КХП-БНФ зьвярнулася ў пракуратуру з нагоды інтэрвію Л.Ярмошынай

RFE/RL Намесьнік Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі зьвярнуўся з заявай у пракуратуру Беларусі з нагоды інтэрвію старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай газэце “Обозреватель” , у якім яна заявіла, што “юрыдычна спадар Пазьняк не мае права прымаць удзел у гэтых прэзыдэнцкіх выбарах”.
У заяве адзначаецца, што “выказваньні спадарыні Ярмошынай не адпавядаюць рэаліям, Рашэньню № Р-120/2001 Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, маюць тэндэцыйны палітычны характар і зроблены відавочна з мэтай папярэдняга інфармацыйнага ўціску на сябраў ЦВК для прыняцьця незаконнага рашэньня. Дзеяньні спадарыні Ярмошынай ёсьць злоўжываньне службовым становішчам, парушаюць артыкул 47 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і патрабуюць рэагаваньня з боку Пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Мы расцэньваем гэтае выказваньне, зробленае службовай асобай, якая займае пасаду кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі як знак таго, што кіруючы рэжым пры правядзеньні выбарчай прзыдэнцкай кампаніі гатовы пераступіць праз закон , мараль і элементарную прыстойнасьць”.

Зянон Пазьняк выехаў з Беларусі ў траўні 1996 году, у жніўні таго ж году атрымаў палітычны прытулак у ЗША. Ён не афармляў у Беларусі дакумэнтаў на пастаяннае месца жыхарства за мяжой, захоўвае беларускае грамадзянства і менскую прапіску – што і было падставай для рашэньня Канстытуцыйнага Суда ў 2001 годзе аб магчымасьці ягонага ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.