Актывістаў СПБ затрымалі на Гарадзеншчыне

Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ўвечары памежнікі затрымалі трох актывістаў Саюзу палякаў на Беларусі (СПБ), непрызнаванага ўладамі. Гэта адбылося на пад’езьдзе на мястэчка Сапоцкін Гарадзенскага раёну.
У Сапоцкін на калядную сустрэчу з актывістамі СПБ ехалі галоўны рэдактар газэты “Glos znad Niemna у эміграцыі” Анджэй Пісальнік, галоўны рэдактар часопіса “Magazyn Polski” Андрэй Пачобут ды кіроўца Анджэй Лісоўскі.

Супрацоўнікі памежнай службы затрымалі польскіх актывістаў і склалі на іх адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне рэжыму знаходжаньня ў памежнай зоне і адпусьцілі. Пратаколы 5 студзеня мае разгледзець начальнік Гарадзенскага памежнага атраду.