Сытуацыя з правамі беларускіх прафсаюзаў найбольш складаная ў Эўропе

Радыё Свабода “Беларусь, Зымбабвэ, Нігерыя, Вэнэсуэла, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Іран, М’янма, Кітай і Філіпіны належаць да краінаў, дзе найбольш цяжкая сытуацыя з правамі прафсаюзаў”, — вынікае са справаздачы віцэ-прэзыдэнта аўстрыйскіх прафсаюзаў Рэнаты Чэргіч, якую гэтая вядомая дзяячка падрыхтавала адмыслова на даручэньне Міжнароднага кангрэсу прафсаюзаў (IBFG).
Паводле спадарыні Рэнаты Чэргіч, права на стварэньне прафсаюзаў, актыўнага ўдзелу ў іх ёсьць адным з важнейшых правоў працоўнага чалавека. Апошні час у шэрагу краінаў сьвету назіраецца шмат парушэньняў у гэтай галіне — моцна ціснуць на незалежныя прафсаюзы дзяржаўныя структуры, перасьледуюць непажаданых прафсаюзных лідэраў, запалохваюць прафсаюзных сябраў.

Як вынікае са справаздачы вядомай аўстрыйскай прафсаюзнай дзяячкі, галоўным парушальнікам правоў прафсаюзаў у Беларусі ёсьць урад. Гэтым беларуская сытуацыя істотна адрозьніваецца ад іншых эўрапейскіх краінаў, дзе падобнымі парушальнікамі звычайна зьяўляюцца працадаўцы.

Як сьведчыць спадарыня Чэргіч, сытуацыя з правамі прафсаюзаў у Беларусі нагадвае савецкі час — прафсаюзы цалкам падкантрольныя ўраду.