На сына палітвязьня Леванеўскага міліцыянты склалі два пратаколы

Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня міліцыянты затрымалі Ўладзімера Леванеўскага — сына палітвязьня Валерыя Леванеўскага. Хлопца даставілі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі Горадні, там склалі два пратаколы, што датычаць бюлетэня “Предприниматель”, які ён меў пры сабе. Пасьля гэтага Ўладзімера адпусьцілі.
Мы з Уладзімерам Леванеўскім сустрэліся пасьля таго, як ён выйшаў з пастарунку. Ён расказаў, што яго затрымалі на Цэнтральным рынку прыблізна а 14-й гадзіне. Уладзімер гаворыць, што міліцыянты, якія нясуць службу на рынку, добра ведаюць яго ў твар і раней неаднойчы затрымлівалі. Калі яго затрымалі сёньня, ён не распаўсюджваў бюлетэнь “Предприниматель”, а проста меў пры сабе пачак гэтага выданьня.

(Леванеўскі:) “Там была інфармацыя рознага характару: заканадаўчыя акты адносна занятку бізнэсам, навіны, зьвязаныя з прадпрымальніцтвам, таксама зьвязаныя з маім бацькам, у тым ліку аб тым, што яго не пусьцілі з калёніі на пахаваньне ягонага бацькі, нашага дзядулі”.

Каля 250 асобнікаў бюлетэня ў Леванеўскага ў пастарунку забралі, сказаўшы, што будуць праводзіць экспэртызу, каб высьветліць — ці надрукаваны “Предприниматель” без парушэньняў заканадаўства? Міліцыянты склалі адзін пратакол аб канфіскацыі бюлетэня, другі — паводле трэцяй часткі артыкулу 172 адміністрацыйнага кодэксу, што датычыць распаўсюду друкаванай прадукцыі, якая ня мае выходных дадзеных. Хаця выходныя дадзеныя былі, гаворыць Уладзімер Леванеўскі.