“Нямецкай моладзі, выпускаючы яе з школы, давалі нож і казалі: “ідзі забівай..."

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 20 сьнежня
“Чырвоная змена”, 1945 год. Выступ Старшыні прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Н.Наталевіча на сустрэчы з маладымі выбаршчыкамі Менску:

“Нямецкай моладзі, выпускаючы яе з школы, давалі нож і казалі: “ідзі забівай, забівай усіх, не шкадуючы ні малога, ні старога”. Наша школа ўзбройвае маладога чалавека самымі перадавымі ведамі. І праводзіць яго ў жыццё словамі: “ідзі, твары, будуй, каб людзям жылося яшчэ лепш, каб яны не ведалі гора і пакут”… Наша моладзь акружана клопатамі совецкай улады і большэвіцкай партыі”.

“Вечерний Минск”, 1985 год:

“Сёлета ўлетку ў Менскі гарадзкі савет таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зьявіліся студэнты БДУ імя У.І.Леніна і тэатральна-мастацкага інстытуту з просьбай дазволіць ім паўдзельнічаць у рэстаўрацыйных працах у Траецкім прадмесьці. Мы вырашылі падтрымаць гэтую ініцыятыву. Пастаянна ўдзельнічаюць у работах сябры клюбу аматараў даўніны “Талака”, створанага на прапанову ініцыятараў пачынаньня. Сярод іх студэнты тэатральна-мастацкага інстытуту А.Костка і Г.Лойка, політэхнічнага — С.Кашуба, мэдычнага — А.Багдановіч, выхавацелька дзіцячага садка №376 В.Ефіменка, інжынэр МВА “Гранат” І.Вашкевіч”.

“Имя”, 1995 год. Юры Дракахруст прагназуе:

“Тое, што згода паміж галінамі ўлады малаверагодная, — гэта, бадай, і добра. Бо, улічваючы ўласьцівасьці парлямэнцкай большасьці, прыкладна зразумела, што магло б зрабіцца вынікам гэтага кансэнсусу. Напрыклад, ужо на першай прэс-канфэрэнцыі пасьля абраньня парлямэнту Васіль Новікаў заявіў, што варта вярнуцца да Закону аб друку і зрабіць яго больш жорсткім, павысіўшы адказнасьць журналістаў. Сказана гэта было ў кантэксьце абмеркаваньня хамскіх паводзінаў дзяржтэлебачаньня падчас перадвыбарчай кампаніі, але досьвед падказвае, што “павышэньне адказнасьці” ўдарыць найперш па незалежных СМІ”.