйшай беларускай школы” існавала толькі ў адным горадзе Беларусі – Горадні. Рэальна ТВБШ пачало дзейнічаць з 1996 году, калі прафэсар Астроўскі сабраў больш за 70 выкладчыкаў трох ВНУ, каб нейкім чынам адрэагаваць на вынікі рэфэрэндуму 1995 году. Летась зьмяніўся статут арганізацыі, і прайшла яе перарэгістрацыя. Прафэсар Алесь Астроўскі лічыць, што гэта была ўнікальная структура.

(Астроўскі: ) «Гісторыя арганізацыі, калі б мы ўвайшлі ў 2006 год, налічвала б ужо 10 гадоў, і мы маглі б сьвяткаваць юбілей. Мы з усіх сілаў імкнуліся падтрымаць выкладчыкаў, якія выкладалі прадметы па-беларуску і на высокім прафэсійным узроўні. Імкнуліся выявіць найлепшыя падручнікі і мэтадычныя дапаможнікі, напісаныя на беларускай мове. Гэтым самым падтрымаць выкладчыкаў, паказаць, што яны запатрабаваныя”.

Прафэсар Астроўскі мае намер правесьці сход Таварыства для таго, каб абмеркаваць далейшыя дзеяньні.